Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Янукевіч сьледам за Севярынцам выйшаў з праймэрыз. БНФ рыхтуе новыя варыянты ўдзелу ў кампаніі

абноўлена

Аляксей Янукевіч падчас праймэрыз у Гарадку, 6 сакавіка 2020 году
Аляксей Янукевіч падчас праймэрыз у Гарадку, 6 сакавіка 2020 году

Намесьнік старшыні Партыі БНФ Аляксей Янукевіч аб’явіў аб выхадзе з працэдуры выбараў адзінага кандыдата ад апазыцыі.

У камэнтары Свабодзе Аляксей Янукевіч паведаміў, што рашэньне было ўхваленае Партыяй БНФ. Яно зьвязана з тым, што разбурана адзінства ўнутры кааліцыі — спачатку недапушчэньнем удзелу ў праймэрыз Канапацкай, потым канфліктам паміж Севярынцам і Губарэвічам, выхадам Севярынца з кампаніі.

Янукевіч не выключае, што можа вярнуцца ў праймэрыз, умоўна кажучы, калі Севярынец і Губарэвіч дамовяцца, то бок калі першы вернецца ў кампанію, а другі патлумачыць, якім чынам на праймэрыз за яго галасавалі прадстаўнікі ўладаў.

«Але я не ўяўляю, як гэта можа здарыцца. Таму мы цяпер у БНФ будзем разглядаць варыянт стварэньня новай кааліцыі зь іншымі правацэнтрысцкімі сіламі, самастойнага ўдзелу ў выбарах або байкоту».

Губарэвіч: гэта «інфантыльныя паводзіны»

Яшчэ адзін удзельнік праймэрыз, лідэр руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч раскрытыкаваў паплечнікаў на Facebook: «Шкада, што інфантыльныя паводзіны часткі лідараў апазіцыйных структураў чарговы раз паспрыяюць умацаваньню кіруючага рэжыму».

Паводле яго, «неспадзяваным шокам» для часткі лідэраў апазыцыі стаў «выхад за межы апазыцыйнай бурбалкі і сутыкненьне з рэальнымі („падазронымі“!) грамадзянамі Беларусі». Раней адной з прычынаў сыходу з праймэрыз сустаршыня БХД Павал Севярынец называў «масавае галасаваньне выканкамаў» на замову ўладаў.

Чаму зьняўся Севярынец

16 сакавіка пра спыньненьне ўдзелу ў выбары адзінага кандыдата (праймэрыз) ад апазыцыі на прэзыдэнцкіх выбарах 2020 году заявіў сустаршыня Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі Павал Севярынец.

Як сказаў Севярынец, прычыны гэтаму дзьве: пандэмія каранавірусу і «масавае галасаваньне райвыканкамаў». Маўляў, дзясяткі людзей у розных гарадах прыходзілі на галасаваньне на замову ўладаў.

Цяпер палітык, які лічыўся фаварытам праймэрыз, не зьбіраецца выстаўляць сваю кандыдатуру на выбары ні ад кааліцыі, ні самастойна.

Як плянавалі праймэрыз

16 сакавіка рада кампаніі народнага галасаваньня (праймэрыз​) вырашыла прыпыніць праз пандэмію каранавірусу рэгіянальныя паездкі кандыдатаў ад 18 сакавіка да 2 красавіка.​

«Прапанова Паўла Севярынца аб адмене працэдуры Народнага галасаваньня (праймэрыз) і абвяшчэньні байкоту не прайшла», — дадалі ў радзе народнага галасаваньня.

Заплянаваную на 17 сакавіка сустрэчу ў Баранавічах не скасавалі. Мяркуецца, што ад 23 сакавіка пачнецца інтэрнэт-галасаваньне за выбар «адзінага кандыдата» ад апазыцыі.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG