Старшыня праўладнай Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі і кіраўнік ініцыятыўнай групы Аляксандра Лукашэнкі Міхаіл Орда даў пісьмовы камэнтар парталу Tut.by адносна выбарчай кампаніі. Орда спачатку пагадзіўся на інтэрвію з парталам, але пазьней адмовіўся, спаслаўшыся на занятасьць.
УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі
Што напісаў Орда, сьцісла:
- «Нягледзячы на тое, што агітацыя афіцыйна яшчэ не праводзіцца, ужо сёньня мы чуем ад патэнцыйных кандыдатаў вельмі шмат абяцаньняў, не падмацаваных абсалютна нічым рэальным».
- Абяцаньні эканамічных рэформаў ад апанэнтаў Лукашэнкі абернуцца «стратай працы для сотняў тысяч людзей, закрыцьцём многіх прадпрыемстваў, перадзелам уласнасьці».
- «Нельга грэць рукі» на эканамічных праблемах, бо «ёсьць цяжкасьці» ў працы многіх прадпрыемстваў, але вінаватая ў іх пандэмія каранавірусу.
- «Асобныя рэсурсы, не саромеючыся, проста даюць каманду „фас“, і група адмыслова навучаных людзей накідваецца ў сацыяльных сетках на тых, хто выказваецца за захаваньне дзейнага курсу нашай краіны. Ня грэбуюць нічым: шантаж, пагрозы, абразы проста за межамі ўсяго чалавечага».
- Подпісы за Лукашэнку зьбіраюць ня толькі на дзяржаўных, але і на прыватных прадпрыемствах, і подпісы зьбіраюць, «як правіла, самі работнікі гэтых прадпрыемстваў, якія ўваходзяць у нашую ініцыятыўную групу», робяць гэта нібыта «на абедзе, да і пасьля працы».
- 50% подпісаў за Лукашэнку сабралі нібыта «на месцы жыхарства людзей» — «тут таксама хтосьці будзе казаць пра нейкі прымус?»
- Што да тых, хто заяўляе аб прымусовым уключэньні ў ініцыятыўную групу Лукашэнкі, «натуральна, пасьля праверкі ўсе прозьвішчы і імёны аказваюцца выдуманымі, як і факт прымусовага ўключэньня ў групу».