Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вылет самалёта — некалькі тысяч даляраў, выезд танка — некалькі сотняў. Колькі каштуе парад


Рэпетыцыя вайсковага параду ў Менску
Рэпетыцыя вайсковага параду ў Менску

9 траўня, нягледзячы на заклікі грамадзтва і рэкамэндацыі Сусьветнай арганізацыі здароўя, улады Беларусі будуць праводзіць вайсковы парад. Падлічваем разам з экспэртам, колькі гэта можа каштаваць.

Афіцыйных лічбаў наконт кошту параду ў Беларусі няма, яны не публікуюцца. Адзін з самых значных пунктаў расходу параду — паліва для самалётаў. Толькі адзін вылет кожнага самалёта можа каштаваць ад адной да некалькіх тысяч даляраў, падлічвае вайсковы экспэрт Аляксандар Алесін.

Колькі каштуе парад


«За час падрыхтоўкі да параду кожная машына зьядае да тоны паліва. Авіяцыя патрабуе да некалькіх тонаў на кожную машыну для палёту, і гэта на 1,5-2 гадзіны. Палёт аднаго самалёта можа каштаваць да некалькіх тысяч даляраў», — расказвае Аляксандар Алесін.

У вайсковых парадах у Беларусі бярэ ўдзел каля 12 танкаў і каля 12 самалётаў. Адзін танк спальвае за адзін праезд некалькі сотняў даляраў. Такім чынам, толькі адзін парадны выезд танкаў, без уліку падрыхтоўкі, абыходзіцца ў 3600-3800 даляраў. Вылет самалётаў — у 24-26 тысяч даляраў.

У беларускім парадзе могуць ня ўлічвацца траты на экалёгію і на ўтрыманьне вайскоўцаў.

«Цяжка сказаць, ці ўлічваюцца ў нас растраты на ўтрыманьне пэрсаналу і расходы на ўзнаўленьне экалёгіі. Бо тэхніка забруджвае навакольле і псуе дарожнае пакрыцьцё», — кажа Аляксандар Алесін.

З гэтымі растратамі, паводле Аляксандра Алесіна, парад можа каштаваць да 1 мільёна даляраў — столькі парад каштуе ў заходніх краінах. У Беларусі ён можа каштаваць некалькі сотняў тысяч даляраў. Але гэта непасрэдна парад, без уліку вечаровай ілюмінацыі гораду, упрыгажэньняў, разгону хмараў і рамонту асфальту. У 2016 годзе ў Расеі на парады патрацілі:

  • У Маскве — 4,5 мільёна даляраў
  • У Санкт-Пецярбургу — 409 тысяч даляраў

Адкуль грошы на парад

У Міністэрстве абароны Беларусі ня раз казалі, што спэцыяльна на парад грошы зь бюджэту не выдзяляюць, а расходуюць сродкі, закладзеныя ў ім на вайсковую падрыхтоўку.

«Калі вярстаецца бюджэт, ведаюць, якія калі будуць парады, і туды проста закладаюцца гэтыя сродкі», — гаворыць Аляксандар Алесін.

Агульны бюджэт Мінабароны на гэты год — 1,4 мільярда рублёў, ці 600 мільёнаў даляраў па сёньняшнім курсе.

Ці магчымы бясьпечны парад ва ўмовах пандэміі?

Улады Беларусі ня хочуць адмяняць парад, нягледзячы на заклапочанасьць Сусьветнай арганізацыі здароўя.

Пры гэтым у суседняй Расеі парад да 9 траўня адменены.
«Мушу сказаць, што мы ня можам адмяніць парад», — так адрэагаваў на заклікі грамадзтва Аляксандар Лукашэнка.

Але ці можна правесьці парад максымальна бясьпечна?

«Скарочаны парад мог бы быць без праходжаньня пешых калёнаў, толькі тэхніка, экіпажы ізаляваныя. Яны могуць гермэтычна закрыцца ў сваіх машынах. Гэта быў бы адэкватны варыянт. Можна пагрымець, але пашкадаваць вайскоўцаў», — мяркуе Аляксандар Алесін.

Плянуецца, што ў парадзе 9 траўня возьмуць удзел больш за 3 тысячы вайскоўцаў і 180 адзінак тэхнікі.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG