Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Здымаў кліпы, хоча быць прэзыдэнтам. Хто такі Сяргей Ціханоўскі, на якога два дні палявала міліцыя


Сяргей Ціханоўскі, архіўнае фота
Сяргей Ціханоўскі, архіўнае фота

Блогера Сяргея Ціханоўскага 6 траўня, пасьля двух дзён перасьледу, затрымала міліцыя. Назаўтра ён праз відэазварот заявіў пра намер балятавацца ў прэзыдэнты​. Свабода сабрала, што пра яго вядома.

Сяргей Ціханоўскі — аўтар Youtube-каналу «Страна для жизни», заснавальнік і прадусар кампаніі па вытворчасьці відэаролікаў. Гэтая кампанія здымала кліпы для расейскага гурту «Пропаганда» і відэапрэзэнтацыі беларускай вайсковай тэхнікі. Каля году Сяргей Ціханоўскі займаецца толькі сваім відэаблогам.

Ужо два месяцы Сяргей Ціханоўскі езьдзіць па краіне на арандаваным аўтадоме і праводзіць сустрэчы з падпісчыкамі, якія трансьлюе ў свой блог.

6 траўня, пасьля таго як Ціханоўскага затрымалі каля Магілёва, прыхільнікі блогера выйшлі на вуліцы ў Менску і іншых гарадах. Толькі ў сталіцы міліцыя затрымала 19 ягоных прыхільнікаў.

У Берасьці ў той жа дзень затрымалі блогера Сяргея Пятрухіна. Ён у ізалятары часовага ўтрыманьня Ленінскага РАУС Берасьця, напісаў Свабодзе паплечнік Пятрухіна Аляксандар Кабанаў.

7 траўня ў блогу Ціханоўскага зьявіўся зварот, дзе блогер заявіў пра намер балятавацца ў прэзыдэнты, таму што «больш за 130 тысяч падпісчыкаў просяць удзельнічаць у гэтай кампаніі». Раней ён агучваў намеры стаць пратэставым кандыдатам у кампаніі Міколы Статкевіча.

Разьбіраемся, хто такі Сяргей Ціханоўскі і чым ён займаўся раней.

Блогер

Блогер Сяргей Ціханоўскі на судзе за ўдзел у мітынгу ў Менску
Блогер Сяргей Ціханоўскі на судзе за ўдзел у мітынгу ў Менску

Сяргею Ціханоўскаму 41 год, ён родам з Гомля, жанаты, мае дзяцей. На ягоным Youtube-канале больш за 150 тысяч падпісчыкаў, самае папулярнае відэа мае 719 тысяч праглядаў. Сам Ціханоўскі казаў, што блогерствам яго вымусіла заняцца «свавольства чыноўнікаў».

У сакавіку за адзін стрым Ціханоўскі сабраў 1600 даляраў, што дапамагло арандаваць аўтадом, каб езьдзіць па беларускіх гарадах. Новыя відэа на канале блогера зьяўляюцца штодня, а часам і па некалькі разоў на дзень. Гэта ня толькі стрымы з сустрэч з падпісчыкамі, але і інтэрвію з палітыкамі — Статкевічам, Севярынцам, Канапацкай, а таксама з прадпрымальнікамі.

Першае відэа ў блогу было пра падзеньне беларускага рубля, у кадры Ціханоўскага не было, як не было і чуваць ягонага голасу.

На адным з папулярных відэа старшыня Добрускага райвыканкаму Вольга Мохарава паказала Ціханоўскаму дулю. Гэты сюжэт пасьля стаў мэмам.

Падпісчыкі прыйшлі ва ўпраўленьне ДАІ ГУУС Менгарвыканкаму, каб падтрымаць блогера Сяргея Ціханоўскага, 14 кастрычніка 2019
Падпісчыкі прыйшлі ва ўпраўленьне ДАІ ГУУС Менгарвыканкаму, каб падтрымаць блогера Сяргея Ціханоўскага, 14 кастрычніка 2019

Чым займаўся раней

У расейскай картатэцы прадпрымальнікаў Сяргей Ціханоўскі пазначаны як заснавальнік студыі «Компас», якая працуе ў Маскве. Гэтая кампанія мае таксама офісы ў Менску, Кіеве і Гомлі. Шмат у якіх роліках кампаніі Ціханоўскі пазначаны як прадусар ці генэральны прадусар.

Сярод прадуктаў кампаніі — кліпы для расейскага гурту «Пропаганда», рэклямныя ролікі касмэтыкі з тэнісістам Максімам Мірным і нават відэапрэзэнтацыі беларускай вайсковай тэхнікі. Цяпер менскі і гомельскія тэлефоны студыі не адказваюць.

У 2017 годзе стала вядома, што Сяргей Ціханоўскі набыў гісторыка-культурную каштоўнасьць — «кулацкі» дом у вёсцы Агародня пад Гомлем за 2,2 тысячы даляраў. У доме ён хацеў стварыць аграсядзібны комплекс, але сутыкнуўся з праблемамі: узгадняць працы з чыноўнікамі аказалася вельмі доўга.

Чаму пасьпяховы прадпрымальнік стаў блогерам і пайшоў у прэзыдэнты

Сяргей Ціханоўскі выступае на пікеце ў Гомлі напярэдадні парлямэнцкіх выбараў у Беларусі, 15 лістапада 2019 году
Сяргей Ціханоўскі выступае на пікеце ў Гомлі напярэдадні парлямэнцкіх выбараў у Беларусі, 15 лістапада 2019 году

Алесь Плотка, кансультант па інавацыях і камунікацыях міжнародных арганізацый, яшчэ ў студэнцтве працаваў разам зь Сяргеем Ціханоўскім у ягонай прадакшн-студыі «Компас».

Алесь Плотка
Алесь Плотка

«У прынцыпе, увесь крэатыўны кляс Гомля яго ведае ці наўпрост, ці ўскосна. Падыход працоўны ў чалавека даволі дзелавы, усё па справе. Гэта не вайсковец і не кар’ерны „ўпраўленец“, а self-made man, чалавек, які ведае, што такое рынак, грошы і рызыкі.

Наконт апошняга — шмат у каго ўзьнікае пытаньне, чаму Сяргей пайшоў на рызыку балятавацца ў прэзыдэнты ў Беларусі. Думаю, калі пераканаўчы адказ на гэтае і іншыя заканамерныя пытаньні будзе агучаны, ён зможа мабілізаваць сваіх падпісчыкаў. Досьвед электаральнай кампаніі Зяленскага паказаў, наколькі Беларусь адстае ў камунікацыях грамадзянскіх актыўнасьцяў. Незалежна ад таго, ці стаіць нехта ці нешта за гэтым праектам, ён ужо зьмяняе разуменьне таго, як павінна весьціся камунікацыя ў 2020 годзе», — мяркуе Алесь Плотка.

На мінулых выбарах у парлямэнт блогер быў назіральнікам ад каманды кандыдата ў дэпутаты Тацяны Канеўскай — адной зь лідэраў руху «Маці 328».

Тацяна Канеўская
Тацяна Канеўская

«Мне падабалася, што ён адкрыты, ня дзёрзкі, не скажае інфармацыю, а паказвае ў сваіх роліках тое, як яно і ёсьць. Ён не навязвае людзям свой пункт гледжаньня, а дае ўсім ахвотным выказацца», — кажа Тацяна.

Яна лічыць, што ў блогеры прадпрымальнік пайшоў, калі сутыкнуўся са свавольствам чыноўнікаў, якія не давалі яму рабіць бізнэс.

«Ён зразумеў, што не дагрукацца да чыноўнікаў, і таму ўзяў у рукі камэру. А далей спыніць гэты мэханізм было проста немагчыма. Ён запусьціў гэты махавік, які круціцца. Сяргей дае слова простым людзям і агучвае тое, што яны самі баяцца сказаць нават на кухнях. Ён кажа тыя рэчы, якія ў кожнага сядзяць унутры — таму мае такую папулярнасьць, давер і падтрымку ў людзей. Гэта адгукаецца ў людзях. Яны кажуць на кухні, што чыноўнікі нахабныя і заеліся — а ён кажа гэта з экрану. Таму Сяргей цяпер такі народны герой», — лічыць Тацяна.

Дадуць 15 сутак?

Цяпер Сяргей Ціханоўскі ў гомельскім ІЧУ. Сваякі перадалі яму сродкі гігіены і неабходныя рэчы. Верагодна, ён будзе там адбываць 15-суткавы арышт, які «вісіць» на ім за акцыі ў падтрымку незалежнасьці ў сьнежні 2019 году. Блогер быў пакараны двойчы арыштам па 15 сутак. Адны 15 сутак ён адбыў, і тут жа суд прызначыў яшчэ 15. Але назаўтра Ціханоўскага зьнянацку, без тлумачэньня, выпусьцілі з ІЧУ.

Пра салідарнасьць з блогерам заявілі шэраг беларускіх палітыкаў і праваабаронцаў.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG