Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Зрабілі тут даліну сьмерці», — вяскоўцы супраць цэлюлёзнага заводу пад Сьветлагорскам


«Смурод такі, што я баюся за сваіх дзяцей». 200 чалавек пратэстуюць супраць заводу пад Сьветлагорскам
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:39 0:00

«Смурод такі, што я баюся за сваіх дзяцей». 200 чалавек пратэстуюць супраць заводу пад Сьветлагорскам

Каля двухсот жыхароў вёскі Якімава Слабада Сьветлагорскага раёну ў другой палове дня 25 сьнежня выйшлі ў цэнтар паселішча пратэставаць супраць смуроду, які разносіць па навакольлі завод сульфатнай беленай цэлюлёзы, пабудаваны нядаўна на базе мясцовага цэлюлёзна-кардоннага камбінату.

Завод беленай цэлюлёзы падступае да самай Якімавай Слабады. Непадалёк і сам цэлюлёзна-кардонны камбінат, а побач зь ім — абʼяднаньне «Хімвалакно».

Яшчэ на стадыі абмеркаваньня праекту звыш 10 тысяч сьветлагорцаў, сёмая частка ўсіх жыхароў, выказалася «супраць». Лічылі, што прадпрыемстваў хімічнай прамысловасьці ў Сьветлагорску і без таго хапае, а ад новай шкоднай вытворчасьці яшчэ больш ускладніцца няпростая экалягічная сытуацыя ў горадзе і навакольных вёсках, у першую чаргу ў Якімавай Слабадзе — вёска месьціцца на ўсход ад хімічных прадпрыемстваў і, улічваючы «ружу вятроў», акурат трапляе пад прамысловыя выкіды.

І ўсё ж за сем гадоў завод сульфатнай беленай цэлюлёзы пабудавалі — кітайскімі рукамі і за кітайскія грошы.

Стыхійны сход у Якімавай Слабадзе
Стыхійны сход у Якімавай Слабадзе

Улады супакойваюць

Урачыста запусьціць прадпрыемства меліся 7 лістапада. Чакалі кіраўніка дзяржавы, але ў вызначаны дзень Аляксандар Лукашэнка ў Сьветлагорск не прыехаў.

Крыху пазьней ад кіраўнікоў цэлюлёзна-кардоннага камбінату, на інфраструктуры якога ўзьведзена новая хімічная вытворчасьць, сьветлагорцы пачулі, што пробны пуск новага заводу адбыўся яшчэ першага лістапада. Беленую цэлюлёзу тады атрымалі патрэбнай якасьці, але не ў прамысловых абʼёмах. Кітайская карпарацыя «Самсе» мае давесьці выраб цэлюлёзы да 70 працэнтаў ад праектнай магутнасьці камбінату.

Завод беленай цэлюлёзы
Завод беленай цэлюлёзы

Служба аховы навакольнага асяродзьдзя на камбінаце запэўніла і працягвае запэўніваць сьветлагорцаў, што завод беленай цэлюлёзы адпавядае ўсім экалягічным стандартам і беларускім заканадаўчым актам.

Аднак з пускам прадпрыемства ў тэставым рэжыме жыхары Якімавай Слабады (звыш тысячы чалавек) і многія гараджане пачалі адчуваць непрыемны пах.

Спэцыялісты ЦКК тлумачылі, што ўсе сьмярдзючыя арганічныя рэчывы, у якіх утрымліваецца сера, спальваюцца ў катле — усталявана нават дадатковая гарэлка. Але можа так здарыцца, што «сьмярдзючыя рэчывы неарганізавана трапляюць у атмасфэру».

Жыхары: «Чаму нас тут лічаць за быдла?»

Самі жыхары Якімавай Слабады, характарызуючы экалягічную сытуацыю ў сваім паселішчы, выкарыстоўваюць даволі моцныя эпітэты, найчасьцей — «даліна сьмерці» альбо «газавая камэра».

«Жыву я ў камунальным двухпавярховым дамку на вуліцы Сонечнай, — кажа кабета ў гадах, якая назвалася Зінаідай. — Але Сонечная яна толькі называецца. Смурод такі, што дыханьне пераймае. Нейкай тухлай капустай тхне. Нанюхаесься, што кроў з носа ідзе, крывяны ціск нельга зьбіць. Няхай на гэтым заводзе яны зробяць так, каб ачышчаліся гэтыя газы».

Гаспадыня Алена расказвае: «Павесіш мытую бялізну пасушыць — яна гэтай хіміяй набракне. Нават харчы непрыемных пахаў набіраюцца».

Пэнсіянэр Віктар сваё пытаньне адрасуе кіраўніку дзяржавы.

«Я б хацеў запытацца ў Лукашэнкі, чаму нас тут лічаць за быдла? — кажа ён. — За што нас пазбавілі права дыхаць чыстым паветрам? Выйшаў сёньня а палове на першую гадзіну — дыхаць немагчыма, проста падаеш, хочацца на сьцяну драцца. Ажно псыхічная неўраўнаважанасьць наступае. Гэта ж так ставіцца да народу — быдлам яго зрабіў».

Ахвотных выказацца багата
Ахвотных выказацца багата

Зусім нестандартна выступіў вясковец Анатоль з вуліцы Школьнай. Ён прапанаваў «падзякаваць» уладам за «завод, ад якога я ўначы дыхаць не магу».

«Пажадаем, каб да сакавіка, да выбараў у мясцовыя саветы, яны правялі трубы ад гэтага заводу ў кожны дом, каб мы наўпрост дыхалі гэтымі газамі дома», — сказаў абураны вясковец.

«Я ў дэкрэтным адпачынку — у мяне двое дзяцей, — кажа маладая маці Аляксандра. — Ведаеце, гуляць дачку важу ў Сьветлагорск, бо тут невыносны смурод. Я баюся за сваіх дзяцей. І падзецца няма куды — у нас толькі ў Якімавай Слабадзе ёсьць жытло. Кватэру прадаць немагчыма — у такім месцы яна нікому не патрэбная. Большае дзіця возім у школу ў Сьветлагорск. І дачку давядзецца вазіць у садок у горад, бо тут заставацца — гэта сьмерць».

Аляксандра зь недаверам ставіцца да афіцыйных запэўніваньняў, што гранічна дапушчальныя канцэнтрацыі шкодных выкідаў у вёсцы не перавышаныя — ні серавадароду, ні дыяксыду серы, ні аксыду азоту.

«Панове правяральшчыкі, прыяжджайце і пажывіце з тыдзень, панюхайце, замерайце і нам скажыце. Сваіх дзяцей і ўнукаў сюды прывязіце», — адчайна кажа маладая маці.

Яшчэ адна маладая жанчына Тацяна расказвае, што ў дзіцячы садок, куды ходзіць ейны сын, «санстанцыя прыяжджае рабіць замеры, калі вецер дзьме ў іншы ад вёскі бок».

«Няхай у Драздах там панюхаюць»

Вясковец, які назваўся Ўладзімірам, прапанаваў перанесьці завод у Дразды: «Няхай там панюхаюць — і будзе зразумела, перавышана канцэнтрацыя шкодных выкідаў ці не».

Вяскоўка Людміла, у сваю чаргу, дзівіцца, што завод афіцыйна нібыта не працуе, а «людзей труцяць».

«Зрабіце поўную ачыстку, пастаўце тыя катлы, каб спальваць сьмярдзючыя газы, а потым запускайце завод. Пабудавалі — дык няхай працуе завод, але працуе якасна, для людзей, для народу, а ня супраць яго. Бо нашу вёску Якімаву Слабаду зрабілі ўжо «далінаю сьмерці», — кажа яна.

Збор подпісаў.
Збор подпісаў.

Тут жа, на стыхійным сходзе, вяскоўцы сталі зьбіраць подпісы пад зваротам да мясцовых уладаў, міністэрстваў аховы здароўя, прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя, пракуратуры, Адміністрацыі прэзыдэнта. Патрабуюць разабрацца з выкідамі шкодных сьмярдзючых рэчываў новага заводу, у кароткі тэрмін давесьці яго да ладу, каб ня ставіць пад небясьпеку здароўе людзей.

Гучалі нават адчайныя прапановы адсяліць Якімаву Слабаду, прыкладам, у Чыркавічы, на процілеглы бок ад Сьветлагорску, каб людзі не пакутавалі ад новага хімічнага прадпрыемства.

Завод коштам мільярд даляраў

Будоўля новага заводу сульфатнай беленай цэлюлёзы стартавала ў 2012 годзе, калі Аляксандар Лукашэнка падпісаў указ № 391.

Першапачатковы кошт праекту складаў звыш 850 мільёнаў даляраў, зь якіх 650 мільёнаў — кітайскі крэдыт. Улетку віцэ-прэмʼер Уладзімер Сямашка заявіў, што будоўля новага заводу на аснове Сьветлагорскага ЦКК каштавала 1 мільярд даляраў.

З магчымых варыянтаў тэхналёгіі выбралі адбельваць цэлюлёзу двухвокісам хлёру.

Паводле ўраду, завод дзяржаве патрэбны. Калі яго выведуць на праектную магутнасьць, Беларусь перастане імпартаваць беленую цэлюлёзу, а наадварот — сама пачне прадаваць яе за мяжу.

Якое месца ў гэтых плянах займае здароўе жыхароў Якімавай Слабады ды Сьветлагорску?

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG