Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цапкала выказаў стаўленьне да акумулятарнага заводу, «Табакерак» і нацыянальнай сымболікі


Валер Цапкала на зборы подпісаў.
Валер Цапкала на зборы подпісаў.

Прэтэндэнт на пасаду прэзыдэнта Валер Цапкала 1 чэрвеня пабываў у Берасьці разам з жонкай Веранікай і сустрэўся з гараджанамі на сваім пікеце на вуліцы Савецкай.

Сустрэча пачалася ў 18.00 каля кінатэатра «Беларусь і працягвалася 100 хвілін», паведамляе TUT.BY. За гэты час жыхары горада змаглі задаць прэтэндэнту ў кандыдаты свае пытаньні.

Адной з цэнтральных тэм сустрэчы стаў акумулятарны завод, які будуецца пад Берасьцем. На думку Валера Цапкалы, для ўсіх шкодных вытворчасьцяў варта адводзіць прамысловую «зону адчужэньня» ўдалечыні ад населеных пунктаў:

«Мой бацька ўсё жыцьцё адпрацаваў на заводзе. Ён дыхаў аміякам ... Выйшаў на пэнсію і праз тры гады памёр ад раку лёгкіх».

Цапкала перакананы, што ў горадзе не павінна быць «ні лішніх пахаў, ні вібрацый, ні выкідаў шкодных ні ў ваду, ні ў паветра», а толькі «спартовыя пляцоўкі, паркі і бізнэс: банкі, кампаніі, прадпрыемствы, рэстараны, мэдыцынскія цэнтры».

Аплядысмэнты ў прысутных выклікала пазыцыя прэтэндэнта да кіёскаў «Табакерка»:

«Усё ... адразу ж зьнесьці... Мы за спорт і здаровы лад жыцьця ці за „Табакеркі“?!»

Выказаўся Цапкала і пра дзяржаўную сымболіку:

«Першае, што я зраблю — гэта дазволю карыстацца дзьвюма сымболікамі. Хто хоча — хай вывешвае бел-чырвона-белы з акна. Хто хоча — вывешвае цяперашні беларускі сьцяг. Калі ўладальнік запраўкі зьяўляецца прыхільнікам бел-чырвона-белай сымболікі — стаў. Іншы ўладальнік запраўкі хоча паставіць чырвона-зялёны сьцяг — стаў. Другое, што я прапаную, — гэта правесьці грамадзкую дыскусію ў гэтым пытаньні, у якой я буду цалкам знаходзіцца ў кільватэры. Гэта значыць, я ня буду ўмешвацца. А пасьля абмеркаваньня правядзём рэфэрэндум».

Берасьцейцы пацікавіліся плянамі Цапкалы на выпадак фальсыфікацыі выбараў. Тут ён быў ляканічны:

«Маю плян, але я яго вам пакуль не скажу».

Па дадзеных берасьцейскага штабу, за час сустрэчы з Валерам Цапкалам свае подпісы за яго пакінулі каля 250 чалавек.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG