Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На 19 затрыманых прыхільнікаў блогера Ціханоўскага склалі пратаколы за «непадпарадкаваньне» і «незаконны сход»


Затрыманьне прыхільнікаў блогера Сяргея Ціханоўскага ў Менску, 6 траўня. Кадр зь відэа Telegram-каналу «РБ головного мозга»

Увечары 6 траўня «людзі ў цывільным» затрымалі шэраг прыхільнікаў блогера Сяргея Ціханоўскага, якія зьбіраліся каля менскага гандлёвага цэнтру Mile. Праваабарончы цэнтар «Вясна» налічыў 19 затрыманых.

Паводле «Вясны», на кожнага з затрыманых склалі пратаколы за ўдзел у «несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве» (арт. 23.34 КаАП) і за «непадпарадкаваньне міліцыі» (23.4 КаАП РБ), вызвалілі каля 23.30.

Жонка Міраслава Мацкевіча, аднаго з затрыманых, расказала «Вясьне», што бачыла, як падчас затрыманьня «людзі ў цывільным» зьбівалі ейнага мужа і іншых.

Праваабаронцы называюць наступныя імёны затрыманых: Міраслаў Мацкевіч, Ахрэмчук А.С., Калінін Е.Г., Калінін Д.Г., Жураў С.А., Старыкаў А.П., Сьнегіроў Б.Е., Сіняўскі Д.А., Грабянчук В.М., Урублеўскі В.Г. (іх і яшчэ чатырох неназваных адвозілі ў Цэнтральны РУУС), Яўген Добрук (яго і яшчэ чатырох адвозілі ў Першамайскі РУУС).

У той жа вечар у Магілёве некалькі дзясяткаў чалавек сабраліся каля пастарунку, дзе, імаверна, знаходзіўся затрыманы Сяргей Ціханоўскі. Празь нейкі час ім сказалі, што Ціханоўскага этапавалі ў Гомель. Людзі ў Гомлі сабраліся каля ізалятару часовага ўтрыманьня. Пра затрыманьні ў Гомлі і Магілёве не паведамлялася.

У Берасьці 6 траўня затрымалі блогера Сяргея Пятрухіна. Ён знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрыманьня Ленінскага РАУС Берасьця, напісаў Свабодзе паплечнік Пятрухіна Аляксандар Кабанаў. Тэлефон Пятрухіна раніцай 7 траўня быў недасяжны.

Блогер хоча стаць прэзыдэнтам

Сяргей Ціханоўскі, аўтар Youtube-каналу «Страна для жизни», другі месяц езьдзіць па беларускіх гарадах на аўтадоме, здымае рэпартажы і вядзе стрымы. На 9 траўня ён з падпісантамі заплянаваў у Бабруйску «АнтыПарад», але 6 траўня быў затрыманы пасьля двух дзён перасьледу.

На канале Ціханоўскага ў гэты дзень зьявілася відэа, на якім ён абвяшчае аб намеры стаць кандыдатам у прэзыдэнты.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG