Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка заявіў, што пасьля параду ў Менску «зьніжэньне пнэўманіяў удвая». Ці так гэта?


Аляксандар Лукашэнка на парадзе 9 траўня
Аляксандар Лукашэнка на парадзе 9 траўня

Аляксандар Лукашэнка 12 траўня заявіў пра «зьніжэньне пнэўманіяў удвая» пасьля параду на 9 траўня ў Менску. Кадры з гэтай цытатай паказаў дзяржаўны тэлеканал АНТ. Але лекар, зь якім пагутарыла Свабода, лічыць гэтую заяву сумнеўнай.

Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>

Лукашэнка згадаў «нэгатыўныя прагнозы наконт параду» (такія давалі беларускія і расейскія палітыкі, праваабаронцы, мэдыкі, у тым ліку афіцыйны прадстаўнік Сусьветнай арганізацыі здароўя ў Беларусі). Але заявіў, што горш ня стала:

«Абсалютна быў перакананы, што людзі знаходзяцца на паветры, гэта ня горш, чым яны там недзе будуць зачыненыя, — сказаў Лукашэнка. — Гэта вайсковыя людзі былі, вельмі шмат, тыя, што перахварэлі, і гэтак далей. Але ўсё ж у душы, у сэрцы неяк насьцярожанасьць была.

Ну і што мы атрымалі? У Менску значнае — учора ў два разы — зьніжэньне пнэўманіяў. У два разы! І я ўчора, перахрысьціўшыся, кажу: дай Божа, каб мы і далей так па пнэўманіях прайшлі. У тым пляне, што мы шпіталізавалі і выпісалі людзей — і ў нас у мінус пайшло, і ня толькі ў Менску. І мы атрымалі дадатковае ложка-месца на ўсялякі выпадак для людзей, хто захварэў».

Адзін зь лекараў выказаў Свабодзе такую здагадку: Лукашэнку маглі даць няпоўную статыстыку па асобных днях па адным зь відаў пнэўманіяў — напрыклад, выключыць са статыстыкі вірусную пнэўманію. Зьніжэньне захворвальнасьці па ўсіх пнэўманіях ён лічыць сумнеўным.

Чаму словы Лукашэнкі могуць выклікаць сумневы:

  • У той жа дзень, калі ён казаў пра «зьніжэньне пнэўманіяў», ён казаў ураду, што «галавой усе адказваюць за сьмяротнасьць насельніцтва», у тым ліку ў сувязі з «ковіднымі і пнэўманійнымі паказьнікамі».
  • За дзевяць дзён да таго, 3 траўня Лукашэнка казаў, што «ў нас назіраецца, няхай на 40-50 чалавек за 4 месяцы, прырост пнэўманій да ўзроўню мінулага года» — падзеньне ў сталіцы ўдвая пасьля прыросту па ўсёй краіне малаверагодна.
  • Ён рабіў ужо шмат заяваў адносна эпідэміі каранавірусу: што пік быў у канцы сакавіка, што ад каранавірусу ніхто не паміраў і не памрэ, што «лячыцца» можна трактарам, алькаголем, хакеем, маслам, лазьняй, козачкамі і іншым.
  • Пнэўманія — адно з асноўных наступстваў інфэкцыі новым каранавірусам SARS-CoV-2. Але ў гэтага вірусу ёсьць бессымптомны інкубацыйны пэрыяд, які звычайна цягнецца каля 5 дзён, можа цягнуцца да 14 дзён. То значыць, калі людзі заразіліся на парадзе 9 траўня, сымптомы ў большасьці маюць зьявіцца 14 траўня і пазьней.
  • Прырост хворых на COVID-19 у Беларусі, паводле афіцыйных зьвестак, ад 25 сакавіка трымаецца на ўзроўні 816–973 выпадкі на дзень і не спадае. Адпаведна, колькасьць пнэўманіяў, выкліканых каранавірусам, наўрад ці будзе істотна спадаць — лекаў ад COVID-19 у сьвеце яшчэ няма. Акрамя таго, беларускія лекары ананімна заяўляюць, што ня ўсім хворым ставяць адпаведны дыягназ.
  • Іншыя краіны адмянялі вайсковыя парады і масавыя мерапрыемствы ў сувязі з каранавірусам. Але ў Маскве перад карантынам прайшла рэпэтыцыя параду — паведамляюць, што каранавірусам заразіліся «сотні ўдзельнікаў».

Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG