Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Просты крок да «бяскроўнай рэвалюцыі». Ярашук заклікаў беларусаў выходзіць з афіцыйных прафсаюзаў


Аляксандар Ярашук

Лідэр Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандар Ярашук заклікаў працоўных беларусаў масава выходзіць з афіцыйных прафсаюзаў. Ён лічыць, што такі крок — «унікальная магчымасьць спрыяць зьдзяйсьненьню бяскроўнай рэвалюцыі ў краіне».

УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі

Ярашук адзначае, што нездарма Лукашэнка прызначыў кіраўніком сваёй ініцыятыўнай групы старшыню Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі Міхаіла Орду. Гэтым самым ён прэзэнтаваў сваё вылучэньне ад самай буйной грамадзкай арганізацыі краіны, якая налічвае ў сваіх шэрагах больш за 4 мільёны чалавек. Такім чынам Лукашэнка паказвае, што яго падтрымліваюць практычна ўсе працоўныя Беларусі, якія хацелі б бачыць яго кіраўніком дзяржавы на чарговы тэрмін.

Выйсьці з афіцыйнага прафсаюзу Ярашук лічыць простым, але надзвычай важным крокам.

«Мы не заклікаем выйсьці на плошчу, абвесьціць страйк або праводзіць акцыі пратэсту. Але калі за гэтыя 1,5 месяцы да выбараў з прафсаюзаў выйдзе некалькі сотняў тысяч чалавек, па легітымнасьці ўлады і пэрсанальна Лукашэнку будзе нанесены моцны ўдар.

З абвальваньнем ФПБ афіцыёз, МЗС, дыпляматычны корпус страціць інструмэнт маніпуляцый грамадзкай думкай Беларусі, палітыкамі і элітамі розных краін у якасьці факту падтрымкі Лукашэнкі працаўнікамі краіны», — зазначыў Ярашук.

Ён лічыць, што пасьля масавага сыходу беларусаў з прафсаюзаў «пачнецца эрозія таталітарнай структуры з абрыдлымі паразытамі, якія сядзяць на вашай шыі — прафсаюзныя босы ФПБ», а ўсьлед за імі «эрозія ахопіць беларускі рэжым».

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі (на 13 лепеня) праваабаронцы налічылі больш за 700 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. 129 чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі, 252 чалавекі аштрафавалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG