Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гайдукевіч будзе прадстаўляць „канструктыўную апазыцыю“, а Марзалюк — беларускамоўных»


Алег Гайдукевіч, старшыня Лібэральна-дэмакратычнай партыі
Алег Гайдукевіч, старшыня Лібэральна-дэмакратычнай партыі

Палітоляг Юры Чавусаў тлумачыць, чаму не зарэгістравалі кандыдатамі ў дэпутаты Анісім і Канапацкую, заяўляе, што Менск ужо не імкнецца «дэманстраваць прагрэс» Захаду, і прадказвае, як пройдзе наступная прэзыдэнцкая кампанія.

Сьцісла:

  • Калі нехта ўнутры апазыцыі набывае вагу — то яго (яе) трэба асадзіць.
  • Мы бачым актыўнасьць кішэнных партый, лялькавод якіх — выканаўчая ўлада.
  • Выглядае, што беларускаму рэжыму зараз ужо ня трэба паказваць прагрэс.
  • На прэзыдэнцкіх выбарах зьявяцца кандыдаты ад псэўдаапазыцыйных структураў.
  • Мандат цяпер можна атрымаць ня яркай выбарчай кампаніяй, а выключна з ласкі ўлады

— Якія асаблівасьці і заканамернасьці гэтай выбарчай кампаніі ўжо можна канстатаваць на гэты момант, пасьля стадыі рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты?

Юры Чавусаў
Юры Чавусаў

— Варта заўважыць, што яшчэ ня ўсе палітыкі, якім адмоўлена ў рэгістрацыі, прайшлі ўсе стадыі абскарджваньня, і практыка паказвае, што некаторыя падставы для адмовы ў рэгістрацыі пасьпяхова аспрэчваюцца праз суд. Але, сапраўды, некаторыя высновы рабіць ужо магчыма.

У дачыненьні да апазыцыйнага флянгу можна сказаць, што асноўная тэндэнцыя — гэта пастаноўка тых мэтаў, якія непасрэдна не зьвязаныя з дасягненьнем перамогі на выбарах. Некалькі суб’ектаў падчас гэтай кампаніі акцэнтуюць увагу на падрыхтоўцы да наступных прэзыдэнцкіх выбараў. Некаторыя суб’екты робяць акцэнт на назіраньні і дэманстрацыі тых парушэньняў, якія ёсьць падчас гэтай кампаніі, каб дамагчыся зьмены правілаў гульні. І ўсе разам папулярызуюць альбо пэрсанальныя брэнды, альбо назвы сваіх палітычных партыяў і структураў.

Віталь Цыганкоў
Віталь Цыганкоў

— Тое, што палітычныя суб’екты фіксуюцца на задачах, непасрэдна не зьвязаных з самой парлямэнцкай кампаніяй — гэта было вызначана апрыёры ці атрымалася ў выніку таго, што ўлады актыўна не рэгістравалі ў якасьці кандыдатаў многіх вядомых асобаў?

— Думаю, гэта плянавалася загадзя, а дзеяньні ўладаў толькі пацьвердзілі слушнасьць дадзенай стратэгіі. Безумоўна, рух «За свабоду», калі вылучаў кандыдатаў ад грамадзкага аб’яднаньня, разумеў адсутнасьць шанцаў на рэгістрацыю.

Пэўную ролю адыграў і эфэкт папярэдніх выбараў, калі высьветлілася, што шанцы атрымаць дэпутацкі мандат паўстаюць не праз эфэктыўную выбарчую кампанію — а з ласкі і рук дзеючай улады, не мяняючы пры гэтым сутнасьць сыстэмы маніпуляцыі. Гэта дало адваротны эфэкт — літаральна па пальцах адной рукі можна пералічыць тыя выбарчыя кампаніі, якія маюць на мэце здабыць адносную большасьць электарату па сваёй акрузе.

Паказальна, што няма спрэчак пра ідэалягічныя моманты. Нягледзячы на тое, што сярод кандыдатаў ёсьць прадстаўнікі «русского мира», — у публічнай прасторы дыскусій ідэйнага парадку дзіўным чынам няма.

— І пра што гэта сьведчыць? Пра тое, што людзі не ўспрымаюць гэтую выбарчую кампанію як выбары?

— Гэта сьведчыць, што гэты «тэхналягічны» падыход да выбараў (маўляў, выбараў няма, і таму мы проста праводзім палітычную кампанію) прыводзіць да таго, што выбараў сапраўды няма. І выбаршчыку цяпер складана разабрацца, хто тут праўладны кандыдат, а хто апазыцыйны.

— Некаторыя назіральнікі ўжо заявілі, што парлямэнт будзе стэрыльны. Наколькі вы падзяляеце такі погляд, зыходзячы з таго, што ўжо адбылося?

— Я бачу разыходжаньне ў трактоўках таго, што азначае нядопуск Анісім і Канапацкай. Ёсьць вэрсія, што яны за тры гады ў Палаце прадстаўнікоў займелі пэўную вагу, і таму іх трэба асадзіць. Гэта звыклая апэрацыйная тактыка ўладаў — калі нехта ўнутры апазыцыі набывае вагу, то яго (яе) трэба асадзіць. Менавіта гэтым была выклікана ў свой час дэманстратыўная пстрычка ў нос Тацяне Караткевіч, каля яна, былы кандыдат у прэзыдэнты, ідзе па акрузе, а там перамагае іншы апазыцыйны кандыдат.

Я схільны лічыць, што голас альтэрнатывы ў новым складзе Палаты прадстаўнікоў нехта будзе агучваць. Магчыма, гэта будзе не асоба, якая належыць да апазыцыйнай партыі, а нехта іншы. Той жа Гайдукевіч можа выконваць функцыю «канструктыўнай апазыцыі», Марзалюк — прадстаўляць беларускамоўную частку грамадзтва. Заўсёды можна знайсьці тых, хто будзе выконваць функцыю «Апазыцыі Яго Вялікасьці».

«Менск ужо не цікавіць зьнешняя ацэнка гэтых выбараў»

— Калі ў мінулы склад Палаты прайшлі Анісім і Канапацкая, то гэта разглядалася многімі найперш як крок насустрач Захаду. Тое, што цяпер іх не зарэгістравалі — ці азначае гэта, што афіцыйны Менск адчуў, што такія крокі ўжо не абавязковыя?

— Я б не надаваў вялікага значэньня таму ўзроўню адсеву апазыцыйных кандыдатаў, які назіраецца на гэтых выбарах. Калі на выбары 2012 году ішоў Аляксандар Мілінкевіч і ня быў зарэгістраваны — то ягоная вага была відавочна большая.

Больш дэманстратыўным быў этап фармаваньня выбарчых камісій, там была прадэманстравана нечуваная жорсткасьць падыходаў, улады не пайшлі ні на якія саступкі дэмакратычным партыям і грамадзкім аб’яднаньням. Беспрэцэдэнтная стэрыльнасьць акруговых камісій засьведчыла, што ўлады ніяк не арыентуюцца на зьнешнія ацэнкі гэтай кампаніі.

Урэшце, у гэтым няма нічога дзіўнага. Лукашэнка некалькі гадоў таму дэманстратыўна прыпыніў працэс разгляду тых рэкамэндацый, якія зрабілі назіральнікі АБСЭ па выніках мінулых кампаній. Тады гэта было сапраўды сэнсацыйна, нават ЦВК тады дэманстраваў жаданьне паказаць далейшы прагрэс, прынамсі ў зьнешнім выглядзе адпаведнасьці эўрапейскім стандартам. А пасьля гэты працэс спыніўся — і гэта ніяк не паўплывала на далейшае пацяпленьне адносін паміж эўрапейскімі сталіцамі і афіцыйным Менскам.

Там, канечне, ідзе торг, паміж беларускімі ўладамі і Эўропай. Але ці ёсьць прадметам гэтага торгу апазыцыя ў парлямэнце — я моцна сумняюся. Гаворка можа весьціся пра наяўнасьць «розных пунктаў гледжаньня» ў парлямэнце, і беларускі рэжым можа прадставіць тут у гэтай якасьці прадстаўнікоў ЛДПБ, камуністаў ды іншых.

— Усё ж Захад хацеў бы бачыць пэўны «прагрэс». Ці можна казаць, што Менск цяпер можа наладжваць адносіны з Захадам, ня робячы ніякіх істотных саступак ва ўнутраным жыцьці?

— Гледзячы што лічыць саступкамі. Калі паглядзець на колькасьць штрафаў журналістам (вельмі істотна зьменшылася), на колькасьць адміністратыўных арыштаў, якая таксама зьменшылася, — то гэта, мабыць, тое, што беларускі рэжым прад’яўляе Захаду, што мы сябе стрымліваем і не адыходзім ад «лібэралізацыі». Выглядае, што беларускаму рэжыму зараз ужо ня трэба паказваць прагрэс. Яму дастаткова толькі паказваць адсутнасьць моцных эксцэсаў — не хапаць людзей на вуліцах, ня кідаць іх за краты.

— Калі зьвязваць гэтую кампанію зь іншымі палітычнымі падзеямі, то, натуральна, большую важнасьць для палітычных сілаў мае будучая прэзыдэнцкая кампанія. Стратэгія і тактыка палітычных сілаў падчас парлямэнцкіх выбараў — ці крок гэта да прэзыдэнцкіх выбараў?

— Тактыку ўладаў я б разглядаў як працяг пэўных трэндаў, якія былі заўважаныя і падчас папярэдніх кампаній. Мы бачым большую ступень рэанімацыі кішэнных партый, лялькавод якіх — выканаўчая ўлада. Мы бачым нават канкурэнцыю паміж гэтымі партыямі. Даходзіць да таго, што ад Камуністычнай партыі Беларусі балятуецца па некалькі чалавек у адной акрузе.

Нам трэба быць гатовымі да таго, што на прэзыдэнцкіх выбарах будзе некалькі кандыдатаў, якія будуць прадстаўляць псэўдаапазыцыйныя структуры. Ня выключана, што хтосьці зь іх будзе казаць, які ён беларускі патрыёт. Мы бачылі прыкметы гэтага ў выбарчай кампаніі 2015 году. І мне падаецца, што такая тактыка будзе працягвацца і ўзмацняцца.

Выбаршчыку павінна быць цікава назіраць за выступамі кандыдатаў у прэзыдэнты, дзівіцца на тое, якія яны разнастайныя. А ў выніку гэтай захапляльнай працэдуры пераможа ўсё той жа, дастаткова пажылы ўжо дзейны беларускі лідэр.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG