Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Блогера Пятрухіна правярае міліцыя — за «паклёп» 


Блогер Сяргей Пятрухін
Блогер Сяргей Пятрухін

Супраць берасьцейскага блогера Сяргея Пятрухіна распачатая міліцэйская праверка паводле артыкулу 188 Крымінальнага кодэксу («Паклёп»).

Як патлумачыў Свабодзе сам Сяргей Пятрухін, падставай да абвінавачаньня стаў выпуск ягонага аўтарскага відэаблогу «Народны рэпартэр».

У прыватнасьці, гаворка пра адзін з эпізодаў сэрыялу «Пінскі спрут», у якім расказваецца пра факты карупцыі і злоўжываньняў у рэгіянальнай уладзе. Заява на блогера паступіла ад аднаго з міліцыянтаў.

Паводле Пятрухіна, сюжэт выйшаў на пачатку 2020 году, але праверку пачалі толькі цяпер. Ён мяркуе, што была замова зьверху на нэўтралізацыю тых, хто даводзіць праўдзівую інфармацыю — пачынаючы ад выкрываньня парушэньняў на месцах і да пратэстаў супраць акумулятарнага заводу ў Берасьці пад лёзунгамі адстаўкі Лукашэнкі. Калега Пятрухіна блогер Аляксандар Кабанаў разам зь іншымі актывістамі адбывае 15-дзённы арышт за ўдзел у мітынгу супраць акумулятарнага заводу.

Сам Сяргей Пятрухін знаходзіцца на самаізаляцыі ў вясковым доме, але кажа, што трое сутак за ім сочаць. Ён непакоіцца, што ў яго могуць забраць носьбіты інфармацыі і апаратуру.

Як паведамляе Праваабарончы цэнтар «Вясна», за апошні тыдзень гэта другі выпадак, датычны рэгіянальнага актывіста, калі міліцыя распачала праверку за паклёп.

23 красавіка праваахоўнікі наведаліся да праваабаронцы са Сьветлагорску Алены Масьлюковай. Жанчына адмовілася даваць тлумачэньні на падставе артыкулу 27 Канстытуцыі. Па выніках агляду ў яе канфіскавалі «на экспэртызу» смартфон і ноўтбук.

Старшыня праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі зьвязвае праверкі з надыходзячай прэзыдэнцкай выбарчай кампаніяй. Адна з мэтаў уладаў — прыціснуць рэгіянальных актывістаў, каб завязаць ім рот, адзначае праваабаронца.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG