Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка заявіў пра «карусэлі» пры зборы подпісаў за вылучэньне кандыдатаў. ВІДЭА


Ілюстрацыйнае фота. Збор подпісаў за Сьвятлану Ціханоўскую ў Горадні
Ілюстрацыйнае фота. Збор подпісаў за Сьвятлану Ціханоўскую ў Горадні

Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка 4 траўня, абвясьціўшы новы склад ураду, заявіў пра адсутнасьць «новага пратэставага руху» ў Беларусі і пра тое, што подпісы за кандыдатаў зьбіраюць так званымі «карусэлямі», паведамляе БелТА.

УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі

«Паменш вы глядзіце ў Інстаграмах ці стограмах ці нейкіх там яшчэ нейкіх Телеграм-каналах на гэтыя доўгія нібыта чэргі», — заявіў Лукашэнка, гаворачы пра збор подпісаў для рэгістрацыі кандыдатаў на прэзыдэнцкіх выбарах.

Паводле Лукашэнкі, на фатаздымках з квадракоптэраў «відаць зусім іншая карціна»: «усё тыя ж людзі», і колькасьць іх «тая ж, што і была». Новы пратэставы рух не зьявіўся, заявіў Лукашэнка, ёсьць толькі «нейкія незадаволеныя», якія будуць заўсёды.

«А гэтыя чэргі — гэта малая беларуская карусэль, як я яе называю, і вялікая беларуская карусэль. Сутнасьць малой у тым, што тут яны расьпісаліся, потым зноў сталі ў гэтую чаргу ў хвост, яшчэ расьпісаліся... Нават дастукаліся да таго (мэр Менску заўважыў), што на аўтамабілях падвозяць людзей. Расьпісаліся, пайшлі, селі, яны іх па квартале абвезьлі, зноў паставілі іх у чаргу», — заявіў Лукашэнка.

«Вялікая карусэль», паводле яго, заключаецца ў тым, што ў адну нядзелю на Камароўцы пакідаюць подпісы адны людзі. І яны ж, плюс яшчэ некалькі, зноў прыходзяць іншым разам.

«Яны ж разумеюць, што камісія (выбарчая. — рэд.), калі будзе глядзець гэтыя подпісы, гэта заўважыць. І яны адразу заявілі: дык а мы і не зьбіраемся ў выбарах удзельнічаць, наша галоўная задача — разгайдаць краіну і расчысьціць дарогу для кагосьці. Вы ведаеце, для каго», — зазначыў Лукашэнка, зноўку сказаўшы пра «тых, хто фінансуецца за кошт расейскіх алігархаў».

Беларускія правабааронцы неаднойчы фіксавалі «карусэлі» пры галасаваньні на прэзыдэнцкіх выбарах у Беларусі, пераможцам іх заўжды станавіўся Аляксандар Лукашэнка.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG