Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Трэцяга пратэстоўца супраць акумулятарнага заводу асудзілі на 15 сутак арышту


Дзьмітры Бекалюк на акцыі супраць акумулятарнага заводу ў Берасьці 7 красавіка
Дзьмітры Бекалюк на акцыі супраць акумулятарнага заводу ў Берасьці 7 красавіка

22 красавіка ў судзе Ленінскага раёну Берасьця экалягічнага актывіста Дзьмітрыя Бекалюка асудзілі на 15 сутак арышту за «ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве» — акцыі 12 красавіка супраць запуску акумулятарнага завода пад Берасьцем, паведамляе «Вясна».

Паводле матэрыялаў справы, якія зачытаў судзьдзя Аляксандар Семянчук, 12 красавіка Бекалюк «публічна выражаў незадаволенасьць дзейнай уладай і заводам».

Паводле Бекалюка, падчас затрыманьня міліцыянт Георгі Войтка забараніў здымаць фота, відэа, аўдыё, на патрабаваньне забясьпечыць адваката ўключыў гучна музыку, а калі Бекалюк патрабаваў права на абарону, ён пагражаў прымяніць сілу. Міліцыянт Войтка на судзе адмаўляў словы Бекалюка.

Бекалюк прасіў судзьдзю запатрабаваць відэазапіс зь дзяжурнай часткі, на якім відаць, што яму адмовілі ў просьбе на адваката і не азнаёмілі зь яго правамі, а таксама далучыць да справы шэраг дакумэнтаў (пра кепскі стан здароўя састарэлай маці і пра тое, што ён мае на ўтрыманьні непаўналетняе хворае дзіцё). Судзьдзя адмовіў у хадайніцтве.

Дзьмітрыя Бекалюка затрымалі ў краме ўвечары 17 красавіка чатыры супрацоўнікі міліцыі, завезьлі ў ізалятар часовага ўтрыманьня. Там Бекалюк даведаўся, што на яго завялі адміністрацыйную справу за ўдзел у акцыі супраць акумулятарнага завода 12 красавіка. Разгляд справы адклалі да 22 красавіка, бо Бекалюк запатрабаваў час на азнаямленьне са справай.

18 красавіка затрымалі яшчэ двух берасьцейскіх актывістаў, супраць запуску акумулятарнага заводу Аляксандра Кабанава і Дзьмітрыя Андрасюка. 20 красавіка Кабанава і Андрасюка асудзілі на 15 сутак арышту кожнага.

Пратэсты супраць акумулятарнага заводу ў Берасьці. Што важна ведаць

Месцазнаходжаньне новага акумулятарнага заводу пад Берасьцем
Месцазнаходжаньне новага акумулятарнага заводу пад Берасьцем
  • Завод пабудавалі каля вёсак Хабы, Шчэбрын і Тэльмы-2, што пад Берасьцем. За два кілямэтры — рака Мухавец. Афіцыйная экалягічная экспэртыза прагназавала, што ўзьдзеяньне заводу на асяродзьдзе і чалавека будзе нязначнае. Аднак людзі ўсё роўна баяцца, што выкіды з заводу падарвуць ім здароўе.
  • Пратэсты супраць акумулятарнага заводу ў Берасьці трывалі ад пачатку 2018 году, калі людзі даведаліся пра будоўлю. Праціўнікі заводу лічаць вытворчасьць «бруднай» і небясьпечнай, заяўляюць пра парушэньні працэдураў будаўніцтва.
  • Актывісты сабралі больш за 37 тысяч подпісаў супраць заводу ды накіравалі іх у адміністрацыю Лукашэнкі ў лютым 2018 году. Аднак урадавая камісія ня выявіла парушэньняў у рэалізацыі праекту па будаўніцтве заводу.
  • У траўні 2018 году актывісты накіравалі ў адміністрацыю прэзыдэнта больш за 2,5 тысячы подпісаў за адстаўку чыноўнікаў Берасьця, бо тыя «ігнаруюць інтарэсы жыхароў Берасьцейскага рэгіёну і сьвядома заплюшчваюць вочы на шкоду ад заводу».
  • У верасьні 2018 году на будоўлі заводу выявілі парушэньні пажарнай бясьпекі.
  • У чэрвені 2019 году падчас пусканаладачных работ на заводзе зафіксавалі перавышэньне забруджвальных выкідаў у атмасфэрнае паветра.
  • 14 чэрвеня старшыня Берасьцейскага аблвыканкаму Анатоль Ліс прыпыніў будаўніцтва заводу да ліквідацыі выяўленых парушэньняў.
  • У ліпені 2019 праект акумулятарнага завода атрымаў адмоўнае заключэньне дзяржаўнай экалягічнай экспэртызы, У Мінпрыроды паведамілі, што прычынай стала прадстаўленьне недакладных дадзеных. У жніўні праектную дакумэнтацыю паўторна падалі на экспэртызу, але пазьней кампанія адклікала дакумэнты «па прычыне неабходнасьці ўсебаковага і больш поўнага адлюстраваньня інфармацыі аб унесеных зьменах».
  • 24 лютага 2020 году праектную дакумэнтацыю акумулятарнага завода пасьля карэкціроўкі зноў падалі на дзяржаўную экалягічную экспэртызу. Грамадзкая экспэртыза, якую даручаў правесьці Лукашэнка, правалілася.
  • 22 чэрвеня 2020 году Лукашэнка пааабяцаў правесьці рэфэрэндум наконт лёсу заводу пасьля прэзыдэнцкіх выбараў.
  • 15 сакавіка 2021 году завод увялі ў эксплюатацыю. У правядзеньні рэфэрэндуму актывістам адмовілі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG