Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Атмасфэра як у сэрыяле „Чарнобыль“» — беларускага студэнта Гарварду не ўзялі ў выбарчую камісію


Максім Багдановіч, архіўнае фота
Максім Багдановіч, архіўнае фота

Камісія ў адміністрацыі Фрунзенскага раёну адмовіла менчуку Максіму Багдановічу, які хацеў стаць сябрам участковай выбарчай камісіі на прэзыдэнцкіх выбарах.

УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі

«Я лічу, што менавіта такія людзі і павінны быць у камісіях»

Максім Багдановіч зь Менску, цяпер вучыцца ў Гарвардзкім унівэрсытэце ў ЗША. Яму амаль 19 гадоў, і ён стаў амаль знакаміты гісторыяй самастойнага паступленьня ў адзін з найлепшых унівэрсытэтаў сьвету.

Сёлета Максім сабраў подпісы жыхароў свайго дома ў Фрунзенскім раёне і вылучыў сваю кандыдатуру ва ўчастковую выбарчую камісію.

«Я актыўны грамадзянін, — тлумачыць Максім сваё рашэньне. — Велізарная праблема беларускіх выбараў — тое, што людзі, якія раней былі ў камісіях, маглі быць ва ўразьлівым становішчы. Ці адносна кіраўніка камісіі, ці хтосьці мог на іх паўплываць, націснуць. А я абсалютна незалежны чалавек! Я лічу, што менавіта такія людзі і павінны быць у камісіях».

Паседжаньне камісіі ішло онлайн у сувязі з эпідэміялягічнай сытуацыяй. Таму, кажа Максім, у яго не было магчымасьці рэалізаваць свае правы.

«Згодна з выбарчым заканадаўствам я, як чалавек, за якога падпісаліся людзі, маю права ня толькі прысутнічаць, але і абараняць сваю кандыдатуру і задаваць пытаньні. Цяпер у нас такой магчымасьці не было», — кажа ён.

«У выніку «супраць» мяне прагаласавалі сямёра, двое «ўстрымаліся», і нуль «за», — падсумоўвае Максім.

Хлопец кажа, што ўпершыню ў жыцьці за яго не прагаласаваў ніхто. «Звычайна ў мяне была хоць нейкая падтрымка, — сьмяецца ён. Нядаўна ён паглядзеў сэрыял «Чарнобыль» — і параўноўвае атмасфэру паседжаньня камісіі адміністрацыі Фрунзенскага раёну з узноўленым у амэрыканскім сэрыяле савецкім часам. Камісія ледзьве не аднагалосна галасавала «за» былых сябраў выбарчых камісій, і гэтак жа аднадушна — «супраць» альтэрнатыўных прэтэндэнтаў.

«Адкуль у Гарвардзе характарыстыка?»

Актыўнасьць Максіма Багдановіча не засталася незаўважанай. У перапынку падчас жывой трансьляцыі камісія адміністрацыі Фрунзенскага раёну забылася выключыць гук. На запісе чуваць, як сябры камісіі абмяркоўваюць уласнае галасаваньне.

Жаночы голас: Пачакайце, а калі 8 «за», а адзін будзе супраць? Гэта ж ня страшна?
Галасы: Не, нармальна, нармальна.
Жаночы голас: Галоўнае, каб не за таго... (Сьмех)
Жаночы голас: Калі ўсе будуць казаць «так», я скажу «не».
Мужчынскі голас: Студэнт з Гарвардзкага ўнівэрсытэту са станоўчай характарыстыкай... Ты ж разумееш. Адкуль у Гарвардзе характарыстыка? (сьмех, неразборліва).
Жаночы голас: Ціха! Ідзе жывы эфір, мне пазванілі, сказалі.

«Я ніколі сябе так добра ў Беларусі не адчуваў, як цяпер»

Максім расказаў, як рыхтаваўся да паседжаньня.

«Напісаў па-беларуску біяграфію, што я студэнт такога і такога ўнівэрсытэту, што я дапамагаю іншым вучыць матэматыку, што ў школе я быў у БРСМ, што я спаборнічаю за фэхтавальную каманду, — кажа Багдановіч. — Таксама я папрасіў свайго амэрыканскага прафэсара, які выкладаў курс „Эканоміка і палітыка расейскіх рэформаў у 90-х“, каб ён напісаў мне характарыстыку».

Максім кажа, што на сёньняшнім паседжаньні не ўхвалілі кандыдатуру ніводнага са знаёмых яму людзей, якія самастойна вылучыліся ў камісію. 24 чэрвеня раніцай ён разам зь іншымі будзе падаваць скаргу на адмоўнае рашэньне.

Яго таксама зьдзіўляе, што адмаўлялі прэтэндэнтам нават тады, калі ў камісіі не было максымальна магчымай колькасьці сябраў — 19 чалавек.

«Чаму б не прыняць усіх? — пытаецца Максім. — Чаму мяне са станоўчымі характарыстыкамі не ўключыць у камісію?! Гэта кантраст з тым, што я бачу ў Штатах. Я не грамадзянін, але ў мяне ў горадзе, дзе знаходзіцца ўнівэрсытэт, пытаюцца, як горад павінен вытраціць грошы. Кожнаму, хто там жыве, дасылаюць бюджэт, і ты можаш прапанаваць, як яго вытраціць. Я да такога прызвычаіўся».

Навучальны год у Гарвардзкім унівэрсытэце скончыўся месяц таму. Цяпер Максім у Менску і займаецца ў летняй школе онлайн. Як студэнту, якому сам Гарвард прапаноўваў фінансаваньне, яму месца ў летняй школе далі бясплатна.

«Я ніколі сябе так добра ў Беларусі не адчуваў, як цяпер, — кажа хлопец. — Ёсьць неверагоднае адчуваньне аб’яднанасьці, шмат людзей такіх, як я, якім гэта важна. Яшчэ 128 чалавек падаліся ў Фрунзенскім раёне, знайшлі мінімум 10 подпісаў. А гэта ўжо амаль 1300 неабыякавых людзей! Гэта крутое адчуваньне!»

Хлопец кажа, што сучасныя тэхналёгіі дазволілі гэтым людзям перазнаёміцца «за 30 сэкундаў», стварыўшы супольны чат.

«У мяне пакуль выдатныя ўражаньні ад выбарчай кампаніі, — кажа Максім Багдановіч. — Няма лепшага месца, дзе я хацеў бы быць. Адчуваньне грамадзянскасьці, драйву дае крылы. І мне ня хочацца далей гэтыя крылы абсякаць. Таму ўдзельнічаю як магу».

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG