Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пад Берасьцем людзі выйшлі на сход супраць будоўлі акумулятарнага заводу


У цэнтры — Мікалай Каршанкоў, намесьнік старшыні Берасьцейскага райвыканкаму падчас сустрэчы з жыхарамі
У цэнтры — Мікалай Каршанкоў, намесьнік старшыні Берасьцейскага райвыканкаму падчас сустрэчы з жыхарамі

Каля будаўнічай пляцоўкі пад Берасьцем, дзе ўзводзіцца завод па вытворчасьці акумулятараў, адбыўся сход мясцовых жыхароў з прадстаўнікамі ўладаў і заводу. Супраць будоўлі жыхары сабралі пад 5 тысяч подпісаў.

Людзі абураюцца, што перад тым, як распачынаць будоўлю шкоднай вытворчасьці, улады не спыталіся іхнай думкі.

На сходзе прысутнічала пару дзясяткаў чалавек, намесьнік старшыні Берасьцейскага райвыканкаму, намесьнік кіраўніка адміністрацыі Свабоднай эканамічнай зоны, прадстаўнік заводу.

Завод будуецца каля вёсак Хабы, Шчэбрын і Тэльмы-2, што пад Берасьцем. За два кілямэтры — рака Мухавец. Афіцыйная экалягічная экспэртыза прагназуе, што ўзьдзеяньне заводу на асяродзьдзе і чалавека будзе нязначнае. Аднак людзі ўсё роўна баяцца, што выкіды з заводу падарвуць ім здароўе.

На сёньняшнім сходзе людзі абураліся, што да самага пачатку будаўніцтва яны ня ведалі, што тут будзе менавіта завод акумулятараў. Казалі, што «публікацыі ў раённай газэце зь мізэрным накладам» з запрашэньнем на грамадзкія слуханьні яны ня бачылі.

«Хто прымаў рашэньне, што гэтая інфармацыя будзе распаўсюджана толькі ў раённай газэце і на сайце райвыканкаму? Чаму не былі задзейнічаныя ўсе берасьцейскія газэты і тэлебачаньне?» — пыталіся на сходзе людзі.

На гэта адказаў прысутны на сходзе намесьнік старшыні Берасьцейскага райвыканкаму Мікалай Каршанкоў. Ён заявіў, што так прадугледжана законам.

«Парадак правядзеньня грамадзкіх слуханьняў прыдуманы ня намі. Сёньня існуе заканадаўчы акт, які прадугледжвае, якім чынам праводзіцца грамадзкае слуханьне аб праекце ўзьдзеяньня на навакольнае асяродзьдзе. Правядзеньня грамадзкага абмеркаваньня як сустрэчы зь людзьмі, сходаў грамадзян гэты дакумэнт не прадугледжвае. Прадугледжана разьмяшчэньне інфармацыі аб правядзеньні грамадзкага абмеркаваньня ў адкрытых крыніцах інфармацыі. У дадзеным выпадку ў нас ёсьць свой раённы друкаваны орган, а таксама сайт райвыканкаму, дзе і была разьмешчаная інфармацыя аб правядзеньні грамадзкага абмеркаваньня», — адказаў Мікалай Каршанкоў.

«Такім чынам вы хацелі схаваць ад насельніцтва інфармацыю пра тое, што будзе будавацца?» — запыталіся ў чыноўніка.

«Такім чынам мы выканалі патрабаваньні заканадаўства аб правядзеньні грамадзкага абмеркаваньня. Пры гэтым мэты прыхаваць ад некага інфармацыю пра тое, што будзе нешта будавацца, абсалютна ніхто не перасьледаваў», — адказаў Мікалай Каршанкоў.

Чыноўнік яшчэ пытаўся: маўляў, з кім было абмяркоўваць, калі ніхто прэтэнзій не заявіў? Людзі адказалі, што якраз гэта і павінна было «зьбянтэжыць чыноўнікаў, што ніхто прэтэнзій не заявіў».

На пытаньне, чаму для будаўніцтва заводу выбралі менавіта гэтае месца, а не «дзе-небудзь каля закінутай вёскі», прадстаўнік адміністрацыі Свабоднай эканамічнай зоны адказаў, што праца гэтага заводу будзе патрабаваць «каля 6–7 мэгават электраэнэргіі», таму яго разьмяшчэньне тут больш выгаднае. Назваў прадстаўнік СЭЗ і колькасьць працоўных месцаў, якія зьявяцца дзякуючы заводу — 188.

Заказчыкам заводу выступае кампанія «АйПаўэр» прадпрымальніка Віктара Лемяшэўскага. Падрадчык — кітайская карпарацыя. Агульны кошт праекту — каля 20 мільёнаў даляраў.

Як сказаў Свабодзе адзін зь мясцовых жыхароў, які зьбірае подпісы супраць будоўлі гэтага заводу, колькасьць сабраных подпісаў ужо набліжаецца да 5 тысяч, і неўзабаве іх здадуць мясцовым уладам з патрабаваньнем правесьці належныя грамадзкія слуханьні.

«Зрабілі тут даліну сьмерці», — вяскоўцы супраць цэлюлёзнага заводу пад Сьветлагорскам

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG