Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Масква зацікаўленая кампрамэтаваць Лукашэнку ў вачах Захаду». Польскі аналітык пра беларускія выбары


Пікет у падтрымку Сьвятланы Ціханоўскай у Менску, 31 траўня 2020
Пікет у падтрымку Сьвятланы Ціханоўскай у Менску, 31 траўня 2020

Ян Максімюк размаўляе пра беларускую выбарчую кампанію з Камілем Клысіньскім, галоўным спэцыялістам у пытаньнях Беларусі, Украіны і Малдовы з Цэнтру ўсходніх дасьледаваньняў у Варшаве.

УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі

Сьцісла:

  • Збор подпісаў сьведчыць пра вялікую незадаволенасьць у грамадзтве.
  • Дзяржаўная прапаганда стала анахранічнай.
  • Пакуль што Лукашэнка дзейнічае эфэктыўна.
  • Найбольшая пагроза Лукашэнку — з боку Ціханоўскага.
  • Масква зацікаўленая ў сілавым варыянце вырашэньня беларускіх выбараў.

— Вы чакалі, што беларусы сёлета выйдуць на вуліцы такімі натоўпамі, каб паставіць подпісы за альтэрнатыўных кандыдатаў? Ці, можа, вы крыху зьдзівіліся?

Каміль Клысіньскі
Каміль Клысіньскі

— Я не чакаў, як, дарэчы, не чакаў такога ніхто. Я маю ўражаньне, што гэта вялікая нечаканасьць і для беларускіх уладаў, і для тых, хто зьбірае подпісы, і для тых, хто стаіць у чэргах, каб падпісацца. Ніхто не чакаў, што людзі прыйдуць так тлумна і з такой вялікай рашучасьцю будуць чакаць некалькі гадзін у чэргах, каб паставіць подпісы.

Гэта паказвае, наколькі вялікая незадаволенасьць у беларускім грамадзтве. Збор подпісаў — своеасаблівае апытаньне на тэму грамадзкіх настрояў у Беларусі. Гэта не навуковае апытаньне, бо няма ў Беларусі незалежнай сацыялёгіі, якая рэгулярна паказвала б грамадзкія настроі, асабліва што тычыцца палітычных пытаньняў. Але мы маем вось такі сымптом незадаволенасьці людзей.

— На вашу думку, што зрабіла наймацнейшы ўплыў на радыкалізацыю настрояў у Беларусі? Калі параўнаць сёлетнюю прэзыдэнцкую выбарчую кампанію з папярэдняй, то можна сказаць, што выбары 2015 году прайшлі зусім спакойна…

— Так, кампанія 2015 году была зусім спакойная і нават нудная. Найбольшым скандалам тады была справа сапраўднасьці подпісаў у падтрымку апазыцыйных кандыдатаў, а самая кампанія была даволі пасіўная. Яна адбывалася на тле расейска-ўкраінскага канфлікту, дэ-факта вайны на Данбасе, расейскай анэксіі Крыму. Людзі паддаліся на дзяржаўную прапаганду, якая страшыла паўторам у Беларусі крывавага Майдану ў Кіеве і яго наступствамі.

Цяперашняя сытуацыя іншая. Людзі не задаволеныя тым, што задоўга чуюць тыя самыя аргумэнты. Дзяржаўная прапаганда стала анахранічнай, яна не дае адказаў на галоўныя выклікі, яна неадэкватная да патрэбаў людзей. Людзі хочуць захаваць хаця б цяперашні ўзровень жыцьця і адчуваць сябе ў бясьпецы. Як вядома, паводзіны ўладаў адносна каранавіруснай эпідэміі былі легкадумнымі, кажучы далікатна, асабліва што тычыцца арганізацыі масавых захадаў. Я маю на ўвазе парад 9 траўня, які адбыўся ў Менску, а не было яго ў Маскве. Мяркую, што гэтая легкадумнасьць, якая тычыцца здароўя людзей, здароўя дзяцей, моцна зачапіла беларусаў і мела ўплыў на пагаршэньне грамадзкіх настрояў.

Ну і, вядома, эканоміка. Беларусь уваходзіць у рэцэсію. Можна сказаць, што краіна знаходзіцца на незваротным шляху да глыбокай эканамічнай рэцэсіі. Эканамічны спад будзе, напэўна, на ўзроўні некалькіх адсоткаў. Пэрспэктыва страты працы ці меншых заробкаў выклікае злосьць і нэрвуе людзей.

— Як вы ацэньваеце рэакцыю ўладаў на тое, што адбываецца падчас збору подпісаў? Ці Аляксандар Лукашэнка не пралічыцца і гэтым разам, зрабіўшы стаўку на арышты як галоўны мэтад, каб задушыць у зародку радыкалізацыю грамадзкіх настрояў?

— Інакш дзейнічаць Лукашэнка ўжо не навучыцца. Ён кансэрватыўны ў тым, што робіць. Ягоная рэакцыя на крызіс — паказаць сілу, напорыстасьць і непахіснасьць, а калі трэба — ужыць жорсткія рэпрэсіі. Ён узмацняе кантроль над грамадзтвам, гэта відавочнае ўжо з таго, як ён рэагуе на тыя чэргі. Пакуль што ён ня б’е ў звычайных грамадзянаў, а толькі выбарачна, у найбольш радыкальных крытыкаў уладаў, у тым ліку ў харызматычнага і папулярнага Сяргея Ціханоўскага, якога затрымалі пры выкарыстаньні яўнай і па-аматарску скляпанай правакацыі.

Справа зь Ціханоўскім паказвае, што пакуль Лукашэнка дзейнічае, зь ягонага гледзішча, эфэктыўна. Калі б у грамадзтве былі сапраўды рэвалюцыйныя настроі, людзі адбілі б Ціханоўскага і не дазволілі б адвезьці яго ў турму. Людзі пакуль што чакаюць, і ніхто, уключна з уладамі, ня ведае, як яны будуць рэагаваць далей. Але паколькі ва ўладаў пазытыўных аргумэнтаў няма — напрыклад, няма грошай, каб павысіць людзям зарплаты — то яны і далей будуць выкарыстоўваць сілу. І гэта стварае пэўную рызыку.

— Хто, па-вашаму, наймацнейшы апанэнт Лукашэнкі на гэтых выбарах, калі паглядзець на ўсіх цяперашніх кандыдатаў у кандыдаты ў прэзыдэнты?

— Мы не павінны глядзець на гэтыя выбары «клясычна», то бок думаць, што найважнейшы апанэнт — гэта той, хто можа перамагчы Лукашэнку на выбарах. Гэта не такія выбары, пра якія можна сказаць, што яны свабодныя, канкурэнтныя, празрыстыя. Загадзя вядома, што вынікі, якія абвесьціць Цэнтральная выбарчая камісія, адзначаць рашучую перамогу Лукашэнкі.

Найбольшую пагрозу для Лукашэнкі ўяўляе чалавек такі, як Ціханоўскі, які падбухторвае людзей, — папулярны, радыкальны і зразумелы ў сваіх выказваньнях для кожнага грамадзяніна. Астатнія ж кандыдаты — гэта прадстаўнікі старой апазыцыі, якая надта вялікага аўтарытэту ў грамадзтве ня мае, і дзьве новыя асобы, прадстаўнікі намэнклятуры, Віктар Бабарыка і Валер Цапкала, якія пакуль што вялікая загадка.

Чаму Бабарыка і Цапкала пайшлі на выбары, чаму пакінулі сваё камфортнае жыцьцё, чаму рызыкнулі сваім багацьцем (пэўна, немалым) ды сваім здароўем і бясьпекай у гэтай прэзыдэнцкай гонцы? Думаю, што Лукашэнка можа адчуваць небясьпеку і зь іхнага боку, бо ён ужо намякаў, што мае нейкую інфармацыю пра іх, якую ён можа раскрыць і кампрамэтаваць абодвух.

— Што будзе рабіць Масква падчас гэтых выбараў — падтрымліваць Лукашэнку, заставацца нэўтральнай, тапіць яго?

— Я не хачу гуляць у кансьпіралёгію і гадаць, хто на гэтых выбарах — «чалавек Крамля», хоць у мяне ёсьць свае падазрэньні. Але я ведаю, у чым Масква была б найбольш зацікаўленая. Масква не зацікаўленая ў тым, каб замяніць Лукашэнку — дзеля гэтага Крэмль ня мае ні сіл, ні сродкаў — але Масква напэўна захоча ўмешвацца ў гэтыя выбары і, магчыма, ужо ўмешваецца.

Масква была б зацікаўленая, каб кампрамэтаваць Лукашэнку як мага мацней у вачах Захаду. Каб ускладніць або сарваць супрацоўніцтва Беларусі з Захадам. Дзеля гэтага, гледзячы з боку Масквы, трэба было б правакаваць беларускія ўлады на сілавое вырашэньне выбараў, на паўтор нечага ў выглядзе Плошчы-2010, брутальнага разгону дэманстрацыі пасьля выбараў 2010 году. Я не кажу пра дакладны паўтор таго сцэнару, але пра нешта падобнае, што прымусіла б Захад абмежаваць або спыніць дыялёг зь Менскам, што замарозіла б адносіны паміж Беларусьсю і Эўразьвязам ці Беларусьсю і ЗША.

— Што гэтыя беларускія выбары значаць для Варшавы? Зразумела, у Польшчы цяпер немалыя праблемы са сваімі прэзыдэнцкімі выбарамі. Але калі прыгадаць 2010 год, то тады і польскі ўрад, і польская апазыцыя моцна ангажаваліся ў прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі. А цяпер? Ці польскія СМІ праяўляюць нейкую зацікаўленасьць выбарчай кампаніяй у Беларусі?

— Польскія СМІ прысьвячаюць крыху ўвагі беларускім выбарам, хоць гэтая ўвага ў значнай ступені абапіраецца на паведамленьні, якія зь Менску прысылае карэспандэнтка Польскага прэсавага агенцтва (PAP). Але трэба разумець, што беларуская тэма не належыць да галоўных палітычных тэмаў у Польшчы.

Што тычыцца палітыкаў, якія адказваюць за разьвіцьцё польска-беларускіх адносін, дык яны ўважліва сочаць за сытуацыяй у Беларусі, як, дарэчы, і адпаведныя палітыкі ў Эўразьвязе. Я думаю, што ўвесь Эўразьвяз моцна зацікаўлены ў тым, каб дыялёг зь Беларусьсю ўтрымаць. Але гэта ў найбольшай ступені залежыць ад беларускіх уладаў.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG