Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На акцыі супраць акумулятарнага заводу ў Берасьці сьпявалі гімн пратэсту


Берасьцейцы сьпяваюць гімн пратэсту супраць будаўніцтва акумулятарнага заводу

Больш за 150 чалавек прыйшлі 18 сакавіка на галоўную плошчу ў Берасьці, каб выказаць традыцыйны маўклівы пратэст супраць будаўніцтва акумулятарнага заводу.

Апроч звыклага кармленьня галубоў і стаяньня на плошчы, гэтым разам людзі сьпявалі песьню «Жыць», якая зьявілася ў youtube напярэдадні і за суткі сабрала дзясяткі тысяч праглядаў. Паводле ўдзельнікаў акцыі, гэтая песьня стала гімнам пратэсту супраць будаўніцтва заводу.

Як і падчас мінулых трох акцыяў, людзі прыходзілі сем’ямі, зь дзецьмі, прыносілі корм для птушак. Пратэстоўцы жартуюць між сабой, што дзякуючы акцыям «берасьцейскія галубы хутка пераўтворацца ў бройлераў».

Як апавёў адзін зь лідэраў пратэсту, актывіст АГП Аляксандар Кабанаў, ён задаволены, што людзей на плошчу прыходзіць усё больш.

«Важна, што людзі занепакоіліся тым, што адбываецца, сочаць за навінамі і самі прымаюць удзел у падзеях», — кажа Аляксандар Кабанаў.

Ніякіх перашкодаў з боку ўладаў пратэстоўцам не чынілася. Берасьцейскі праваабаронца Раман Кісьляк лічыць, што «ўлады ня хочуць ужываць сілу, бо разумеюць, што гэтым толькі разгневаюць людзей». Міліцыянтаў на плошчы заўважана не было.

Пратэсты супраць будоўлі акумулятарнага заводу пачаліся ў студзені. Пасьля сходаў з удзелам чыноўнікаў і жыхароў блізкіх да будаўніцтва вёсак Берасьцейскі гарвыканкам не падтрымаў ідэі правесьці сустрэчу наконт будаўніцтва з жыхарамі гораду. На калектыўны зварот супраць акумулятарнага заводу ў Берасьцейскім аблвыканкаме заявілі, што ня бачаць падставаў для прыпыненьня будоўлі.

Людзі сабралі каля 37 тысяч подпісаў супраць заводу і перадалі іх у адміністрацыю Лукашэнкі. Штонядзелю ў Берасьці адбываюцца акцыі пратэсту на галоўнай плошчы гораду.

«Ня хочам, каб нас патруцілі». 37 тысяч жыхароў Берасьця пратэстуюць супраць будаўніцтва новага заводу

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG