Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пра час, калі Лукашэнка казаў: «Я не прашу ў вас прэзыдэнцкі партфэль. Я хачу вярнуць вам веру ў будучыню»


Плякат Аляксандра Лукашэнкі, 1994 год
Плякат Аляксандра Лукашэнкі, 1994 год

Як прэзыдэнт надзеі ператварыўся ў прэзыдэнта безнадзейнасьці.

Сёньня ў гэта цяжка паверыць, але наступныя словы належаць Аляксандру Лукашэнку:

«Ведаю — вас доўга падманвалі. Ведаю — вы стаміліся верыць.

Я не прашу ў вас прэзыдэнцкі партфэль. Я хачу вярнуць вам веру ў будучыню. Падумайце пра лёс вашых дзяцей. Я хачу запаліць хаця б маленькае сьвятло ў канцы тунэля, сьвятло надзеі ў вашых спакутаваных сэрцах».

Ну які ж гэта Лукашэнка? — запярэчыць мне дасьведчаны чытач. Калі мы за апошнія 26 гадоў чулі зь ягоных вуснаў нешта падобнае — узьнёсла-патэтычнае, нейкае нават экзальтаванае і наіўна-патаснае? Не ягоная гэта стылістыка, не ягоная лексыка, не ягоны характар. «Жэстачайшэ накланіць» — вось ягоныя словы, па якіх яго ведае і будзе доўга памятаць беларускі народ.

Улётка з чэрвеня 1994-га

Але вось ён — доказ: выпадкова знойдзеная ў нетрах кладоўкі перадвыбарчая ўлётка з чэрвеня 1994 году. Танная газэтная папера. Састарэлы «высокі» лінатыпны друк у фіялетавым і чырвоным колерах: так тады ў раённых друкарнях друкавалі кінаафішы для калгасных клюбаў. Але наклад — 200 000 асобнікаў (і гэта толькі афіцыйны, рэальны мог быць значна большы)! Гэтая ўлётка трапіла тады ледзь ня ў кожную паштовую скрыню беларусаў.

І партрэт Лукашэнкі — нейкага нязвыкла-лірычнага і задуменнага.Такога мы і ня бачылі, здаецца, у наступныя 26 гадоў.

Але рэч нават ня ў гэтай улётцы. Я цалкам перакананы ў шчырасьці тых словаў Лукашэнкі ўзору 1994 году. У тыя чэрвеньскія дні 1994-га мне ня раз даводзілася назіраць за ягонымі сустрэчамі зь людзьмі (я працаваў тады палітычным аглядальнікам у газэце «Звязда«). І я вельмі добра памятаю атмасфэру тых перадвыбарчых мітынгаў. Экзальтаваных цётак, якія совалі яму ў рукі іконкі і цягнуліся, каб пацалаваць; утрапёных маладых маці, якія працягвалі яму насустрач малых дзяцей, каб пагладзіў іх па галоўцы; нейкіх знэрваваных шматгадовымі пошукамі праўды скаржнікаў, што прыносілі кіляграмовыя тэчкі папераў і глядзелі на яго ўлюбёнымі шчанячымі вачыма.

Што б ні прамаўляў малады энэргічны 39-гадовы кандыдат — ягоныя словы сустракалі воплескамі і радаснымі воклічамі. Ён сапраўды быў для гэтых людзей увасабленьнем веры і надзеі. І сам гэта разумеў і ўсьведамляў. І немагчыма было ня верыць у ягоную шчырасьць, гледзячы ў павільгатнелыя вочы і рашучы адухоўлены твар. Ён сапраўды верыў у тое, што верне «сьвятло надзеі ў спакутаваныя сэрцы».

Бясьсільле кампрамату

Улада магла распаўсюджваць які заўгодна кампрамат на яго: пра занядбанасьць гаспадарчых спраў у саўгасе «Гарадзец»; пра тое, што ён падымаў руку на трактарыстаў; пра стуардэсу, у якой нешта скралі ў самалёце, а скрадзенае знайшлі ў багажы дэпутата Лукашэнкі; пра падазроныя стрэлы ў Лёзьне, якія моцна нагадвалі самапіяр і інсцэнізацыю. Усё было бескарысна. Гэтаму не было ніякай веры — незалежна ад таго, праўдзівымі былі тыя зьвесткі ці не.

Сёньня паўтараецца тое ж, амаль адзін у адзін. Падабенства часам нават палохае. Назіраючы за апошнімі стрымамі Свабоды з розных беларускіх гарадоў, ня раз лавіў сябе на сьмешнай думцы: ну гэта ж дакладна тыя самыя цёткі, якіх я бачыў у 1994-м. І нараканьні на галечу і самадурства ўлады тыя ж, і што ў дзяцей няма годнай працы, і што калгас разваліўся, і што вось гэты малады і дзёрзкі кандыдат — наша апошняя надзея….

Толькі Лукашэнка ўжо — на іншым баку барыкады. Гэта ня ён, а яго абвінавачваюць у тым, што забраў у людзей надзею. Ня ён, а ягоныя канкурэнты абяцаюць людзям вярнуць веру ў будучыню і заклікаюць падумаць пра сваіх дзяцей. І людзі вераць — ім, а не яму. А ён, як Кебіч у 1994-м, ліхаманкава шукае і распаўсюджвае кампрамат на палітычных супернікаў, беспасьпяхова спрабуе абвінаваціць, ачарніць, даказаць, што яны ілгуць, крадуць, крывадушнічаюць…

Ці ўсьведамляе, што гэтым ягоным спробам мала веры ў грамадзтве? Верагодна, так. Ён ня можа ня памятаць тую атмасфэру 26-гадовай даўніны. Потым на працягу многіх гадоў ён ня раз узгадваў, што ў 1994-м улада валялася пад нагамі, і ён яе проста падняў. Хоць пры гэтым ніколі да канца не дагаворваў пра іншае: падняў таму, што гэта яму дазволіла зрабіць тагачасная ўлада.

Што прэм’ер Кебіч не наважыўся не зарэгістраваць яго кандыдатам (хоць фармальных падставаў на тое было больш чым дастаткова) і тым больш — распачынаць крымінальныя справы альбо саджаць за краты яго ці ягоных паплечнікаў. Верагодна, менавіта таму ён цяпер ідзе і будзе ісьці значна далей, чым Кебіч у 1994-м, і ня спыніцца перад тым, перад чым спыніўся той. Пры ім улада валяцца пад нагамі ня будзе. Прынамсі, так яму, напэўна, здаецца.

А яшчэ, гледзячы на гэтую старую ўлётку і ўспамінаючы тыя далёкія чэрвеньскія дні і ўзьнёслую атмасфэру чаканьня хуткіх зьменаў, я думаю, што палітык, які дамагаецца прэзыдэнцкай пасады, — як той настойлівы кавалер у пэрыяд заляцаньня да прыгожай дзяўчыны: абяцае зьдзейсьніць немагчымае. А дамогшыся свайго, ня робіць нават тое, што выканаць лёгка і проста. І гэта — незалежна ад таго, пра каго ідзе размова: Кебіча, Лукашэнку, Пазьняка, Бабарыку, Цапкалу або Ціханоўскага.

Дапытлівы журналіст, які яшчэ праз чвэрць стагодзьдзя адшукае ў нетрах інтэрнэту (ці што там будзе ў нашых наступнікаў у якасьці архіўных сховішчаў) патасныя абяцаньні сёньняшніх прэтэндэнтаў і кандыдатаў, напэўна, падумае пра тое ж.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG