Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Рэалізуецца сілавы сцэнар выбараў». Расейскія СМІ пра затрыманьне Бабарыкі і рэпрэсіі ў Беларусі


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Расейскія мэдыя шмат увагі надаюць прэзыдэнцкай кампаніі ў Беларусі. У прыватнасьці, пішуць пра затрыманьне аднаго з галоўных канкурэнтаў дзейнага кіраўніка дзяржавы — былога старшыні праўленьня «Белгазпрамбанку» Віктара Бабарыкі.

УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі

«Новая газета»: «Упершыню альтэрнатыўны кандыдат сабраў паўмільёна подпісаў»

Расейская «Новая газета» пісала пра рэйдэрскі захоп дачкі «Газпромбанка» і карцінаў нараджэнца Беларусі Марка Шагала, а затрыманьне Віктара і Эдуарда Бабарыкаў сайт газэты апісваў у рэжыме онлайн.

«Віктар Бабарыка ўзначальваў „Белгазпрамбанк“ цягам 20 гадоў і пакінуў пасаду дзеля перадвыбарнай кампаніі. Ужо празь месяц у банку прайшлі ператрусы і арышты, а 18 чэрвеня спраўдзіліся найгоршыя чаканьні: Камітэт дзяржаўнага кантролю затрымаў Віктара Бабарыку і яго сына Эдуарда, кіраўніка ініцыятыўнай групы. У ведамстве заявілі, што выявілі «адмывальныя схемы» і махінацыі з вэксалямі больш чым на 60 млн даляраў», — піша выданьне, дадаючы, што пакуль мужчын дапытвалі, у іхных дамах прайшлі ператрусы — без удзелу гаспадароў.

Выданьне адзначае, што Бабарыка сабраў рэкордную для альтэрнатыўных кандыдатаў колькасьць подпісаў у падтрымку сваёй кандыдатуры — амаль 500 тысяч. Пасьля затрыманьня прэтэндэнта ў Менску ўздоўж праспэкту Незалежнасьці людзі ўтварылі шматкілямэтровы пікет салідарнасьці з усімі апанэнтамі рэжыму.

«Коммерсантъ»: «Допуск Бабарыкі да выбараў паламае ўвесь расклад уладаў»

Вялікі артыкул пра беларускія падзеі надрукаваў «Коммерсантъ». Газэта задаецца пытаньнем, ці можа Віктар Бабарыка пасьля зьмяшчэньня ў СІЗА КДБ абірацца на найвышэйшую пасаду, альбо сёлетняя кампанія для яго ўжо завяршылася?

Са спасылкай на ЦВК аўтар піша, што сам факт затрыманьня ня ёсьць перашкодай для прэтэндэнта, чыя ініцыятыўная група была своечасова зарэгістраваная і пасьпяхова працавала над зборам подпісаў.

«Людзі, якія знаходзяцца ў СІЗА, пазбаўленыя права галасаваць, але не пазбаўленыя права абірацца. Каб пазбавіць чалавека пасіўнага выбарчага права, павінен прайсьці суд, а завяршыць яго да дня выбараў 9 жніўня наўрад ці ўдасца. Аднак дакладна сказаць, зарэгіструюць Бабарыку ці не, пакуль немагчыма — калі Лукашэнка перадумае, падставу адмовіць знойдуць», — патлумачыў газэце палітычны аналітык Арцём Шрайбман.

«Коммерсантъ» робіць выснову, што рашэньне наконт лёсу Віктара Бабарыкі можа аказаць значны ўплыў на ход выбараў. Ён сабраў рэкордную ў гісторыі Беларусі колькасьць подпісаў сярод альтэрнатыўных кандыдатаў, што ўпэўнена робіць яго галоўным апанэнтам Лукашэнкі. Калі яго дапусьцяць, гэта многіх падштурхне да выбарчай актыўнасьці і зьменіць увесь расклад уладаў. Калі не — наадварот, заахвоціць да байкоту.

«Московский комсомолец»: «Арышт экс-банкіра азначае прызнаньне яго папулярнасьці»

«Арышт Бабарыкі можа азначаць, што выбары ў Беларусі скончаныя». Пад такім загалоўкам выйшаў артыкул на старонках «Московского комсомольца».

«Віктар Бабарыка, галоўны апанэнт Аляксандра Лукашэнкі на маючых адбыцца выбарах быў затрыманы за содні да фінальнага тэрміну здачы подпісаў, сабраных за яго вылучэньне. У ініцыятыўнай групы экс-банкіра гэтых подпісаў ужо пад паўмільёна замест неабходных 100 тысяч. З такім зачынам адмовіць кандыдату ў рэгістрацыі практычна нерэальна. Таму ўжылі звыклыя мэтады — затрыманьні», — піша выданьне.

У камэнтары для газэты палітоляг Дзьмітры Балкунец удакладняе, што арышт Бабарыкі азначае прызнаньне Лукашэнкам папулярнасьці новага лідэра думкі ў беларускім грамадзтве. І калі прэтэндэнта не дапусьцяць да выбараў, далей іх можна не праводзіць. Бо гэта будзе пляўком у душу як мінімум паўмільёна людзей, якія аддалі подпісы за свайго кандыдата. Лукашэнка ж прымаць іхную думку ня хоча.

Цяперашняя сытуацыя можа справакаваць рост пратэставых настрояў, але складана прагназаваць, наколькі масавымі яны будуць — людзі ў Беларусі запалоханыя карнай сыстэмай, мяркуе выданьне.

«Ведомости»: «Дзіўна падтрымліваць Лукашэнку пасьля таго, што ён нагаварыў»

Сьледзтва лічыць Віктара Бабарыку арганізатарам і кіраўніком супрацьпраўнай дзейнасьці, піша бізнэсовая газэта «Ведомости». Сам прэтэндэнт раней заяўляў, што гісторыя зь «Белгазпрамбанкам» мае палітычны, замоўлены характар.

Затрыманьне Віктара Бабарыкі сьведчыць, што ў Беларусі рэалізуюць сілавы сцэнар выбараў, адзначыў газэце палітоляг Яўгеній Мінчанка.
«Усіх радыкальных апанэнтаў, якія маюць нейкі ўзровень грамадзкай падтрымкі, паздымалі. Бабарыку, мабыць, пасадзяць — вось, уласна, і ўсё. У выніку прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі набудуць плебісцытарны характар — за ці супраць дзейнага прэзыдэнта, безь якой-небудзь альтэрнатывы».

Кажучы пра пазыцыю кіраўніцтва Расеі, экспэрт заявіў: было б дзіўна падтрымліваць Лукашэнку пасьля таго, што ён нагаварыў за апошнія гады. І ў той жа час няма сэнсу ставіць на тых, хто прасоўвае антырасейскую рыторыку. Наўрад ці Крэмль зацікаўлены ў Бабарыку, які заклікаў да выхаду з АДКБ, закрыцьця БелАЭС і г.д. Таму Расея зойме пазыцыю неўмяшаньня: не падтрыманьня Лукашэнкі, а дыстанцыяваньня ад яго.

Сярод іншага ў шэрагу расейскіх мэдыя выказваюць зьдзіўленьне пазыцыяй асноўных акцыянэраў «Белгазпрамбанку» — «Газпрому» і «Газпромбанку», на долю якіх прыпадае больш за 98% актываў таго. Спачатку ў сумеснай заяве гэтыя расейскія структуры выказалі абурэньне ператрусамі і затрыманьнямі топ-мэнэджараў, але неўзабаве адступілі — падлічылі, што страта для бізнэсу «нязначная».

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG