Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ярмошына: Шанцы на рэгістрацыю ў Бабарыкі «амаль такія ж, як у іншых»


Лідзія Ярмошына, архіўнае фота
Лідзія Ярмошына, архіўнае фота

Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адказала на пытаньні Радыё Свабода пра магчымасьці затрыманага Віктара Бабарыкі далей удзельнічаць у выбарах.

УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі

«Бабарыка асабіста ня зможа падаць заяву»

Старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзія Ярмошына адмовілася камэнтаваць затрыманьне прэтэндэнта ў кандыдаты Віктара Бабарыкі.

«Я не магу гэтага камэнтаваць. Сьледчыя і апэратыўна-вышуковыя арганізацыі мне ніяк не падведамасныя. А тое, што ён бярэ ўдзел у выбарах, ня ёсьць перашкодай для вядзеньня стасоўна, яго якіх-небудзь дзеяньняў, зьвязаных з пачаткам крымінальнай справы».

Якія шанцы ў Віктара Бабарыкі быць зарэгістраваным кандыдатам у прэзыдэнты?

«Амаль такія ж, як ува ўсіх астатніх, — адказвае Лідзія Ярмошына. — У тым пляне, што ён асабіста ня зможа падаць, але на падставе даверанасьці, якую заверыць начальнік сьледчага ізалятару, ён зможа падаць заяву. Яна проста павінна быць уласнаручна ім падпісана, аб згодзе балятавацца. Калі ён будзе заставацца пад вартай на 9 жніўня, гэта яму перашкодзіць толькі ўдзельнічаць у галасаваньні як выбарніку».

«У іх усё роўна ўжо подпісаў пад 200 тысяч»

Віктара Бабарыку і кіраўніка яго ініцыятыўнай групы затрымалі якраз у той дзень, калі яны накіраваліся здаць подпісы выбарнікаў за сваё вылучэньне. Ці могуць дазволіць усё ж такі здаць гэтыя подпісы?

«Я ня ведаю, ці зможа ён іх перадаць. Калі ў іх ёсьць каардынатар у гэтым раёне, які зможа здаць подпісы, то, вядома, яны будуць прынятыя. А калі каардынатара няма, то здаць ня змогуць. У іх усё роўна ўжо подпісаў пад 200 тысяч. То бок на вынікі рэгістрацыі гэта паўплываць ня можа».

«Тады яшчэ ня быў так адпрацавны парадак, як цяпер»

У 2001 годзе ініцыятыўная група Міхаіла Марыніча заявіла, што здала неабходныя сто тысяч подпісаў, але частка зь іх зьнікла пасьля таго, як была здадзена ў камісіі. У выніку Міхаіла Марыніча не зарэгістравалі. Ці можа быць падобная сытуацыя цяпер?

«Менавіта ў сувязі са скаргай Марыніча зьявілася ў законе гэтае патрабаваньне, каб подпісы здавалі толькі каардынатары, кіраўнікі ініцыятыўных групаў альбо самыя кандыдаты. Бо калі здае подпісы іншы нявызначаны чалавек, могуць узьнікнуць нейкія канфлікты, калі сам кіраўнік ці патэнцыйны кандыдат у прынцыпе папракаюць выбарчыя камісіі, што яны маюць зносіны не з упаўнаважаным чалавекам. Таму што да Марыніча я магу сказаць, што тады яшчэ ня быў так адпрацаваны парадак, як цяпер, калі колькасьць падпісных лістоў «здаў-прыняў» — усё сьведчыцца ў журнале, гэта можна сфатаграфаваць. Таму пасьля 2001 году ніводнай скаргі на гэтай падставе не падавалася».

Паводле Лідзіі Ярмошынай, калі Віктара Бабарыку ня выпусьцяць, ён зможа весьці агітацыйную кампанію праз давераных асобаў.

«Няхай абскардзіць гэтую пастанову»

Што да арыштаванага выбарчага фонду Віктара Бабарыкі, то рахунак, паводле Лідзіі Ярмошынай, заблякаваў сьледчы сваёй пастановай.

«Уласна, цяпер, пасьля завяршэньня пэрыяду вылучэньня, ужо фондам не карыстаюцца. Таму такога практычнага значэньня да рэгістрацыі гэты фонд ня мае, бо траціць грошы зь яго будзе нельга. Хоць да 24 чэрвеня яшчэ можна карыстацца ім, напрыклад, каб разьлічыцца за тыя выдаткі, якія нёс прэтэндэнт падчас вылучэньня. Але ўвесь астатні час да дня рэгістрацыі карыстацца фондам нельга. Таму няхай абскардзіць гэтую пастанову».

«Будзем усё правяраць, гэтаксама, як і ўва ўсіх»

Калі, напрыклад, Віктар Бабарыка набярэ 80% галасоў на выбарах, то як паставіцца да гэтага Лідзія Ярмошына, ці прызнае яго пераможцам?

«Давайце да гэтага яшчэ дажывём, ён павінен яшчэ стаць кандыдатам», — адказала Лідзія Ярмошына. — Будзем усё правяраць гэтаксама, як і ўва ўсіх».

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG