Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сусьветная арганізацыя здароўя падзякавала краінам, якія скасавалі парады на Дзень перамогі. Беларусі не датычыць


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Падчас прэс-канфэрэнцыі 7 траўня кіраўнік эўрапейскага аддзяленьня Сусьветнай арганізацыі здароўя (WHO) Ганс Клюге назваў Дзень перамогі «вельмі важным днём»: ён заклікаў знайсьці «альтэрнатыўня рашэньні» для сьвяткаваньня, каб «не рызыкаваць чалавечымі жыцьцямі».

Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>

Паводле Клюге, сытуацыя ва Ўсходняй Эўропе выклікае занепакоенасьць: колькасьць новых выпадкаў COVID-19 за апошні тыдзень вырасла ў Беларусі, Казахстане, Расеі і Ўкраіне. Правядзеньне масавых мерапрыемстваў цяпер можа справакаваць новую ўспышку захворваньняў.

Клюге дадаў, што хоча адзначыць тыя ўрады, якія прынялі «адважнае рашэньне» адкласьці або перанесьці парады і «паставілі здароўе людзей на першае месца», а таксама адзначыў, што рэгіянальны офіс WHO ставіцца да Дня перамогі зь вялікай павагай, таму заклікае знайсьці альтэрнатыўныя варыянты адзначэньня.

У Беларусі па-ранейшаму плянуюць правесьці парад 9 траўня ў Менску, ад 11.00. Гэнэральная рэпэтыцыя параду пачнецца 8 траўня а 21:00.

Місія Сусьветнай арганізацыі здароўя і Пастаянная каардынатарка Арганізацыі аб’яднаных нацыяў у Беларусі заклікалі беларускія ўлады зрабіць неадкладныя новыя захады супраць эпідэміі: перанесьці або скасаваць масавыя мерапрыемствы, даць магчымасьці для дыстанцыйнай працы і адукацыі, закрыць забаўляльныя ўстановы і скараціць «неістотныя перасоўваньні» людзей. У Брусэлі кажуць, што Беларусь атрымае дапамогу ў барацьбе з COVID-19 толькі тады, калі будзе выконваць рэкамэндацыі Сусьветнай арганізацыі здароўя.

Аляксандар Лукашэнка тым часам заяўляе, што «асабліва ня парыцца» з нагоды выяўленых выпадкаў каранавірусу. Рост пнэўманіяў у Беларусі ён лічыць «мізэрам». Лукашэнка адмаўляецца скасаваць вайсковы парад на 9 траўня, нават пасьля таго, як ад удзелу ў тым парадзе адмовіліся вайскоўцы з Расеі і Кітаю, шэраг расейскіх палітыкаў. Таксама Лукашэнка ня робіць тэст на каранавірус, хоць працягвае наведваць публічныя мерапрыемствы і асабіста сустракаецца з чыноўнікамі, ціснуць рукі пры сустрэчы.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Яшчэ на гэтую тэму

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG