Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусы з Расеі заклікалі землякоў не хадзіць на парад у Менску


Кіраўніца аб’яднаньня «Беларускі клюб «Крывічы» Воля Галанава
Кіраўніца аб’яднаньня «Беларускі клюб «Крывічы» Воля Галанава

Актывісты Іркуцкага беларускага клюбу «Крывічы» зьвярнуліся да землякоў напярэдаді 75-годзьдзя Перамогі.

Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>

«Здавалася б, важна адзначыць гэты дзень, але жахлівая пандэмія накрыла ўсю плянэту, — гаворыцца ў звароце. — Практычна ўсе краіны абвясьцілі надзвычайную сытуацыю, увялі карантын ці прынамсі самаізаляцыю. Беларусь — наша гістарычная радзіма — гэтага не зрабіла. Мы сочым за сытуацыяй на Бацькаўшчыне і бачым, што і там хвароба набірае абароты. З кожным днём тых, хто захварэў і, на вялікі жаль, памёр, становіцца ўсё больш».

Прыбайкальскія беларусы перажываюць за сваіх родных ды сяброў, заклікаюць праявіць грамадзянскую пазыцыю і не хадзіць 9 траўня на парад у Менску.

«Так, важна памятаць пра перамогу, але навошта павялічваць колькасьць ахвяраў у мірны час? Ёсьць верагоднасьць, што на парадзе ды іншых гуляньнях удзельнікі паспрыяюць распаўсюду каранавірусу. Хтосьці, магчыма, мае ўстойлівы імунітэт, і таго хвароба зачэпіць у лёгкай форме. Але многія рызыкуюць атрымаць крытычную дозу. Нельга гэтага дапусьціць», — адзначаецца ў лісьце-папярэджаньні ад «Крывічоў».

Асобна расейскія беларусы звяртаюцца да студэнтаў, агітуюць ісьці на гэтыя дзяржаўныя імпрэзы.

«Вы прыйшлі ў ВНУ набірацца ведаў, а не „закрываць“ залікі і практыкі любым спосабам. Дык вучыцеся і будзьце здаровыя! Не хадзіце на парад і масавыя гуляньні. Захавайце сябе для будучай Беларусі, вам яе прафэсійна разьвіваць празь некалькі гадоў. Захавайце здароўе сваіх блізкіх, якія робяць усё, каб вы маглі па-сапраўднаму вучыцца, а не „атрымліваць“ адзнакі. Заставайцеся дома!»

Адзначаць Дзень Перамогі можна па-рознаму, падсумоўваюць актывісты беларускага клюбу «Крывічы». У тым ліку запісаць відэаролік зь песьняй-віншаванкай і адправіць яго дзядам, бабулям, бацькам і проста сябрам. Сучасныя тэхналёгіі дазваляюць зрабіць многае бяз рызыкі сьмяротна захварэць.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG