Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праціўнікі будаўніцтва акумулятарнага завода зноў пратэставалі ў цэнтры Берасьця


«Начная варта» ля акумулятарнага заводу пад Берасьцем. Архіўнае фота
«Начная варта» ля акумулятарнага заводу пад Берасьцем. Архіўнае фота

23 лютага ў цэнтры Берасьця ў чарговы раз сабраліся праціўнікі будаўніцтва акумулятарнага завода. Такія сустрэчы праходзяць тут кожную нядзелю з 25 лютага 2018 года.

Паводле праваабаронцы Рамана Кісьляка, на плошчу прыйшло 120 чалавек. Міліцыя праз мэгафон папярэджвала іх аб адказнасьці за правядзеньне несанкцыянаванай акцыі.

Удзельнікі сустрэчы абмеркавалі вынікі круглага стала «Аналіз ўзьдзеяньня акумулятарнай вытворчасьці на навакольнае асяродзьдзе і чалавека» з удзелам расейскіх экспэртаў. Мерапрыемства было арганізавана ТАА «АйПаўэр» сумесна з грамадзкай арганізацыяй «Экадом».

У пасяджэньні хацелі ўзяць праціўнікі акумулятарнага завода, аднак запрасілі толькі аднаго чалавека, і ён адмовіўся. У якасьці экспэртаў у круглым стале прынялі ўдзел намесьнік галоўнага лекара Цэнтра гігіены і эпідэміялёгіі ў Санкт-Пецярбургу Кірыл Фрыдман і намесьнік галоўнага інжынэра па экалягічнай бясьпецы акумулятарнага завода ЗАТ «Балтэлектра» (Санкт-Пецярбург).

Актывіст зь Берасьця Алег Вялаў назваў «поўнай лухтой» прапанову Фрыдмана запусьціць завод, каб паглядзець, якія выкіды ад яго будуць. «Завод фактычна запускалі — вяліся пусканаладачныя работы. Выкіды былі настолькі катастрафічнымі, што нам нават ня далі рэальныя дадзеныя. Вядома, што па адным са шкодных рэчываў зафіксаваныя выкіды, якія перавышаюць заплянаваныя ў 178 разоў, па іншым — у 30 разоў», — заявіў Алег Вялаў.

Праціўнікі завода лічаць, што высновы расейскіх экспэртаў неаб’ектыўныя, таму што яны былі запрошаныя на круглы стол кампаніяй «АйПаўэр».

Паводле Алега Вялава, «гэты круглы стол ня больш чым паказуха». «АйПаўэр» сябе цалкам дыскрэдытаваў і такім чынам спрабуе адмыць сваю рэпутацыю», — заявіў актывіст.

Берасьцейка Ніна Бандарэвіч лічыць, што «ніводзін разважны чалавек ня скажа, што спачатку трэба запусьціць завод, а потым праверыць, ці будуць людзі ад яго паміраць».

Па словах актывісткі Тацяны Фесікавай, «гэтыя запрошаныя экспэрты нават не зьвярнулі ўвагу на недакладныя дадзеныя ў праектнай дакумэнтацыі завода».

«Перш чым даваць нам парады, хай бы яны разабраліся спачатку са сваімі праблемамі, — сказаў Раман Кісьляк. — Жыхары Берасьця і Берасьцейскага раёна ня маюць намеру станавіцца паддосьледнымі трусамі. Мы будзем дамагацца канчатковага закрыцьця акумулятарнага завода».

Пасьля сустрэчы на плошчы праціўнікі будаўніцтва завода прайшлі па цэнтральных вуліцах — Пушкінскай і Савецкай да кінатэатра «Беларусь».

Акумулятарны завод ТАА «АйПаўэр» збудаваны на прамысловай пляцоўцы «Аэрапорт» берасьцейскай свабоднай эканамічнай зоны. На прадпрыемстве плянуецца наладзіць поўны цыкль вытворчасьці сьвінцова-кіслотных акумулятарных батарэй.

Мясцовыя жыхары лічаць, што прадпрыемства пагражае іх здароўю. Актывісты выявілі шэраг парушэньняў пры рэалізацыі праекта.

У чэрвені 2019 году Берасьцейскі аблвыканкам прыпыніў будаўніцтва завода «да ліквідацыі выяўленых парушэньняў», а абласны камітэт прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя прыпыніў дазвол прадпрыемству на выкід шкодных рэчываў у атмасфэру. У ліпені праект акумулятарнага завода атрымаў адмоўнае заключэньне дзяржаўнай экалягічнай экспэртызы.

Пратэсты супраць акумулятарнага заводу ў Берасьці. Што важна ведаць

Месцазнаходжаньне новага акумулятарнага заводу пад Берасьцем
Месцазнаходжаньне новага акумулятарнага заводу пад Берасьцем
  • Завод пабудавалі каля вёсак Хабы, Шчэбрын і Тэльмы-2, што пад Берасьцем. За два кілямэтры — рака Мухавец. Афіцыйная экалягічная экспэртыза прагназавала, што ўзьдзеяньне заводу на асяродзьдзе і чалавека будзе нязначнае. Аднак людзі ўсё роўна баяцца, што выкіды з заводу падарвуць ім здароўе.
  • Пратэсты супраць акумулятарнага заводу ў Берасьці трывалі ад пачатку 2018 году, калі людзі даведаліся пра будоўлю. Праціўнікі заводу лічаць вытворчасьць «бруднай» і небясьпечнай, заяўляюць пра парушэньні працэдураў будаўніцтва.
  • Актывісты сабралі больш за 37 тысяч подпісаў супраць заводу ды накіравалі іх у адміністрацыю Лукашэнкі ў лютым 2018 году. Аднак урадавая камісія ня выявіла парушэньняў у рэалізацыі праекту па будаўніцтве заводу.
  • У траўні 2018 году актывісты накіравалі ў адміністрацыю прэзыдэнта больш за 2,5 тысячы подпісаў за адстаўку чыноўнікаў Берасьця, бо тыя «ігнаруюць інтарэсы жыхароў Берасьцейскага рэгіёну і сьвядома заплюшчваюць вочы на шкоду ад заводу».
  • У верасьні 2018 году на будоўлі заводу выявілі парушэньні пажарнай бясьпекі.
  • У чэрвені 2019 году падчас пусканаладачных работ на заводзе зафіксавалі перавышэньне забруджвальных выкідаў у атмасфэрнае паветра.
  • 14 чэрвеня старшыня Берасьцейскага аблвыканкаму Анатоль Ліс прыпыніў будаўніцтва заводу да ліквідацыі выяўленых парушэньняў.
  • У ліпені 2019 праект акумулятарнага завода атрымаў адмоўнае заключэньне дзяржаўнай экалягічнай экспэртызы, У Мінпрыроды паведамілі, што прычынай стала прадстаўленьне недакладных дадзеных. У жніўні праектную дакумэнтацыю паўторна падалі на экспэртызу, але пазьней кампанія адклікала дакумэнты «па прычыне неабходнасьці ўсебаковага і больш поўнага адлюстраваньня інфармацыі аб унесеных зьменах».
  • 24 лютага 2020 году праектную дакумэнтацыю акумулятарнага завода пасьля карэкціроўкі зноў падалі на дзяржаўную экалягічную экспэртызу. Грамадзкая экспэртыза, якую даручаў правесьці Лукашэнка, правалілася.
  • 22 чэрвеня 2020 году Лукашэнка пааабяцаў правесьці рэфэрэндум наконт лёсу заводу пасьля прэзыдэнцкіх выбараў.
  • 15 сакавіка 2021 году завод увялі ў эксплюатацыю. У правядзеньні рэфэрэндуму актывістам адмовілі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG