Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выбарная кампанія ў Беларусі пачалася з рэпрэсій, — праваабаронцы


Затрыманьні ў Гомлі

Улады Беларусі пачалі выбарную кампанію з рэпрэсій супраць грамадзянскай супольнасьці — праваабаронцаў, журналістаў, актывістаў, цытуе БелаПАН аднаго з каардынатараў кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» Ўладзімера Лабковіча.

Затрыманьні ствараюць неспрыяльны фон

8 траўня Палата прадстаўнікоў прызначыла выбары прэзыдэнта Беларусі на 9 жніўня. 15 траўня мінае тэрмін падачы дакумэнтаў на рэгістрацыю ініцыятыўных групаў па вылучэньні кандыдатаў на найвышэйшую пасаду. У першыя дні абвешчанай кампаніі адбыліся затрыманьні актывістаў, блогераў, журналістаў.

«Мы патрабуем неадкладнага спыненьня перасьледу ўсіх удзельнікаў мірных пратэстаў, у першую чаргу журналістаў і праваабаронцаў. Патрабуем, каб неадкладна былі вызваленыя журналіст, сябра Праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Буракоў, праваабаронца зь Берасьця Ўладзімер Вялічкін, праваабаронца Раман Кісьляк, а таксама журналісты Алесь Асіпцоў, Зьміцер Лупач, Міхаіл Аршынскі, усе блогеры і ўдзельнікі акцый апошніх дзён», — заявіў Уладзімер Лабковіч.

Па яго словах, масавыя затрыманьні на пачатку выбарнай кампаніі ствараюць «неспрыяльны фон», які сьведчыць, што ўлады вырашылі пайсьці шляхам перасьледу яе ўдзельнікаў.

Акрамя таго, праваабаронцаў непакоіць, што аўтар youtube-каналу «Краіна для жыцьця» Сяргей Ціханоўскі адбывае адміністрацыйнае пакараньне і ня можа падаць дакумэнты на рэгістрацыю сваёй ініцыятыўнай групы.

Знайсьці балянс паміж празрыстасьцю выбараў і бясьпекай людзей

Уладам Беларусі неабходна знайсьці балянс паміж празрыстасьцю правядзеньня чарговай палітычнай кампанііі і бясьпекай грамадзян у сувязі з пандэміяй, перакананы каардынатар кампаніі ад Беларускага Хэльсынскага камітэту Алег Гулак.

Ён нагадаў, што «Праваабаронцы за свабодныя выбары» зьвярнуліся ў Цэнтравыбаркам, Вярхоўны суд і Палату прадстаўнікоў з прапановай урэгуляваць працэдуры з улікам небясьпекі распаўсюду COVID-19.

«Важна шукаць балянс паміж неабходнасьцю забясьпечыць умовы, якія б мінімізавалі рызыку захворваньня, але захавалі б сутнасьць выбараў, — сказаў ён. — Гэты балянс павінен быць у кожнай працэдуры, пачынаючы з працы камісій. Важна, каб чальцы камісій не рызыкавалі захварэць, бо потым ня будзе каму падводзіць вынікі. І, вядома, важна, каб падчас збору подпісаў, агітацыі, галасаваньня ў людзей былі адэкватныя магчымасьці для ўдзелу ў кампаніі».

Аднак, адзначыў Алег Гулак, на прапановы праваабаронцаў прадстаўнікі органаў улады адказалі, што ўносіць якія-небудзь зьмены ў заканадаўства «ўжо позна».

Выбарам пагражаюць сыстэмныя фальсіфікацыі

На шляху правядзеньня свабодных і дэмакратычных прэзыдэнцкіх выбараў стаяць «дзьве істотныя пагрозы», лічыць прадстаўнік кампаніі назіраньня ад праваабарончага цэнтру «Вясна» Ўладзімер Лабковіч.

«Адна зь іх — сыстэмныя фальсыфікацыі, якія мы назіралі падчас папярэдніх выбараў. Мы са шкадаваньнем адзначаем, што ўлады не выкарыстоўвалі час паміж парлямэнцкімі выбарамі і прэзыдэнцкімі для таго, каб імплемэнтаваць рэкамэндацыі, якія выказвалі міжнародныя і нацыянальныя назіральнікі, каб наша заканадаўства хоць нейкім чынам прадугледжвала магчымасьць правядзеньня свабодных і дэмакратычных выбараў», — адзначыў праваабаронца.

Паводле яго, існуе пагроза тых жа «выбараў», якія ўжо выклікалі нэгатыўную рэакцыю за тое, што не былі свабоднымі і дэмакратычнымі.

Другая пагроза, па словах Уладзімера Лабковіча, — сытуацыя з распаўсюдам каранавірусу, празь які грамадзтва ў прынцыпе можа страціць магчымасьць узяць удзел у выбарах.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG