Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Затрыманага спэцназам блогера Пятрухіна даставілі ў берасьцейскі ізалятар


Блогер Сяргей Пятрухін
Блогер Сяргей Пятрухін

Відэаблогер Сяргей Пятрухін, вядомы праектамі «Народны рэпартэр» і «Youtube-дэпутаты», знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрымання Ленінскага раёну Берасьця.

Пра гэта Свабодзе расказаў калега затрыманага, блогер Аляксандар Кабанаў. Паводле яго, адвакат Пятрухіна пакуль ня ведае, на якой падставе падабароннага ізалявалі і ці складзены на яго пратакол.

Фармальна Сяргея Пятрухіна могуць трымаць трое сутак, а пасьля мусяць або адпусьціць, або перадаць ягоную справу ў суд.

6 траўня Пятрухін зьбіраўся на сустрэчу з блогерам Сяргеем Ціханоўскім, але пасьля гэтага сувязь зь ім зьнікла. Пазьней блогер Уладзімер Цыгановіч паведаміў, што Пятрухіна затрымалі спэцназаўцы каля вёскі Востраў Пухавіцкага раёну. Адтуль яго перавезьлі па месцы прапіскі — у Берасьцейскае ўпраўленьне ўнутраных спраў. Агулам падчас сустрэчы затрымалі блізу двух дзясяткаў чалавек.

Напярэдадні некалькі чалавек былі затрыманыя ў Берасьці, калі выйшлі на акцыю салідарнасьці з асуджанымі і аштрафаванымі пратэстоўцамі супраць будаўніцтва акумулятарнага заводу. Кіраваў затрыманьнем падпалкоўнік Ленінскага РАУС Мікалай Самасюк. Праз тры гадзіны ўсіх вызвалілі без складаньня пратаколаў.

28 красавіка стала вядома, што супраць берасьцейскага блогера Сяргея Пятрухіна распачатая міліцэйская праверка паводле артыкулу 188 Крымінальнага кодэксу («Паклёп»).

Як патлумачыў Свабодзе сам Сяргей Пятрухін, падставай да абвінавачаньня стаў выпуск ягонага аўтарскага відэаблогу «Народны рэпартэр».

У прыватнасьці, гаворка пра адзін з эпізодаў сэрыялу «Пінскі спрут», у якім расказваецца пра факты карупцыі і злоўжываньняў у рэгіянальнай уладзе. Заява на блогера паступіла ад аднаго зь міліцыянтаў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG