Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апошні дзень збору подпісаў на выбарах у Беларусі — 19 чэрвеня. Што чакаецца далей


Людзі з плякатамі Валера Цапкалы, Віктара Бабарыкі і Сьвятланы Ціханоўскай на пікеце ля менскай Камароўкі, 15 чэрвеня

Да 19.00 19 чэрвеня выбарчыя камісіі Беларусі прымаюць подпісы за вылучэньне кандыдатаў у прэзыдэнты. Нават калі кандыдат здасьць 100 тысяч подпісаў, неабходных для вылучэньня, гэта яшчэ ня значыць, што кандыдата зарэгіструюць.

УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі

Старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзія Ярмошына 18 чэрвеня паведамляла, што ініцыятыўныя групы двух патэнцыйных кандыдатаў ужо здалі звыш 100 тысяч подпісаў: за Аляксандра Лукашэнку — 364 тысячы, за Віктара Бабарыку — каля 150 тысяч.

Пра збор неабходных 100 тысяч подпісаў раней заяўлялі таксама Валер Цапкала, Сяргей Чэрачань, Ганна Канапацкая і Андрэй Дзьмітрыеў. З выбараў зьняліся Алег Гайдукевіч і Натальля Кісель.

Мяркуючы з словаў Ярмошынай, подпісы пакуль не здавалі Юры Ганцэвіч, Юрась Губарэвіч, Уладзімер Няпомняшчых, Вольга Кавалькова, Мікалай Казлоў, Алесь Таболіч. Пры тым Няпомняшчых падтрымаў ідэю «кандыдатаў пратэсту» Міколы Статкевіча, а Губарэвіч, Кавалькова і Казлоў прынялі стратэгію байкоту далейшых этапаў кампаніі.

Цягам 10 дзён па завяршэньні прыёму аркушаў подпісы будуць правяраць на сапраўднасьць. Рэгістрацыя кандыдатаў у ЦВК будзе трываць ад 5 да 14 ліпеня ўключна. У гэты час нельга праводзіць пікеты — пакуль адпаведных кандыдатаў не зарэгіструюць.

Не пазьней за 1 ліпеня маюць вызначыць месцы для масавых сходаў, якія будуць ладзіць кандыдаты (асобны дазвол на кожны сход не патрэбны, будзе «паведамляльны прынцып» арганізацыі. Таксама не пазьней за гэтую дату мусяць вызначыць памяшканьні для сустрэчаў кандыдатаў з выбарнікамі, месцы для агітацыйных матэрыялаў на ўчастках галасаваньня.

Перадвыбарчыя праграмы кандыдатаў маюць даць сродкам масавай інфармацыі не пазьней за 19 ліпеня, а не пазьней за наступны дзень за тым маюць вырабіць агульныя плякаты з інфармацыяй пра ўсіх кандыдатаў ды іншыя інфармацыйныя матэрыялы ЦВК. Стэнды на ўчастках маюць аформіць не пазьней за 25 ліпеня.

За 10 дзён да выбараў або раней — не пазьней за 29 ліпеня — выбарнікам маюць разаслаць паведамленьні пра месца і час галасаваньня, інфармацыю пра кандыдатаў.

Датэрміновае галасаваньне будзе трываць ад 4 да 8 жніўня ўключна. На нядзелю 9 жніўня прызначаны асноўны дзень галасаваньня. Звычайна пад ноч асноўнага дня галасаваньня ўжо абвяшчаюць папярэднія вынікі выбараў.

Не пазьней за 19 жніўня ЦВК мае абвясьціць афіцыйныя канчатковыя вынікі выбараў. Калі спатрэбіцца другі тур, ён пройдзе не пазьней за 23 жніўня.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG