Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Затрыманага ў Берасьці блогера Аляксандра Кабанава адпусьцілі зь міліцыі


Аляксандар Кабанаў, архіўнае фота

Кабанава затрымалі 15 ліпеня каля 13.40 каля ўваходу на рынак на вуліцы Пушкінскай, дзе ён зьбіраў подпісы за адстаўку берасьцейскіх чыноўнікаў — кіраўнікоў абласнога, раённага і гарадзкога выканкамаў, якія не рэагуюць на патрабаваньні мясцовых жыхароў спыніць будаўніцтва пад Берасьцем акумулятарнага заводу.

«Мяне даставілі ў Ленінскі РАУС. Каля 16.25, пасьля апытаньня ў сувязі з адміністрацыйным правапарушэньнем, адпусьцілі зь міліцыі. Я ўпэўнены, што мяне будуць судзіць за правядзеньне несанкцыянаванага масавага мерапрыемства, хоць збор подпісаў пад закон „Аб масавых мерапрыемствах“ не падпадае, а рэглямэнтуецца законам „Аб зваротах грамадзян“», — паведаміў БелаПАН Кабанаў.

Ён нагадаў, што днём 24 чэрвеня ў Берасьці каля гэтага самага рынку на вуліцы Пушкінскай супрацоўнікі міліцыі затрымалі грамадзкіх актывістаў Дзьмітрыя Бекалюка і Алега Ярмоленку падчас збору такіх самых подпісаў.

11 ліпеня суд Ленінскага раёну Берасьця прызнаў Бекалюка і Ярмоленку вінаватымі паводле ч. 1 арт. 23.34 Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэньнях (парушэньне парадку арганізацыі або правядзеньня масавых мерапрыемстваў) і аштрафаваў на 20 базавых велічыняў (490 рублёў) кожнага.

Кабанаў падкрэсжліў, што раней апанэнты будаўніцтва акумулятарнага заводу пад Берасьцем зьвярнуліся ў Нацыянальны сход з просьбай патлумачыць, ці зьяўляецца збор подпісаў на вуліцы масавым мерапрыемствам, якія падпадаюць пад дзеяньне адпаведнага заканадаўства.

8 чэрвеня старшыня пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі Андрэй Навумовіч накіраваў аўтарам адказ, у якім паведаміў, што збор подпісаў масавым мерапрыемствам не зьяўляецца.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Вам можа яшчэ спадабацца

XS
SM
MD
LG