Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кніга «Паўстаньне масаў» філёзафа Артэгі-і-Гасэта, якую згадаў Бабарыка, зьнікла з кнігарняў


Ілюстрацыйнае фота. «Ланцуг салідарнасьці» ў Менску 19 чэрвеня, на наступны дзень пасьля затрыманьня Віктара Бабарыкі

Выданьня няма ні ў традыцыйных кнігарнях, ні ў онлайн-крамах.

Кніга «Паўстаньне масаў», пра якую казаў прэтэндэнт у кандыдаты Віктар Бабарыка, стала вельмі папулярнай у Беларусі — набыць яе цяпер вельмі складана. Карэспандэнт Свабоды змог зрабіць сёньня замову толькі на сайце biblio.by праз тэлефон. На самім сайце спасылка на кнігу была недасяжная.

На папулярным сайце oz.by адказалі, што кніга «Паўстаньне масаў» гішпанскага філёзафа Хасэ Артэгі-і-Гасэта зьнятая з продажу.

«На жаль, пазыцыя зьнятая з продажаў і ў гэты момант да замовы недаступная з прычыны сканчэньня накладу ў нашага пастаўніка. У сувязі з гэтым тавар аўтаматычна выдалены з каталёгу. Пра новыя тэрміны пастаўкі інфармацыі няма», — паведамілі на сайце oz.by.

На папулярным сайце wildberries.by «Паўстаньня масаў» няма. «У гэты момант такой кнігі няма ў наяўнасьці. Тэрміны паступленьня вы можаце глядзець у сьпісе чаканьня», — кажуць там.

Тым часам на сайце расейскага выдаўца АСТ паведамляюць, што выданьне можна купіць у кнігарнях «Белкнігі». Дырэктар «Белкнігі» Аляксандар Вашкевіч сказаў карэспандэнту Свабоды, што на гэты момант «Паўстаньня масаў» няма ў продажы.

«Гэта кніга расейскага выдавецтва АСТ. У іх там нешта зьвязана з карантыннымі захадамі. Мы яе замаўлялі з 2017 году і вельмі многа прадалі. Але цяпер праблемы з расейскай адгрузкай. Цяпер гэтай кнігі няма ў нашых крамах», — сказаў Аляксандар Вашкевіч.

Паводле зьвестак у інтэрнэце, 7 кніг яшчэ заставаліся ў менскай кнігарні «Цэнтральнай» і па адным асобніку яшчэ ў некалькіх крамах. Але і там кніга не знайшлася. У краме «Цэнтральнай» адказалі праз тэлефон, што «гэтую кнігу вынялі з продажу».

«Учора мы яе прадалі».

У вядомай менскай кнігарні «Акадэмкніга» кнігі «Паўстаньне масаў» таксама няма ў продажы, хоць ёю цікавяцца студэнты.

Віктар Бабарыка згадаў «Паўстаньне масаў» у інтэрвію tut.by.

«Тое, што скажуць мне зрабіць выбарнікі, я жвавенька гэта зраблю. Калі мае выбарнікі скажуць: ідзем на плошчу, я пайду на плошчу. Калі мае выбарнікі скажуць нешта зрабіць па-іншаму... Мне здаецца, што мы забываемся, што ў ніводнай краіне сьвету, пачытайце кнігу „Паўстаньне масаў“, ніводзін дыктатарскі рэжым ня можа ўтрымацца, калі ў яго няма электаральнай большасьці. Ён можа ўтрымацца кароткі час на крыві, толькі на крыві. Калі хтосьці гатовы ўзяць на сябе адказнасьць за праліцьцё крыві, а гэта ня я казаў, што буду расстрэльваць людзей, то гэта будзе яго адказнасьць», — заявіў Бабарыка.

Перасьлед Віктара Бабарыкі і яго прыхільнікаў. Што важна ведаць

  • 10 чэрвеня Аляксандар Лукашэнка даручыў заняцца праверкамі прыватных кампаніяў, якія нібыта звальняюць людзей, калі тыя адмаўляюцца ставіць подпісы за вылучэньне альтэрнатыўных кандыдатаў. Ён загадаў «прашарсьціць гэтых пузатых буржуяў, каб яны несьлі адказнасьць за людзей».
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній, у знаёмых патэнцыйнага кандыдата ў прэзыдэнты Віктара Бабарыкі прайшлі ператрусы. Камітэт дзяржкантролю заявіў аб завядзеньні крымінальных спраў па арт. 235 (легалізацыя сродкаў, здабытых злачынным шляхам у асабліва буйным памеры) і арт. 243 (ухіленьне ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры) Крымінальнага кодэксу.
  • Віктар Бабарыка назваў гэта атакай на яго асабіста, хоць сам у справе тады не фігураваў, і заявіў пра «палітычны характар» дзеяньняў сьледчых, якія ня маюць прамога капрамату на яго.
  • 11 чэрвеня арыштавалі каардынатарку выбарчага штабу Бабарыкі Сьвятлану Купрэеву, яе вінавацяць ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры.
  • 12 чэрвеня Лукашэнка заявіў, што Бабарыка таксама датычны да справы, маўляў «​гэта адна шайка-лейка»​ і безь яго ведама нічога не рабілася. Праз 4 гадзіны Дзяржкантроль заявіў, што мае доказы датычнасьці былога банкіра да злачынстваў.
  • Усяго па «справе „Белгазпрамбанку“» праходзяць каля 20 чалавек.
  • 15 чэрвеня Нацыянальны банк прызначыў у «Белгазпрамбанку» часовую адміністрацыю на чале з Надзеяй Ермаковай. Расейскаія акцыянэры банка («Газпромбанк» і «Газпром») назвалі гэтае рашэньне незаконным.
  • 17 чэрвеня арыштавалі выбарчы фонд Віктара Бабарыкі з 100 тысячамі рублёў на рахунку. Афіцыйных тлумачэньняў штабу кандыдата тады не далі.
  • Раніцай 18 чэрвеня затрымалі Віктара Бабарыку і яго сына ды кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку. У дамах сям’і Бабарыкаў прайшлі ператрусы.
  • «Бабарыку затрымалі праз тое, што ён зьяўляўся непасрэдным арганізатарам супрацьпраўнай дзейнасьці, спрабаваў узьдзейнічаць на сьведак, схаваць сьляды раней зьдзейсьненых злачынстваў, і літаральна днямі Бабарыка спрабаваў зьняць буйную суму грошай з падкантрольных яму рахункаў», — сказаў кіраўнік Камітэту дзяржкантролю Іван Тэртэль, расказваючы пра нібыта махлярскую схему з адмываньнем грошай з удзелам былых і дзейных топ-мэнэджэраў «Белгазпрамбанку».
  • Віктар і Эдуард Бабарыкі знаходзяцца ў СІЗА КДБ. Ім прад'явілі абвнавачаньне, артыкул не называецца.
  • Праваабаронцы прызналі палітвязьнямі Віктара, Эдуарда Бабарыкаў і затрыманых сябраў ініцыятыўнай групы
  • 19 чэрвеня Штаб Бабарыкі падрыхтаваў да здачы 435 тысяч подпісаў.
  • 20 чэрвеня адвакаты падалі пакет дакумэнтаў для рэгістрацыі Віктара Бабарыкі кандыдатам у прэзыдэнты.
  • «Трэба — сядуць». Што Лукашэнка казаў пра Бабарыку цягам двух тыдняў перад яго затрыманьнем

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG