Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кісель адмовілася ад удзелу ў выбарах, кіраўнік яе групы раней прызнаў парушэньні пры зборы подпісаў


Натальля Кісель, архіўнае фота

Асацыяцыя грузаперавозьнікаў «Рэгіён 8» апублікавала ліст аб завяршэньні ўдзелу ў перадвыбарчай кампаніі 2020 году — патэнцыйная кандыдатка Натальля Кісель здымаецца з выбараў.

УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі

Сапраўднасьць ліста пацьвердзіла Свабодзе сама Натальля Кісель.

Кіраўнік яе ініцыятыўнай групы Сяргей Штода сказаў, што ў іх ад пачатку не было плянаў удзельнічаць у «выбарчым цырку». Ставілася задача адцягнуць галасы ад Лукашэнкі на сябе, «жраць сыстэму знутры».

«Выпячваць сябе на пікетах, як Павал Севярынец ды іншыя палітычныя актывісты, і потым сядзець па турмах, — гэта ня самая эфэктыўны мэтад змаганьня ў сёньняшніх умовах», — заявіў Штода.

Таму, паводле яго, сабраныя галасы ў Цэнтарвыбаркам здаваць не плянуецца, іх перададуць «годным прэтэндэнтам». Якім чынам гэта можна зрабіць на практыцы, суразмоўца не ўдакладніў, але запэўніў, што такая магчымасьць існуе.

Паводле асацыяцыі, яшчэ ў пачатку траўня плянавалі, што Кісель здыме кандыдатуру на карысьць «больш дасьведчанага кандыдата», а мэтай кампаніі было інфармаваньне аб праблемах малога бізнэсу і галіны грузаперавозак.

За час кампаніі штаб «ніхто не запалохваў, не сачыў і не пагражаў», «не паступалі прапановы пра супрацу з КДБ ці ЦВК», сьцьвярджае «Рэгіён 8». З боку «апазыцыйных СМІ» ж былі «правакацыі».

Ініцыятыўная група, як сьцьвярджаецца, сабрала 108 тысяч подпісаў. «Рэгіён 8» заяўляе, што не падтрымлівае ані ўладу, ані апазыцыю, а сабраныя подпісы перадасьць у штабы Гайдукевіча (які раней зьняўся з выбараў), Губарэвіча, Лукашэнкі («упэўненыя: пераможа на выбарах»), Цапкалы, Дзьмітрыева, Канапацкай і Ціханоўскай. Законы не прадугледжваюць працэдуры перадачы падпісных лістоў іншым кандыдатам.

10 чэрвеня Сяргей Штода прызнаў, што ў зборы подпісаў удзельнічалі ня толькі сябры іх ініцыятыўнай групы, што ёсьць парушэньнем выбарчага заканадаўства. Штода нецэнзурна аблаяў карэспандэнта «Нашай нівы», запатрабаваў, каб ён зьмяніў публікацыю пра ягоныя ранейшыя заявы. Кісель заяўляла, што пра парушэньні падчас збору ў яе «ніякіх фактаў няма».

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG