Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Называць замежныя апэрацыі вывадам грошай — абсурд». Што ня так з абвінавачаньнямі Бабарыку, якія паказалі ў тэлевізіі


У сюжэце дзяржаўнай тэлевізіі паказалі дакумэнты, якія нібыта сьведчаць пра вывад Віктарам Бабарыкам грошай за мяжу і даказваюць ягоную датычнасьць да супрацьпраўнай дзейнасьці. Свабода ўважліва паглядзела гэтыя сюжэты.

«Угоды з замежнымі кампаніямі — гэта не злачынства»

18 чэрвеня затрымалі прэтэндэнта на пасаду прэзыдэнта Віктара Бабарыку і ягонага сына Эдуарда Бабарыку. Увечары дзяржаўныя каналы паказалі нібыта доказы ягонай датычнасьці да вываду грошай за мяжу. Афіцыйна камітэт дзяржаўнага кантролю (КДК) затрымаў Віктара Бабарыку як «арганізатара супрацьпраўнай дзейнасьці». Глядзім, што паказалі ў тэлевізіі і пра што гэта можа сьведчыць.

У сюжэце на тэлеканале «СТБ» паказалі дакумэнты, якія зьвязваюць Бабарыку і іншых затрыманых у справе «Белгазпрамбанку» з замежнымі кампаніямі.


«На мяне паказанае не зрабіла ўражаньня сур’ёзных доказаў. Ёсьць нейкія фірмы, якія належаць былым супрацоўнікам „Белгазпрамбанку“, ёсьць зьвязаныя рахункі. Там фігуруе прозьвішча Віктара Бабарыкі.

Па-першае, немагчыма ацаніць, ці рэальныя гэта дакумэнты. А калі нават яны рэальныя, то нічога крымінальнага ў наяўнасьці нейкіх фірмаў за мяжой няма. Банк мае права працаваць зь іншымі фірмамі, усякі банк у дзень робіць сотні платаў, дзе атрымальнікі — іншыя банкі. Называць гэта вывадам грошай — абсурд», — мяркуе старэйшы аналітык «Альпары Эўразія» Вадзім Іосуб.

У сюжэце, паказаным у СТВ, фігуравалі ангельская кампанія Business Renovation Investment , зьліквідаваная ў 2018 годзе, і латвійская кампанія Baltijas Investiciju Grupa.

Паводле КДК, Бабарыка і іншыя супрацоўнікі «Белгазпрамбанку» вывелі за мяжу больш за 430 мільёнаў даляраў. Канчатковым бэнэфіцыярам кампаніяў у тэлесюжэце называюць Віктара Бабарыку.

Кампанію Baltijas Investiciju Grupa, у сюжэце названую «асноўным партнэрам усёй схемы», арганізавалі жыхары Латвіі і Беларусі. Паводле латвійскай статыстыкі, статутны фонд кампаніі 2845 эўра. За мінулы год кампанія заплаціла 150 эўра падаткаў. Кампанія не закрытая судом, а рэарганізаваная ў ALDI Projects, адзін зь яе акцыянэраў — затрыманы ў справе «Белгазпрамбанку» Дзьмітры Шаўчук. Кампанія існуе і па сёньня, хоць раней у КДК казалі, што атрымалі зьвесткі ад латвійскай паліцыі, што, маўляў, да кампаніі маюць пытаньні латвійскія праваахоўнікі.


«Чалавек зь Беларусі можа безь любога дазволу адкрыць рахунак за мяжой ці стаць заснавальнікам нейкай кампаніі. Раней на гэта патрэбны быў дазвол, але нават калі людзі гэты дазвол ня бралі, то гэта — адміністрацыйнае правапарушэньне. Гэта ня цягне на адмываньне грошай і на вывад актываў», — кажа Вадзім Іосуб.

Дык куды выводзілі грошы?

У сюжэце ў СТБ паказалі скрын, які нібыта мусіць даказваць, што грошы выводзілі на Кіпр. Але калі ўважліва разглядаць скрын, то відаць, што гэта ня кіпрскі банк, а Ліхтэнштайн, банк Valartes Bank. У астатнім з скрыну абсалютна незразумела, пра якія сумы ідзецца, хто і што куды выводзіў, бо сумаў там не відаць.

У адным з скрынаў дакумэнтаў фігуруе сума ў 500 тысяч даляраў, але там няма ні подпісаў, ні прозьвішчаў.

Прозьвішчы зьяўляюцца ў іншых дакумэнтах. Гэта Віктар Бабарыка, Дзьмітры Жардзецкі, Дзьмітры Шаўчук, Аляксей Задойка і Сяргей Дабралёт. Але ў дакумэнце з прозьвішчамі ёсьць толькі прозьвішчы, ня кажучы аб тым, што паказаныя нумары пашпартоў, што ёсьць прыватнай інфармацыяй людзей, на цяперашні момант не асуджаных. Усе яны былыя намесьнікі Бабарыкі ў час, калі ён узначальваў банк.

Што кажуць лічбы, агучаныя на допытах

У сюжэце, паказаным у СТБ, ёсьць кадры допыту Аляксея Задойкі.

«Усе асноўныя, тут Бабарыка, 25, па-мойму, тут 25. Магу памыліцца ў пяцёрцы. Усе астатнія сябры праўленьня па 10. Вось. Але яшчэ раз кажу, гэта вось так вось было. Грошы спачатку нікому не пералічваліся», — паводле сюжэту ўзгаданае нібыта мусіць даказваць перавод грошаў. Але якія гэта адсоткі і ад чаго, Задойка ў сюжэце не кажа.

Паказаны таксама допыт былога намесьніка старшыні праўленьня «Белгазпрамбанку» Аляксандра Ільясюка. Ён згадвае 2007–2008 гады і замежныя кампаніі. Але ня можа прыгадаць ані іх назваў, ані нейкіх сумаў, ані іншых канкрэтных фактаў.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак. Кандыдат у прэзыдэнты на выбарах-2010 Мікола Статкевіч зьбіраўся зарэгістраваць 30 «кандыдатаў пратэсту», каб мець магчымасьць зьбіраць людзей на вуліцах, але ня ўдзельнічаць ў саміх выбарах. Яго і амаль усіх ягоных паплечнікаў не дапусьцілі да збору подпісаў — зарэгістравалі толькі групу Ўладзімера Няпомняшчых.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“». 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG