Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«АйПаўэр» падаў дакумэнты акумулятарнага заводу на дзяржаўную экспэртызу. Грамадзкая правалілася


Акумулятарны завод пад Берасьцем, архіўнае фота
Акумулятарны завод пад Берасьцем, архіўнае фота

Кампанія «АйПаўэр» перадала дакумэнты акумулятарнага заводу пад Берасьцем, супраць якога пратэстуюць мясцовыя жыхары, на дзяржаўную экалягічную экспэртызу, паведамілі Tut.by у прэс-службе кампаніі.

Дзяржаўная экспэртыза — адзін з крокаў на шляху да запуску заводу. Праектную дакумэнтацыю «АйПаўэр» перадаў 24 лютага пасьля таго, як скончыліся тэрміны грамадзкай экалягічнай экспэртызы, якую даручыў правесьці Аляксандар Лукашэнка.

Экспэртыза не адбылася: лідэры акумулятарнага пратэсту адмовіліся прымаць у «АйПаўэр» дакумэнтацыю, матывуючы гэта тым, што прадпрыемства не падало ўсіх неабходных дакумэнтаў.

Як адзначаў праваабаронца Раман Кісьляк, у іх не было актуальнай справаздачы аб ацэнцы ўздзеяньня на навакольнае асяродзьдзе (АУНА): праект акумулятарнага завода дапрацавалі, а справаздачу далі старую. Праціўнікі заводу настойвалі на правядзеньні новых грамадзкіх абмеркаваньняў справаздачы аб АУНА.

Прадстаўнікі «АйПаўэра» з актывістамі ня згодныя. Прадпрыемства настойвае, што паўторнае грамадзкае абмеркаваньне справаздачы аб АУНА ідзе насуперак патрабаваньням заканадаўства. «АйПаўэр» сьцьвярджае, што іх мінулая справаздача не патрабуе зьменаў, бо дапрацаваны праект акумулятарнага заводу не прадугледжвае павелічэньня сумы валавога выкіду забруджвальных рэчываў у атмасфэру больш, чым на 5% ад першапачаткова прадугледжанай.

Пасьля таго, як грамадзкую экалягічную экспэртызу праводзіць адмовіліся, «АйПаўэр» перадаў праектную дакумэнтацыю ў Цэнтар экалягічнай экспэртызы для праходжаньня дзяржаўнай экалягічнай экспэртызы.

Пратэсты супраць акумулятарнага заводу ў Берасьці. Што важна ведаць

Месцазнаходжаньне новага акумулятарнага заводу пад Берасьцем
Месцазнаходжаньне новага акумулятарнага заводу пад Берасьцем
  • Завод пабудавалі каля вёсак Хабы, Шчэбрын і Тэльмы-2, што пад Берасьцем. За два кілямэтры — рака Мухавец. Афіцыйная экалягічная экспэртыза прагназавала, што ўзьдзеяньне заводу на асяродзьдзе і чалавека будзе нязначнае. Аднак людзі ўсё роўна баяцца, што выкіды з заводу падарвуць ім здароўе.
  • Пратэсты супраць акумулятарнага заводу ў Берасьці трывалі ад пачатку 2018 году, калі людзі даведаліся пра будоўлю. Праціўнікі заводу лічаць вытворчасьць «бруднай» і небясьпечнай, заяўляюць пра парушэньні працэдураў будаўніцтва.
  • Актывісты сабралі больш за 37 тысяч подпісаў супраць заводу ды накіравалі іх у адміністрацыю Лукашэнкі ў лютым 2018 году. Аднак урадавая камісія ня выявіла парушэньняў у рэалізацыі праекту па будаўніцтве заводу.
  • У траўні 2018 году актывісты накіравалі ў адміністрацыю прэзыдэнта больш за 2,5 тысячы подпісаў за адстаўку чыноўнікаў Берасьця, бо тыя «ігнаруюць інтарэсы жыхароў Берасьцейскага рэгіёну і сьвядома заплюшчваюць вочы на шкоду ад заводу».
  • У верасьні 2018 году на будоўлі заводу выявілі парушэньні пажарнай бясьпекі.
  • У чэрвені 2019 году падчас пусканаладачных работ на заводзе зафіксавалі перавышэньне забруджвальных выкідаў у атмасфэрнае паветра.
  • 14 чэрвеня старшыня Берасьцейскага аблвыканкаму Анатоль Ліс прыпыніў будаўніцтва заводу да ліквідацыі выяўленых парушэньняў.
  • У ліпені 2019 праект акумулятарнага завода атрымаў адмоўнае заключэньне дзяржаўнай экалягічнай экспэртызы, У Мінпрыроды паведамілі, што прычынай стала прадстаўленьне недакладных дадзеных. У жніўні праектную дакумэнтацыю паўторна падалі на экспэртызу, але пазьней кампанія адклікала дакумэнты «па прычыне неабходнасьці ўсебаковага і больш поўнага адлюстраваньня інфармацыі аб унесеных зьменах».
  • 24 лютага 2020 году праектную дакумэнтацыю акумулятарнага завода пасьля карэкціроўкі зноў падалі на дзяржаўную экалягічную экспэртызу. Грамадзкая экспэртыза, якую даручаў правесьці Лукашэнка, правалілася.
  • 22 чэрвеня 2020 году Лукашэнка пааабяцаў правесьці рэфэрэндум наконт лёсу заводу пасьля прэзыдэнцкіх выбараў.
  • 15 сакавіка 2021 году завод увялі ў эксплюатацыю. У правядзеньні рэфэрэндуму актывістам адмовілі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG