Удзельнікі працэдуры вылучэньня адзінага кандыдата ў прэзыдэнты Беларусі ад дэмакратычных сілаў яшчэ нядаўна заяўлялі, што «правядзеньне выбараў ва ўмовах разгару эпідэміі каранавірусу недапушчальнае і злачыннае».
Але цяпер Юры Губарэвіч (старшыня руху «За свабоду»), Вольга Кавалькова (сустаршыня Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі) і Мікалай Казлоў (старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі) зьбіраюць зьвесткі ахвочых далучыцца да іхных ініцыятыўных групаў для рэгістрацыі ў Цэнтральнай выбарчай камісіі. Пры тым яны па-ранейшаму не плянуюць удзельнічаць у выбарах у якасьці кандыдатаў.
Які тады плян
Кавалькова тлумачыць на Facebook: Аб’яднаная грамадзянская партыя, Беларуская хрысьціянская дэмакратыя і рух «За свабоду» вырашылі правесьці супольную кампанію «За Беларусь без дыктатуры» дзеля патрабаваньня сыстэмных рэформаў, правядзеньня сумленных выбараў і адстаўкі Аляксандра Лукашэнкі, а таксама дзеля абароны грамадзянаў ад эпідэміі COVID-19.
Удзельнікі кампаніі плянуюць зарэгістраваць ініцыятыўныя групы кандыдатаў і «выкарыстоўваць этап збору подпісаў дзеля правядзеньня інфармацыйных пікетаў і стварэньня бясьпечных пляцовак для пратэставых групаў». Казлоў да таго ж мяркуе, што ўдзел у ініцыятыўнай групе «дасьць імунітэт ад судовага перасьледу».
Статкевіч плянуе прыблізна тое ж
Ня толькі зьбіраюць, а ўжо і рэгіструюць свае групы «кандыдаты пратэсту» кандыдата ў прэзыдэнты на выбарах-2010 Міколы Статкевіча. Подпісы Статкевіч і паплечнікі зьбіраць ня будуць, а хочуць скарыстаць зарэгістраваныя ініцыятыўныя групы для магчымасьці збору людзей на вуліцы.
На вечар 13 траўня было вядома пра 10 зарэгістраваных групаў «кандыдатаў пратэсту», раніцай 14-га зарэгістравалі і групу блогера Сяргея Ціханоўскага, які казаў, што далучаецца да кампаніі Статевіча.
У праймэрыз хацелі ўдзельнічаць шэсьць палітыкаў — дзе яшчэ тры?
Яшчэ тры палітыкі, зьвязаныя з праймэрыз, маюць асобныя тактыкі:
- Ганна Канапацкая (былая дэпутатка Палаты прадстаўнікоў, былая сябра АГП), якую не зарэгістравалі ўдзельніцай праймэрыз, распачала ўласную кампанію «Я зраблю», але заявіла, што канчатковае рашэньне пра ўдзел у выбарах будзе прымацца, сярод іншага, залежна ад разгляду ў Канстытуцыйным судзе яе звароту пра неканстытуцыйнасьць прызначэньня прэзыдэнцкіх выбараў цяперашнім нелегітымным, на яе думку, складам Палаты прадстаўнікоў;
- Павал Севярынец (сустаршыня БХД), які быў фаварытам праймэрыз, але зьняў кандыдатуру праз пандэмію каранавірусу і «масавае галасаваньне райвыканкамаў», заклікаў да байкоту выбараў падчас пандэміі;
- Аляксей Янукевіч (намесьнік старшыні партыі БНФ), які зьняўся з праймэрыз сьледам за Севярынцам, сам не заяўляў аб удзеле ці няўдзеле ў выбарах, але ягоная партыя адмовілася ўдзельнічаць у выбарах, якія назвала «махлярствам падчас пандэміі».