Паводле сюжэтаў у вечаровых праграмах на дзяржаўных тэлеканалах, сьледзтва ў «справе „Белгазпрамбанку“» зьбірае інфармацыю з розных крыніцаў, у тым ліку і з дапамогай замежных калег з 18 краінаў, а затрыманыя 20 чалавек супрацоўнічаюць і даюць прызнальныя паказаньні.
18 чэрвеня Віктара Бабарыку затрымалі разам з сынам Эдуардам пасьля допыту ў Дэпартамэнце фінансавых расьсьледаваньняў. Вядома, што апошняга абвінавачваюць паводле артыкула «ўхіленьне ад выплаты падаткаў».
«Бабарыку затрымалі праз тое, што ён быў непасрэдным арганізатарам супрацьпраўнай дзейнасьці, спрабаваў узьдзейнічаць на сьведак, схаваць сьляды раней зьдзейсьненых злачынстваў, і літаральна днямі Бабарыка спрабаваў зьняць буйную суму грошай з падкантрольных яму рахункаў», — сказаў у эфіры дзяржаўнага тэлебачаньня старшыня Камітэту дзяржаўнага кантролю Іван Тэртэль.
У сюжэтах вечаровых праграмаў на дзяржаўных тэлеканалах паказалі допыт былога першага намесьніка старшыні «Белгазпрамбанку» Аляксея Задойкі. На апэратыўных здымках сьледчы пытаецца ў яго: «Ад каго пачулі, што долі пераразьмеркаваліся і там асноўным стаў Бабарыка?»
Паказваюць кадры допыту іншага намесьніка старшыні праўленьня — Аляксандра Ільясюка, які таксама тлумачыць, якая роля адводзілася кожнаму з удзельнікаў «шэрых схемаў».
Кантэкст выказваньняў мала зразумелы. Паказваюць апэратыўную здымку з грашыма, дакумэнтамі, якія мусяць сьведчыць пра «хітрыя схемы з вэксалямі» і «адмываньне грошай у афшорах». Падкрэсьліваецца, што ўпершыню «Белгазпрамбанк» трапіў у поле зроку праваахоўных органаў у 2016 годзе, першыя доказы сталі паступаць у 2019 годзе. «І вось цяпер пазл склаўся», — сказаў аўтар сюжэту на тэлеканале СТВ.
Значную частку сюжэту прысьвяцілі латвійскім кампаніям і банку АBLV, да якога «ўжо шмат гадоў прыкаваная ўвага паліцыі цэлага шэрагу краін». Працытавалі пракуратуру Латвіі: «Арганізаваная група асобаў зь некалькіх дзяржаваў займалася легалізацыяй злачынна здабытых сродкаў».
КДК сьцьвярджае, што ў інтарэсах банку АBLV супрацоўнікі «Белгазпрамбанку» вывелі зь Беларусі звыш 430 мільёнаў даляраў.
Паводле АНТ, сувязным паміж Беларусьсю і Латвіяй быў акцыянэр латвійскай кампаніі ALDI Projects Дзьмітры Шаўчук, які раней працаваў у юрыдычным аддзеле «Белгазпрамбанку».
З словаў старшыні КДК Івана Тэртэля, менавіта Шаўчук быў «асобай, якая выконвала даручэньні Бабарыкі, — адкрываў юрыдычныя асобы ў афшорах і суправаджаў іх дзейнасьць».
Узгадалі і Віргінскія астравы, дзе нібыта ў 2007 годзе зарэгістравалі кампанію, заснавальніцай якой значыцца Сьвятлана Купрэева, сяброўка сям’і Бабарыкі, якая знаходзіцца цяпер у СІЗА КДБ. Называюць і Кіпр, афшорную кампанію, якую заснавалі Бабарыка, Задойка і Дабралёт — «усе яны затрыманыя».
«Калі на першых этапах грамадзкасьць толькі-толькі пачала ўваходзіць у дэталі гэтай справы і ў мэдыяполі можна было назіраць упартыя спробы надаць гэтаму працэсу гучнае палітычнае гучаньне — то новыя факты, якія адкрыліся, разьбіваюць усе кансьпіралягічныя тэорыі. Відавочна, мы сталі сьведкамі вялікай фінансавай афэры, якую пры такой міжнароднай увазе і яўных доказах былым банкірам ужо пэўна ня ўдасца схаваць», — робіць выснову аўтар сюжэту на АНТ.
Патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка і яго сын Эдуард, кіраўнік ягонай ініцыятыўнай групы, перасталі выходзіць на сувязь раніцай 18 чэрвеня. Пазьней ад штабу Бабарыкі стала вядома, што бацьку і сына трымаюць у Дэпартамэнце фінансавых расьсьледаваньняў. Адвакатаў да іх не пусьцілі.