Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амэрыканскі паліттэхноляг: «Пры транзыце ўлады чалавек з прозьвішчам Лукашэнка ня мае шанцаў»


Віталь Шкляраў, фота з сацыяльных сетак

Віталь Шкляраў, беларускі грамадзянін, які жыве ў Вашынгтоне і працуе паліттэхнолягам, апавядае пра сваю працу ў кампаніях Барака Абамы і Бэрні Сандэрса, заяўляе, што Лукашэнка пакуль не задумваецца пра транзыт улады, і разважае пра вобраз чалавека, які можа стаць наступным прэзыдэнтам Беларусі.

  • Сьцісла:
  • Калі кандыдат не прадстаўнік дзейнай улады — то ні пра якія магчымасьці яму ці ёй праявіць сябе ў сёньняшняй Беларусі гаварыць нельга.
  • Лукашэнка жывы-здаровы і не зьбіраецца мяняць статус-кво.
  • Сцэнар дэмакратычных выбараў, калі кожны можа стаць кандыдатам, — нерэальны.
  • Мне падаецца, што ў Расеі Пуцін надоўга і ў нас Аляксандар Рыгоравіч яшчэ таксама надоўга.

Я адхіляю шанец на тое, што Лукашэнка захоча рэальных пераменаў ужо зараз

— Віталь, як беларускі грамадзянін стаў амэрыканскім палтітэхнолягам? Якім быў ваш шлях у гэтую загадкавую для многіх прафэсію?

— Гэта быў даволі доўгі шлях. Я вучыўся ў Нямеччыне, абараняў там сваю доктарскую, паводле спэцыяльнасьці я палітоляг. Даволі шмат валянтэрыў у розных палітычных кампаніях, і калі ты доўга чымсьці займаесься, табе пачынае ўдавацца. Я гадамі валянтэрыў і дапамагаў розным палітыкам, грамадзкім арганізацыям, дабрачынным фондам.
У выніку я нарэшце атрымаў першую аплачаную працу — у штабе Барака Абамы.

Я тады займаўся паліталёгіяй у нямецкім унівэрсытэце і ўпершыню пабачыў Абаму, які ў 2008 годзе ў рамках сваёй выбарчай кампаніі выступіў у Бэрліне перад некалькімі мільёнамі людзей. І я тады, можна сказаць, закахаўся ў ягоную манеру размовы, у гэты тыпаж палітыка, ягоную энэргетыку. І захацеў навучыцца гэтаму, папрацаваць зь ім. Я зразумеў, што так можна мяняць палітыку і мяняць жыцьці людзей.

— Наколькі мне вядома, вы працавалі і ў краінах, троху бліжэйшых да Беларусі — Украіне, Грузіі, Расеі. Каторая з гэтых працаў прынесла вам найбольшае задавальненьне ў сэнсе працэсу і вынікаў?

— Усе яны былі своеасаблівымі. У Грузіі гэта была мая першая кампанія, якую я дапамагаў весьці, ня ведаючы мясцовай мовы, і гэта было дастаткова цяжка.

Калі казаць пра выбарчую кампанію Абамы, то гэта была эпоха, калі ўсе былі закаханыя ў Абаму, і энэргетыка, якую ты адчуваеш, працуючы ў штабе першага афра-амэрыканскага прэзыдэнта, — непаўторная.

Аляксандар і Мікалай Лукашэнкі, Барак і Мішэль Абама, 2015 год
Аляксандар і Мікалай Лукашэнкі, Барак і Мішэль Абама, 2015 год

Прэзыдэнцкая кампанія Бэрні Сандэрса — гэта своеасаблівы рок- фэстываль, калі дзясяткі тысяч людзей прыходзяць на сустрэчы з кандыдатам як на рок-канцэрты, зусім іншы стыль у палітыцы.

Што ж да расейскіх выбарчых кампаніяў, то пару гадоў таму мы вялі каля тысячы незалежных муніцыпальных кандыдатаў у Маскве — гэта зусім іншы досьвед.

Усе гэтыя кампаніі былі па-свойму цяжкімі, кожная нечаму навучыла.

— Вы ўзгадалі кампанію патэнцыйнага кандыдата ў прэзыдэнты ад Дэмакратычнай партыі Бэрні Сандэрса, якія ў 2016-м саступіў у гэтай барацьбе Гілары Клінтан. Для вас як для чалавека з былога СССР, які памятае пра савецкае мінулае, ці не падаўся Бэрні занадта левым, занадта сацыялістычным?

— Так, ён вельмі левы, у яго некаторыя погляды своеасаблівыя. Але ж трэба разумець, у якім кантэксьце гэта адбываецца. Мы прывыклі да агульнай даступнай і бясплатнай адукацыі — і гэта ня ёсьць сацыялістычным перажыткам. Для нас і для большасьці краінаў Эўропы гэта норма, а для Амэрыкі — не. Траціна людзей у гэтай самай багатай краіне сьвету ня маюць магчымасьці вучыцца.

Дэкрэтны адпачынак для жанчыны ў ЗША можа складацца з 8 тыдняў, а ў Нямеччыне — 2-3 гады. То бок ёсьць процьма нюансаў, якія на палітычным узроўні ўзьняў менавіта Бэрні Сандэрс. Я вітаю тыя ідэі (ня ўсе), якія ён спрабуе артыкуляваць і ўкараніць.

Мне здаецца, што ў Расеі Пуцін надоўга, і ў нас Аляксандар Рыгоравіч яшчэ таксама надоўга.

— Вы нядаўна прыяжджалі ў Менск, бралі ўдзел у форуме «Менскі дыялёг». Што вас на гэты момант зьвязвае зь Беларусьсю з прафэсійнага гледзішча? Вы проста назіраеце за сытуацыяй ці ёсьць нейкія канкрэтныя працы і праекты?

— Гэта мая краіна, я беларускі грамадзянін, там жыве мая сям’я. Па-другое, кожная мая прысутнасьць мае галоўную мэту — жаданьне дапамагчы Беларусі ў пераменах. Па-трэцяе, маючы дастаткова шмат знаёмстваў, сувязяў і на Захадзе, і ў Расеі — я дапамагаю нашым палітыкам, грамадзкім дзеячам, апазыцыі. У гэтым сэнсе кожны мой прыезд — гэта форма дапамогі, кантактаў, пабудовы масткоў.

— Зараз ідзе парлямэнцкая кампанія, да якой ня вельмі шмат інтарэсу ў грамадзтве. Але налета будзе праходзіць прэзыдэнцкая кампанія, якая вызначае лёс краіны на гады наперад. Паколькі ўсе ведаюць, як у Беларусі праходзяць выбары — то пануе думка, што вынікі прэзыдэнцкай кампаніі загадзя вызначаныя і нічога не магчыма зьмяніць. Зь іншага боку, сацыяльнае напружаньне і незадаволенасьць уладай вельмі высокія. Калі б нехта зараз паставіў задачу змагацца за пасаду прэзыдэнта Беларусі ўсур’ёз і па-сапраўднаму, і калі б у гэтага кандыдата былі матэрыяльныя рэсурсы — былі б у яго шанцы?

— Мне падаецца, важна, хто б паставіў перад сабой такую задачу і якая была б пазыцыя на гэты конт дзейнага прэзыдэнта. У нас склалася пэўная палітычная сыстэма, якая не мяняецца 20-25 гадоў. Адпаведна, усякая палітычная актыўнасьць — гэта не пытаньне рэсурсаў, харызматыкі, грошай, рыторыкі альбо тэхналёгіі. Гэта пытаньне палітычнае.

Хто быў бы гэты чалавек, які пайшоў бы усур’ёз змагацца за ўладу? Мне падаецца, што на сёньня гэта пытаньне хутчэй тэарэтычнае. То бок калі такі кандыдат у сёньняшніх рэаліях не прадстаўнік дзейнай улады — то ні пра якія магчымасьці праявіць сябе ў сёньняшняй Беларусі гаварыць нельга. Мне падаецца, гэта дастаткова відавочны факт.

— Які варыянт транзыту ўлады выбера Аляксандар Лукашэнка? Ці ён на сёньня яшчэ і не задумваецца пра гэтую праблему?

— Я думаю, ён пра гэта пакуль не задумваецца. Ён жывы-здаровы і не зьбіраецца мяняць статус-кво. Калі 25 гадоў нічога не мянялася ў гэтым сэнсе, будзем лягічна меркаваць, што нічога і ў бліжэйшыя гады не зьменіцца, калі ня здарыцца нічога ў стане здароўя.

Які будзе варыянт транзыту — можна паразважаць. Усякі варыянт з Лукашэнкам альбо статус-кво не задаволіць Захад. Кожны з сыноў дзейснага прэзыдэнта, кожны чалавек з прозьвішчам Лукашэнка мае вельмі малыя, практычна нулявыя шанцы мець такую ж папулярнасьць, як дзейсны прэзыдэнт — і ў народзе, і ў сэнсе магчымасьці здабыць падтрымку Захаду і Расеі.

Транзытны варыянт, калі б ён пачаў ажыцьцяўляцца — мог бы быць толькі адзін. Гэта твар не з палітыкі, не зь цяперашняга дзяржаўнага палітыкуму. Гэта можа быць хтосьці малады, якому можа паверыць Захад — як рэфарматару, беларусы — як пачынальніку новай эпохі. І якому паверыць сам Лукашэнка, у цэлым дзейная ўлада — як чалавеку, здольнаму правесьці неабходныя рэформы ў краіне.

Кожны іншы сцэнар мне падаецца мала магчымым. Я адмятаю сцэнар анэксіі Беларусі, я таксама адхіляю сцэнар дэмакратычных выбараў, калі кожны можа стаць кандыдатам, і не лічу, што хтосьці з прадстаўнікоў сёньняшняй апазыцыі мае такі шанец. Таксама адхіляю шанец на тое, што Лукашэнка захоча рэальных пераменаў ужо зараз.

Мне падаецца, што ў Расеі Пуцін надоўга і ў нас Аляксандар Рыгоравіч яшчэ таксама надоўга. Можна толькі варажыць, якім будзе фармат транзыту. Але, мне падаецца, ён Лукашэнкам ужо абраны — адсутнасьць транзыту і ёсьць транзыт.

— Вы сказалі, што чалавек, які можа быць наступным пасьля Лукашэнкі, выйдзе не з палітычных колаў. Адкуль тады? Дзе яго знойдзе Лукашэнка?

— Я лічу, што чалавек, які будзе прыняты і Захадам як рэфарматар, чалавек, якога пачуе і прыме Ўсход, і, самае галоўнае, грамадзяне Беларусі — мне падаецца, павінен быць чалавекам ня зь дзейнай улады. Ці патрэбны такі чалавек Аляксандру Рыгоравічу? Гэта пытаньне да яго. Ці патрэбны такі чалавек Беларусі? Безумоўна, патрэбны.

Бо патрэбныя перамены, патрэбная падтрымка Захаду і Расеі, патрэбная свая незалежная палітыка, трэба ствараць свой незалежны беларускі капітал, і тады можна мець эканамічна моцную дзяржаву — тады можна не залежаць ад расейскіх газу і нафту.

Але каб правесьці ў краіне такія трансфармацыі, патрэбны моцны чалавек і палітык, якога прымуць па два ці тры бакі гэтага стала. Я думаю, што такога чалавека ў цяперашнім палітычным коле цяжка знайсьці. І наўрад ці яго захоча там шукаць прэзыдэнт, бо ўвесь палітычны спэктар яму знаёмы. Гэтая калода тасавалася ўжо ня раз. Калі б такі чалавек быў, то Аляксандар Рыгоравіч, будучы адчувальным палітыкам, такога чалавека даўно б уладкаваў пры сабе.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG