Выбары прэзыдэнта Беларусі прызначылі на 9 жніўня, сьпісы ініцыятыўных груп трэба падаць да 15 траўня. Блогер Сяргей Ціханоўскі заяўляў аб жаданьні выставіць сваю кандыдатуру, але цяпер знаходзіцца ў зьняволеньні і ня зможа падаць заяву да 15 траўня.
Мікола Статкевіч, кандыдат у прэзыдэнты на выбарах-2010, казаў, што вылучае «каля 30 пратэставых кандыдатаў» — і сваю кандыдатуру таксама. У лік ягоных «кандыдатаў пратэсту» ўвайшоў і Сяргей Ціханоўскі.
Раней было невядома, ці пакінуў Ціханоўскі даверанасьць для таго, каб нехта мог зарэгістраваць ягоную ініцыятыўную групу ў выпадку ягонай адсутнасьці. Але Статкевіч на відэа 10 траўня расказаў, што вечарам 14-га разам з прыхільнікамі Ціханоўскага панясе заяву аб рэгістрацыі супольнай ініцыятыўнай групы «кандыдатаў пратэсту» ў Цэнтральную выбарчую камісію. Статкевіч абвясьціў збор на 18 гадзін, пры гэтым працоўны дзень у ЦВК сканчаецца а 18-й гадзіне.
Статкевіч падкрэсьліў, што ня ладзіць масавай акцыі — пойдуць бяз лёзунгаў і сьцягоў.