Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Заяву ініцыятыўнай групы блогера Ціханоўскага прынялі ў ЦВК, хоць сам ён за кратамі


Сяргей Ціханоўскі, архіўнае фота

У сьпісе асобаў, якія падалі заявы аб рэгістрацыі ініцыятыўных групаў для выстаўленьня кандыдатаў у прэзыдэнты Беларусі раніцай 14 траўня зьявіўся адзінаццаты пункт: Сяргей Ціханоўскі.

Раней аўтар Youtube-каналу «Страна для жизни» Сяргей Ціханоўскі анансаваў, што будзе выстаўляць сваю кандыдатуру. Але анонс быў апублікаваны 6 траўня — у той жа дзень, калі Ціханоўскага затрымалі.

Цяпер Ціханоўскі адбывае 15 сутак арышту за ўдзел у акцыі супраць інтэграцыі з Расеяй 20 сьнежня 2019 году. Гэта значыць, што ён выйдзе на волю толькі ў канцы наступнага тыдня, а заявы ў ЦВК прымаюць да канца гэтага тыдня, да 15 траўня.

Заяву ў ЦВК можна падаць і без асабістага ўдзелу кандыдата, праз даверанасьць. Раней гучалі розныя вэрсіі адносна таго, ці пасьпеў Ціханоўскі аформіць даверанасьць перад зьняволеньнем і ці пусьцяць да яго адваката, каб ён мог аформіць даверанасьць за кратамі. Палітык Мікола Статкевіч раней казаў, што падасьць дакумэнты за Ціханоўскага вечарам 14 траўня разам з дакумэнтамі іншых «кандыдатаў пратэсту».

У дакумэнтах ЦВК Сяргей Ціханоўскі пазначаны як беспартыйны дырэктар ТДА «Студыя Компас», кіраўніцай ініцыятыўнай групы запісана Сьвятлана Ціханоўская.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG