Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Якія грашовыя выплаты атрымліваюць вэтэраны ў Беларусі і ў іншых краінах


Аляксандар Лукашэнка і беларускія вэтэраны, 9 траўня 2013 году

У Беларусі вэтэранам Другой усясьветнай вайны выплацяць ад 360 да тысячы даляраў, у Расеі па тысячы даляраў заплацяць вэтэранам, у тым ліку і тым, хто жыве ў Літве, Латвіі і Эстоніі. Свабода паглядзела, як узнагароджваюць удзельнікаў Другой усясьветнай вайны ў Беларусі і ў суседзяў.

У Беларусі

На 1 красавіка 2019 году ў Беларусі жылі 6250 вэтэранаў Другой усясьветнай вайны. Людзей, якія лічацца пацярпелымі ад наступстваў Другой усясьветнай вайны, — 15 194 чалавекі.

Сёлета матэрыяльныя выплаты вэтэраны ў Беларусі маюць атрымаць з 1 красавіка па 1 траўня. Найбольшыя выплаты — 2500 рублёў, або крыху больш за 1 тысячу даляраў па цяперашнім курсе — атрымаюць вэтэраны, якія маюць званьне Героя Савецкага Саюзу. Год таму, па стане на 1 красавіка 2019 году, такіх у Беларусі было двое — Іван Кустаў і Васіль Мічурын.

Па 1700 рублёў атрымаюць:

  • Людзі з інваліднасьцю і ўдзельнікі вайны, а таксама ўдзельнікі баявых дзеяньняў па абароне Айчыны да 3 верасьня 1945 году
  • Асобы, якія ўдзельнічалі ў разьмініраваньні тэрыторыі і аб’ектаў пасьля вызваленьня ад акупацыі ў 1943–1945 гадах

Па 900 рублёў атрымаюць:

  • Асобы, узнагароджаныя ордэнамі і мэдалямі СССР за самаадданую працу і вайсковую службу ў тыле ў гады вайны
  • Асобы, якія працавалі на аб’ектах супрацьпаветранай абароны, будавалі абарончыя збудаваньні, марскія базы, аэрадромы ды іншыя вайсковыя аб’екты ў тылавых межах
  • Асобы, якія працавалі ў Ленінградзе ў часы блякады і ўзнагароджаныя мэдалямі «За абарону Ленінграда» ці знакам «Жыхару блякаднага Ленінграду».

Па 700 рублёў выплацяць сем’ям вайскоўцаў, партызанаў, падпольшчыкаў, якія загінулі ці зьніклі бязь вестак у гады вайны, вязьням лягераў і гета, людзям, якія атрымалі інваліднасьць у часы вайны.

Калі ў людзей ёсьць права на некалькі такіх выплатаў, то ім прызначаецца найбольшая з магчымых.

Ва Ўкраіне

4,8 мільёна даляраў накіруюць на падтрымку вэтэранаў ва Ўкраіне. Выплаты тычацца вэтэранаў, якія маюць першую, другую ці трэцюю групы інваліднасьці, удзельнікаў баявых дзеяньняў, асобаў, якія маюць заслугі перад Айчынай, і сем’яў загінулых на вайне. Вэтэраны атрымаюць ад 30 да 150 даляраў (900–4120 грыўняў).

У Расеі

Ад 50 да 75 тысяч расейскіх рублёў, або ад 680 да 1030 даляраў, атрымаюць вэтэраны вайны і сем’і загінулых у вайне ў Расеі. Для вэтэранаў гэта сума ў 1030 даляраў, для вязьняў гета і турмаў — 680 даляраў.

Выплаты тычацца і вэтэранаў, якія жывуць у Літве, Латвіі і Эстоніі.

Ілюстрацыйнае фота. Вэтэраны на парадзе ў Маскве, 2018 год
Ілюстрацыйнае фота. Вэтэраны на парадзе ў Маскве, 2018 год

У Літве і Латвіі

У гэтых краінах не сьвяткуюць ні 8, ні 9 траўня на афіцыйным узроўні, бо ня лічаць гэта вызваленьнем ад акупацыі. Афіцыйная пазыцыя — скончылася нямецкая акупацыя і вярнулася савецкая.

Пры гэтым у Літве ўдзельнікі збройнага супраціву і ўдзельнікі баёў за свабоду маюць права на пэнсіі. Ім могуць прызначыць пэнсіі ад 166 да 232 эўра, а таксама яны маюць зьніжкі на транспарт. Гэта:

  • Удзельнікі антысавецкага паўстаньня ў чэрвені 1941-га.
  • Атрад абароны Айчыны (вясна-лета 1944-га).
  • Паваенныя партызаны.

Савецкія вэтэраны ў Літве могуць разьлічваць на выплаты з боку Расеі. У Латвіі паводле закону аб статусе ўдзельніка Другой усясьветнай вайны людзі могуць разьлічваць на зьніжкі і сацыяльныя гарантыі, памер якіх вызначаюць мясцовыя органы ўлады.

Такі статус могуць атрымаць удзельнікі вайны як з аднаго, так і з другога боку, за выключэньнем тых, хто ўваходзіў у НСДАП, гестапа, КДБ, а таксама асуджаныя за злачынствы супраць міру і не рэабілітаваныя. Вэтэраны савецкага войска ў Латвіі таксама могуць атрымаць выплаты з Расеі.

У Польшчы

Вэтэраны ў Польшчы маюць дадатак да пэнсіі ў 229 злотых, або 54 даляры, а таксама кампэнсацыю аплаты электраэнэргіі ў 40 даляраў і іншыя кампэнсацыйныя выплаты. У дадатак да пэнсіі, такім чынам, на месяц выходзіць больш за 100 даляраў.

Таксама вэтэраны могуць разьлічваць на пэрыядычную штомесячную дапамогу ў памеры 285 даляраў (1200 злотых), а таксама выплаты ад мясцовых уладаў. На пэрыяд пандэміі асобна на іх падтрымку выдзелена каля 7 мільёнаў даляраў.


У іншых краінах

У Нямеччыне вэтэраны вэрмахту атрымліваюць ад 1600 да 9000 даляраў (тут і далей — у эквіваленце). У Вялікай Брытаніі штомесячныя выплаты вэтэранам складаюць ад 2200 да 10 000 даляраў.

У ЗША вэтэранам Другой усясьветнай вайны плацяць 1500 даляраў пэнсіі, і да гэтага існуе надбаўка ў 1200 даляраў.

У Францыі плацяць 1400 даляраў і штогадовую надбаўку ў 770 даляраў.

У Ізраілі вэтэраны Другой усясьветнай вайны атрымліваюць каля 1500 даляраў штомесячна. Апроч пэнсіі, вязьням лягераў выплачваецца штогод 300 даляраў на аздараўленьне.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG