Бабарыка падаў у ЦВК скаргу на Лукашэнку, прапануе адмовіць яму ў рэгістрацыі кандыдатам

Віктар Бабарыка, архіўнае фота
Віктар Бабарыка, архіўнае фота

Патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка 1 чэрвеня падаў у Цэнтральную выбарчую камісію заяву аб парушэньні заканадаўства на выбарах. На сваім сайце ён апублікаваў поўны тэкст звароту.

У звароце Бабарыка адзначае шырокі распаўсюд інфармацыі аб парушэньнях на выбарах і дадае, што заканадаўства патрабуе ў трохдзённы тэрмін даць адказ аб прыняцьці захадаў па парушэньнях, інфармацыя па якіх безумоўна пацьверджаная, і не пазьней за 11 чэрвеня правесьці праверку і прыняць захады па тых парушэньнях, якія вымагаюць праверкі.

На што скардзіцца Бабарыка:

  • прымус падпісвацца за вылучэньне Аляксандра Лукашэнкі кандыдатам у прэзыдэнты (сьпіс фактаў прымусу ён прыкладае ў дадатках да звароту);
  • пагрозы «неспрыяльнымі» наступствамі або абяцаньні «спрыяльных» наступстваў у сувязі з подпісам за вылучэньне Лукашэнкі;
  • удзел адміністрацыі ўстановаў у зборы подпісаў з падначаленых;
  • заявы Лукашэнкі на Менскім трактарным заводзе 29 траўня, якія «безумоўна зьяўляюцца агітацыяй»;
  • паклёп асабіста на яго з боку Лукашэнкі — заявы пра тое, што ён нібыта распаўсюджваў зманлівыя зьвесткі, і намёкі на тое, што ён выкарыстоўваў на выбарчую кампанію расейскія грошы;
  • выказваньне Лукашэнкі, што ў Беларусі «Канстытуцыя не пад жанчыну».

Ён адзначае, што выкарыстаньне службовага становішча ў інтарэсах абраньня — падстава для адмовы ў рэгістрацыі чалавека кандыдатам у прэзыдэнты, і мяркуе, што пералічаныя ім факты цалкам падпадаюць пад крытэры з Выбарчага кодэксу.

Бабарыка прапануе ЦВК адмовіць Лукашэнку ў рэгістрацыі кандыдатам, калі ў выніку разгляду звароту будуць выяўленыя парушэньні заканадаўства. Пры выяўленьні іншых парушэньняў, не згаданых у адпаведным артыкуле, — вынесьці Лукашэнку папярэджаньне. Таксама ён прапануе прызнаць несапраўднымі падпісныя лісты, подпісы ў якіх сабраныя з парушэньнямі. Што да ілжывых зьвестак адносна сябе самога, Бабарыка лічыць, што яму павінны даць магчымасьць публічна іх зьняпраўдзіць.

Таксама Бабарыка просіць даць сябрам ягонай ініцыятыўнай групы магчымасьць зьбіраць подпісы «на аналягічных умовах» — у працоўны час і з давядзеньнем інфармацыі пра гэта да ўсіх супрацоўнікаў (навучэнцаў).

​
XS
SM
MD
LG