Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Упершыню пасьля затрыманьня Бабарыкі да яго ў СІЗА КДБ запрасілі адваката 


Падчас ператрусу ў доме Віктара Бабарыкі

Адвакат затрыманага прэтэндэнта на пасаду прэзыдэнта Беларусі Віктара Бабарыкі запрошаны ў сьледчы ізалятар КДБ для ўдзелу ў працэсуальных дзеяньнях.

«Мне затэлефанавалі з КДБ і запрасілі для ўдзелу ў працэсуальных дзеяньнях у дачыненьні да Віктара Бабарыкі. Спадзяюся, што атрымаецца сустрэцца з маім падабаронным», — паведаміў адвакат Зьміцер Лаеўскі агенцтву «Інтэрфакс».

Ён падкрэсьліў, што пакуль афіцыйна аформленых падазрэньняў і абвінавачваньняў у дачыненьні да Бабарыкі ня бачыў. Адвакат пацьвердзіў, што справу можа весьці ў тым ліку і КДБ.

Віктар Бабарыка і яго сын Эдуард былі затрыманыя 18 чэрвеня і зьмешчаныя ў СІЗА КДБ. Адвакатаў да іх не дапусьцілі, а ў дамах тым часам учынілі ператрус.

Пазьней кіраўнік Дэпартамэнту фінансавых расьсьледаваньняў Камітэту дзяржкантролю Іван Тэртэль заявіў, што Бабарыка затрыманы ў сувязі з тым, што зьяўляўся «непасрэдным арганізатарам і кіраўніком супрацьпраўнай дзейнасьці».

Паводле КДК, з рахункаў «Белгазпрамбанку» на рахункі латвійскага банку ABLV было выведзена звыш 430 млн даляраў. Таксама інкрымінуюцца махінацыі з вэксэлямі на суму 60 млн даляраў.

У рамках справы «Белгазпрамбанку» праведзеныя ператрусы ў партнэрскіх кампаніях «ПрыватЛізінг», «Кампары» і «Кентаўр». Рахунак выбарчага фонду Бабарыкі быў заблякаваны.

Нацыянальны банк Беларусі ўвёў ад 15 чэрвеня часовую адміністрацыю ў «Белгазпрамбанк» на чале з Надзеяй Ермаковай.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак. Кандыдат у прэзыдэнты на выбарах-2010 Мікола Статкевіч зьбіраўся зарэгістраваць 30 «кандыдатаў пратэсту», каб мець магчымасьць зьбіраць людзей на вуліцах, але ня ўдзельнічаць ў саміх выбарах. Яго і амаль усіх ягоных паплечнікаў не дапусьцілі да збору подпісаў — зарэгістравалі толькі групу Ўладзімера Няпомняшчых.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“». 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG