Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За расклейваньне ўлётак на 945 рублёў аштрафавалі праціўніка акумулятарнага заводу ў Берасьці


Міхаіл Галуза на прэміі «Чэмпіёны грамадзянскай супольнасьці», 2019 год
Міхаіл Галуза на прэміі «Чэмпіёны грамадзянскай супольнасьці», 2019 год

27 красавіка ў Берасьці на 35 базавых велічыняў (945 рублёў) аштрафаваны праціўнік акумулятарнага заводу Міхаіл Галуза.

Як паведаміў БелаПАН праваабаронца Раман Кісьляк, супрацоўнікі міліцыі затрымалі Галузу 26 красавіка пад 13.00 недалёка ад плошчы Леніна, дзе ў гэты дзень на чарговую сустрэчу сабралася каля 250 праціўнікаў будаўніцтва прадпрыемства.

Галузу даставілі ў Ленінскі РАУС Берасьця. Там на яго склалі два пратаколы на падставе ч. 2 арт. 21.14 КаАП (парушэньне правілаў добраўпарадкаваньня і ўтрыманьня населеных пунктаў).

Першы — за расклейваньне 25 красавіка ўлётак на ліхтарных слупах на бульвары Шаўчэнкі ў падтрымку арыштаваных на 15 сутак праціўнікаў акумулятарнага заводу Дзьмітрыя Андрасюка, Аляксандра Кабанава і Дзьмітрыя Бекалюка (штраф 10 базавых велічынь, 270 рублёў).

Другі пратакол складзены за наклейваньне ўлётак удзень 26 красавіка на слуп на скрыжаваньні вуліц Пушкінскай і Камсамольскай (штраф 25 базавых велічынь, 675 рублёў).

«Улады пачалі новую хвалю рэпрэсій актывістаў, замест таго, каб канчаткова закрыць сьвінцовы завод. Такім чынам яны хочуць запалохаць людзей і пагасіць грамадзкі пратэст супраць гэтага вельмі небясьпечнага прадпрыемства», — заявіў Кісьляк.

Суд Ленінскага раёну Берасьця 20 красавіка на 15 сутак арыштаваў Андрасюка і Кабанава, 22 траўня, таксама на 15 сутак, — аднаго зь лідэраў ініцыятыўнай групы праціўнікаў заводу Дзьмітрыя Бекалюка.

Андрасюка і Бекалюка абвінавацілі паводле ч. 3 арт. 23.34 КаАП (парушэньне парадку арганізацыі або правядзеньня масавых мерапрыемстваў паўторна на працягу году), Кабанава — паводле ч. 1 арт. 23.34 КаАП (парушэньне парадку арганізацыі або правядзеньня масавых мерапрыемстваў).

Актывістаў судзілі за ўдзел у акцыі супраць акумулятарнага заводу 12 красавіка ў Берасьці. У гэты дзень на плошчы Леніна сабраліся больш за 200 чалавек. Пасьля сустрэчы яны прайшлі цэнтральнымі вуліцамі Пушкінскай і Савецкай да ЦУМа на праспэкце Машэрава. Наперадзе калёны несьлі транспарант «„Не“ — заводу АКБ». Удзельнікі шэсьця скандавалі «„Не“ — заводу АКБ» і «Генацыд ня пройдзе!».

14 красавіка на онлайн-прэс-канфэрэнцыі дырэктар ТАА «АйПаўэр» Дзьмітрый Бутаў паведаміў, што акумулятарны завод плянуюць увесьці ў эксплуютацыю ў другім квартале.

Пратэсты супраць акумулятарнага заводу ў Берасьці. Што важна ведаць

Месцазнаходжаньне новага акумулятарнага заводу пад Берасьцем
Месцазнаходжаньне новага акумулятарнага заводу пад Берасьцем
  • Завод пабудавалі каля вёсак Хабы, Шчэбрын і Тэльмы-2, што пад Берасьцем. За два кілямэтры — рака Мухавец. Афіцыйная экалягічная экспэртыза прагназавала, што ўзьдзеяньне заводу на асяродзьдзе і чалавека будзе нязначнае. Аднак людзі ўсё роўна баяцца, што выкіды з заводу падарвуць ім здароўе.
  • Пратэсты супраць акумулятарнага заводу ў Берасьці трывалі ад пачатку 2018 году, калі людзі даведаліся пра будоўлю. Праціўнікі заводу лічаць вытворчасьць «бруднай» і небясьпечнай, заяўляюць пра парушэньні працэдураў будаўніцтва.
  • Актывісты сабралі больш за 37 тысяч подпісаў супраць заводу ды накіравалі іх у адміністрацыю Лукашэнкі ў лютым 2018 году. Аднак урадавая камісія ня выявіла парушэньняў у рэалізацыі праекту па будаўніцтве заводу.
  • У траўні 2018 году актывісты накіравалі ў адміністрацыю прэзыдэнта больш за 2,5 тысячы подпісаў за адстаўку чыноўнікаў Берасьця, бо тыя «ігнаруюць інтарэсы жыхароў Берасьцейскага рэгіёну і сьвядома заплюшчваюць вочы на шкоду ад заводу».
  • У верасьні 2018 году на будоўлі заводу выявілі парушэньні пажарнай бясьпекі.
  • У чэрвені 2019 году падчас пусканаладачных работ на заводзе зафіксавалі перавышэньне забруджвальных выкідаў у атмасфэрнае паветра.
  • 14 чэрвеня старшыня Берасьцейскага аблвыканкаму Анатоль Ліс прыпыніў будаўніцтва заводу да ліквідацыі выяўленых парушэньняў.
  • У ліпені 2019 праект акумулятарнага завода атрымаў адмоўнае заключэньне дзяржаўнай экалягічнай экспэртызы, У Мінпрыроды паведамілі, што прычынай стала прадстаўленьне недакладных дадзеных. У жніўні праектную дакумэнтацыю паўторна падалі на экспэртызу, але пазьней кампанія адклікала дакумэнты «па прычыне неабходнасьці ўсебаковага і больш поўнага адлюстраваньня інфармацыі аб унесеных зьменах».
  • 24 лютага 2020 году праектную дакумэнтацыю акумулятарнага завода пасьля карэкціроўкі зноў падалі на дзяржаўную экалягічную экспэртызу. Грамадзкая экспэртыза, якую даручаў правесьці Лукашэнка, правалілася.
  • 22 чэрвеня 2020 году Лукашэнка пааабяцаў правесьці рэфэрэндум наконт лёсу заводу пасьля прэзыдэнцкіх выбараў.
  • 15 сакавіка 2021 году завод увялі ў эксплюатацыю. У правядзеньні рэфэрэндуму актывістам адмовілі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG