Намесьнік прэмʼер-міністра Беларусі Ігар Петрышэнка на паседжаньні Нацыянальнай камісіі па правах дзіцяці 23 чэрвеня заявіў, што ў апошнія гады доля адказнасьці за выхаваньне дзяцей ссунулася зь сям’і ў бок школы.
«Менавіта абыякавасьць бацькоў і прыводзіць да таго, што іх дзеці падпадаюць пад уплыў дэструктыўных і злачынных элемэнтаў. Не магу не назваць злачыннымі паводзіны дарослых, у тым ліку і бацькоў, што ўцягваюць дзяцей у палітычныя гульні. На жаль, такія факты адзначаліся ў апошні час. Мяркую, што выкажу агульнае меркаваньне членаў Нацыянальнай камісіі па правах дзіцяці аб недапушчальнасьці ўцягваньня дзяцей у розныя палітычныя авантуры, а бацькам хачу параіць больш адказна і ўважліва ставіцца да сваіх дзяцей», — падкрэсьліў ён.
Петрышэнка прапанаваў сябрам камісіі на наступным пасяджэньні дадаткова разгледзець пытаньне аб узмацненьні ролі бацькоў у выхаваньні дзяцей, а таксама папрасіў Міністэрства адукацыі сумесна з аблвыканкамамі вывучыць гэтую праблематыку і выпрацаваць канкрэтныя прапановы па выпраўленьні сытуацыі.