Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што стаіць за мітусьнёй Лукашэнкі з урадам


Перадвыбарчы пэрыяд — гэта той рэдкі момант, калі роля намэнклятуры моцна ўзрастае. Паўстае далікатная сытуацыя, калі не чыноўнікі залежаць ад Лукашэнкі, а наадварот, палітычны лёс Лукашэнкі залежыць ад паводзінаў выканаўчай вэртыкалі на ўсіх узроўнях.

Сьцісла:

  • Лукашэнка кажа, што да ўраду няма прэтэнзіяў, але, тым ня менш, яго мяняе.
  • Цяпер існы рэжым трымаецца толькі на падтрымцы намэнклятуры.
  • У такіх умовах зьмена ўраду — пэўная рызыка.
  • Падаецца, што адзіны сэнс апэрацыі па зьмене ўраду — пазбавіцца ад ягонага кіраўніка Сяргея Румаса.
  • Мітусьня вакол ураду сьведчыць пра няўпэўненасьць кіраўніка дзяржавы, якую ён ня можа схаваць.

Вакол зьмены ўраду адбываецца дзіўная мітусьня. Глядзіце самі.

25 траўня Лукашэнка зьбірае нараду «па актуальных сацыяльна-эканамічных і палітычных пытаньнях». Прычым без удзелу чальцоў ураду. І там абвяшчае, што будзе мяняць яго склад. Пры гэтым дадаў: «Але павінен сказаць, што па вялікім рахунку я ня маю прэтэнзій да ніводнага з гэтых людзей».

Калі няма прэтэнзій, то ўзьнікае натуральнае пытаньне: навошта мяняць?

Прайшло дзевяць дзён. 3 чэрвеня Лукашэнка зьбірае чарговую нараду, дзе абмяркоўвае тое ж пытаньне. Аднак зноў кіраўнік дзяржавы падкрэсьліў, што маштабны ператрус Савету Міністраў непажаданы, «чакаць, што тут рэвалюцыя адбудзецца пры зьмене ўраду, ня трэба». І дадаў:

«Рэзкі злом, замена ўсіх чальцоў ураду было б няправільным з пункту гледжаньня бягучага моманту. Дый неабходнасьці такой няма. Вырасла новае пакаленьне кіраўнікоў, якія сябе добра паказалі і працавалі нядрэнна ва ўрадзе. Навошта іх мяняць? Яны могуць працаваць».

Такім чынам, усе добра працуюць, але ўсё роўна мяняем. Заўсёды шукаць лёгіку ў выказваньнях Лукашэнкі — цяжкая справа. Здаецца, тут якраз тая сытуацыя, калі і хочацца, і колецца.

Чаму колецца? Хада выбарчай кампаніі паказала, што сытуацыя ў грамадзтве напружаная, узьнік відавочны крызіс даверу да ўлады і пэрсанальна да кіраўніка дзяржавы. Мянушка «Саша Тры Працэнты» набірае ўсё большую папулярнасьць у сацыяльных сетках.

Атрымоўваецца, што цяпер існы рэжым трымаецца толькі на падтрымцы намэнклятуры. А тут у выбарчай кампаніі заявіліся яе прадстаўнікі Віктар Бабарыка і Валер Цапкала. Што выклікае дадатковае напружаньне ў вярхах.

Да таго ж Віктар Бабарыка падліў алею ў агонь. Ён заявіў у нядаўнім інтэрвію БелаПАН, што станоўча ацэньвае працу ўраду Сяргея Румаса: «Я проста ведаю, што нават у сёньняшняй сытуацыі ва ўрадзе былі прапановы, зь якімі я на 80% гатовы пагадзіцца — у дачыненьні да таго, што нам рабіць цяпер. А тое, што іх не прынялі — гэта іншая гісторыя. Але яны ёсьць, значыць, людзі ведаюць, што трэба рабіць». Для Лукашэнкі, які ўсіх падазрае ў неляяльнасьці, такая ацэнка — гэта амаль прысуд.

Але, зь іншага боку, перадвыбарчы пэрыяд — гэта той рэдкі момант, калі роля намэнклятуры моцна ўзрастае. Зьяўляецца далікатная сытуацыя, калі не чыноўнікі залежаць ад Лукашэнкі, а наадварот, палітычны лёс Лукашэнкі залежыць ад паводзінаў выканаўчай вэртыкалі на ўсіх узроўнях.

І ў такіх умовах зьмена ўраду — пэўная рызыка. Тым больш што пасьля заявы Лукашэнкі пра пляны зьмяніць урад адзін Telegram-канал выказаў меркаваньне — маўляў, пасьля адстаўкі прэм’ер-міністар Сяргей Румас пяройдзе ў каманду Віктара Бабарыкі. Такія ўкіды нэрвуюць Лукашэнку.

Падаецца, што адзіны сэнс апэрацыі па зьмене ўраду палягае ў тым, каб пазбавіцца ад ягонага кіраўніка Сяргея Румаса. У Лукашэнкі чамусьці ня склаліся адносіны з прэм’ерам. Пра гэта можа сьведчыць той факт, што Румаса рэдка запрашалі на нарады ў кіраўніка дзяржавы. Прэм’ер амаль не суправаджаў Лукашэнку падчас ягоных паездак па краіне. Мяркую, найперш таму, што беларускі лідэр дзяржавы ня ўпэўнены ў ляяльнасьці кіраўніка ўраду. А нагадаю, што ў выпадку чаго, паводле Канстытуцыі, выконваць абавязкі прэзыдэнта павінен прэм’ер. Таму чалавеку, які займае гэтую пасаду, Лукашэнка павінен давяраць безумоўна. А тут якраз ня той выпадак.

Гэтым і тлумачыцца тое, што Лукашэнка супярэчыць сам сабе, мітусіцца, кажа камплімэнты ўраду, які тут жа мяняе. Што сьведчыць пра ягоную няўпэўненасьць, якую ён ня можа схаваць.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG