Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Блогера Кабанава аштрафавалі за тое, што здымаў, як людзі кармілі галубоў


Аляксандар Кабанаў

Бярозаўскі блогер і актывіст АГП Аляксандар Кабанаў атрымаў 980 рублёў штрафу (40 базавых велічыняў). Суд Бярозаўскага раёну палічыў яго вінаватым ва ўдзеле ў несанкцыянаванай масавай акцыі.

Такой акцыяй суд прызнаў кармленьне галубоў праціўнікамі будаўніцтва акумулятарнага заводу 18 сакавіка на плошчы ў Берасьці. Аляксандар Кабанаў вёў адтуль відэатрансьляцыю.

24 сакавіка Аляксандра Кабанава затрымалі ў Бярозе, як выходзіў з хаты. Яго даставілі ў пастарунак, дзе склалі пратакол за ўдзел у несанкцыянаванай масавай акцыі.

Пасьля затрыманьня Аляксандар Кабанаў выходныя правёў у ізалятары часовага ўтрыманьня, у панядзелак яго меліся судзіць, але суд перанесьлі на 29 сакавіка.

Сёньня ў судзе супраць яго сьведчылі міліцыянты зь Берасьця, якія казалі, што блогер заклікаў людзей да ўдзелу ў акцыі.

«Адзін зь міліцыянтаў сьцьвярджаў, што знаходзіўся на плошчы як цывільная асоба, калі проста праходзіў побач, пабачыў зграмаджэньне людзей ды пазнаў мяне. Але сэнс у тым, што яго там не было, ён схлусіў, а ў рапарце напісаў, што стаяў за сьпінаю ў мяне і чуў, што я гаварыў», — сказаў Свабодзе Аляксандар Кабанаў.

У судзе пераглядалі відэаматэрыялы з плошчы, якія здымаў супрацоўнік крымінальнага вышуку.

Кабанаў лічыць, што яго затрымалі прэвэнтыўна напярэдадні Сьвята Незалежнасьці і акцыі праціўнікаў акумулятарнага заводу, якія адбыліся ў Берасьці 25 сакавіка.

Пратэсты супраць будоўлі акумулятарнага заводу пачаліся ў студзені. Пасьля сходаў з удзелам чыноўнікаў і жыхароў блізкіх да будаўніцтва вёсак Берасьцейскі гарвыканкам не падтрымаў ідэі правесьці сустрэчу наконт будаўніцтва з жыхарамі гораду. На калектыўны зварот супраць акумулятарнага заводу ў Берасьцейскім аблвыканкаме заявілі, што ня бачаць падставаў для прыпыненьня будоўлі.

Людзі сабралі каля 37 тысяч подпісаў супраць заводу і перадалі іх у адміністрацыю Лукашэнкі. Штонядзелю ў Берасьці адбываюцца акцыі пратэсту на галоўнай плошчы гораду.

Берасьцейскага блогера Пятрухіна, якога трымалі пад арыштам на #БНР100, яшчэ і аштрафавалі

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG