Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бяспройгрышны госьць Лукашэнкі на парад 9 траўня


Кім Чэн Ыу лімузіне, Расея, красавік 2019. Фота ТАСС

Выглядае, на запрашэньне Лукашэнкі расейскім палітыкам прыехаць на парад 9 мая мала хто адгукнецца. Ідэйна блізкая фракцыя камуністаў у Дзярждуме не рэкамэндавала сваім дэпутатам ехаць у Менск, Жырыноўскі быў менш дыпляматычны і назваў парад у час пандэміі злачынствам.

Прычына ясная: у Крамлі парад успрынялі як аплявуху Пуціну, і для пракрамлёўскіх палітыкаў падыгрываць Лукашэнку — гэта як увайсьці голым у каранавірусны шпітальны корпус.

Але ў Аляксандра Рыгоравіча ёсьць варыянт з асобай, якая па сваёй мэдыйнай вядомасьці перакрывае і Жырыноўскага, і Зюганава, і самога Лукашэнку, і, магчыма, нават Пуціна.

Гэта — лідэр Паўночнай Карэі Кім Чэн Ын.

Якія бонусы абодвум?

Зьявіўшыся на трыбуне ў сталіцы эўрапейскай краіны, Кім разаб’е міты пра сваю нямогласьць і дрэннае здароўе. Ня кажучы пра сьмерць.

Тэлекарцінка побач з правадыром чучхе, які трымае ў ядзерных закладніках увесь сьвет — такая тэлекарцінка будзе два-тры дні галоўным сюжэтам вядучых тэлеканалаў сьвету і першых палосаў самых уплывовых выданьняў.

Ды што газэты! Трамп у Белым Доме, Макрон у Елісейскім палацы і, не пабаюся сказаць, Яе Вялікасьць у палацы Букінгемскім праз павелічальнае шкло будуць разглядаць фігуру на фота — «А хто гэта побач з Кімам?»

Тут галоўнае, каб палітыкі ў Вашынгтоне і хатнія гаспадыні ў Правансе, у Каліфорніі ці ў Адэлаідзе ня зблыталі Аляксандра Рыгоравіча ў маршальскай форме з кімаўскімі генэраламі — па колькасьці біжутэрыі на мундзірах вельмі ўжо падобныя.

Але ў карэйскіх генэралаў, здаецца, няма вусоў...

Ёсьць толькі адна перашкода — Кім, як і яго бацька і як дзед, ня лётае самалётам. Толькі браніраваны цягнік.

Ад Пхэньяну да Менску, праз усю Расею?... За некалькі дзён?...

Не. Не пасьпее.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG