Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У адміністрацыю прэзыдэнта перадалі скрыню подпісаў супраць будоўлі акумулятарнага заводу


Подпісы супраць будоўлі акумулятарнага заводу
Подпісы супраць будоўлі акумулятарнага заводу

22 лютага актывісты перадалі ў адміністрацыю прэзыдэнта 36 тысяч 809 подпісаў жыхароў Берасьця і Берасьцейскага раёну супраць будоўлі акумулятарнага заводу ТАА «АйПаўэр» з уласнай кацельняй.

Берасьцейскі актывіст Зьміцер Бекалюк, які перадаў подпісы, сказаў карэспандэнту Свабоды, што ў адміністрацыі прэзыдэнта іх прынялі па папярэдняй дамоўленасьці.

Зьміцер Бекалюк
Зьміцер Бекалюк

Праваабаронца зь Берасьця Раман Кісьляк сказаў, што да подпісаў прыкладзены зварот на 14 старонках.

«У гэтым звароце актывісты сабралі ўсе парушэньні, зьвязаныя з праектаваньнем і будаўніцтвам заводу. Гэта тычыцца і ацэнкі ўзьдзеяньня на навакольнае асяродзьдзе, і таго, што грамадзкія абмеркаваньні былі праведзеныя фармальна, людзям нічога пра іх не паведамілі. На прадпрыемстве будзе плавільны цэх, драбілкі, якія будуць вырабляць сьвінцовы пыл — за год больш за тысячу тон адкідаў другой клясы небясьпекі і 150 тон — першай клясы. Пры гэтым у Беларусі няма вытворчасьці для перапрацоўкі такіх адкідаў сьвінцу», — сказаў карэспандэнту Свабоды Раман Кісьляк.

Як гаворыцца ў звароце, адкіды сьвінцу з заводу ў Белаазёрску (ён належыць групе кампаній «ПАК», куды ўваходзіць «АйПаўэр»), цягам двух гадоў проста звозілі на пляцоўку ў лесе. А сьвінцовае прадпрыемства гэтай жа кампаніі ў Ваўкавыску было закрытае ў 2012 годзе за парушэньні экалягічнага заканадаўства.

«Будоўля каля Берасьця ідзе хуткімі тэмпамі. Мы зьвярталіся да мясцовых уладаў, але яны сказалі, што ўсё, маўляў, у парадку. Таму, перадаўшы подпісы ў Адміністрацыю прэзыдэнта, актывісты спадзяюцца, што будаўніцтва як мінімум будзе прыпынена і будзе праведзена новае грамадзкае абмеркаваньне. Жыхары пачынаюць разумець, што іх хочуць падмануць», — сказаў Раман Кісьляк.

27 лютага павінен адбыцца судовы працэс па пазове актывістаў супраць кампаніі «АйПаўэр», якая будуе завод. Таксама будзе накіраваны шэраг іншых скаргаў.

Пракуратура Берасьця вынесла афіцыйнае папярэджаньне аб недапушчальнасьці парушэньня заканадаўства аб масавых мерапрыемствах блогерам Сяргею Пятрухіну і Аляксандру Кабанаву, якія «заявілі ўльтыматум, што выйдуць у гэту нядзелю на плошчу, калі будоўля акумулятарнага заводу ня будзе прыпынена».

Узьвядзеньне акумулятарнага заводу пачалося на прамысловай пляцоўцы «Аэрапорт» у свабоднай эканамічнай зоне «Берасьце». Будаўніцтва вядзе ТАА «АйПаўэр» — рэзыдэнт СЭЗ, падрадчык — кітайскае ТАА «Аньхойская зьнешнеэканамічная будаўнічая карпарацыя». На заводзе плянуецца наладзіць поўны цыкль вытворчасьці сьвінцова-кіслотных акумулятарных батарэй.

Пад Берасьцем людзі выйшлі на сход супраць будоўлі акумулятарнага заводу

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG