Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Фальшаваньне службовых дакумэнтаў». Таямнічы судовы працэс у Берасьці


Ілюстрацыйнае фота ©Shutterstock
Ілюстрацыйнае фота ©Shutterstock

Суд, які можа быць зьвязаны са справай «акумулятарнага караля» Віктара Лемяшэўскага, фармальна пачаўся 14 лютага. Ні на адно паседжаньне абвінавачаная берасьцейская чыноўніца не зьявілася.

2 ліпеня 2019 году ў СМІ зьявілася інфармацыя пра тое, што Генэральная пракуратура Беларусі праводзіць праверку сытуацыі з увядзеньнем у экспюатацыю акумулятарнага заводу ля Берасьця. Праверка пачалася неўзабаве пасьля таго, як пра завод упершыню за два гады актыўных берасьцейскіх пратэстаў згадаў сам Аляксандар Лукашэнка. Паведамлялася, што пракуратура распачала яе непасрэдна на даручэньне кіраўніка краіны.

Празь некалькі дзён стала вядома пра затрыманьне кіраўніка кампаніі «ПАК-Кіраваньне» Віктара Лемяшэўскага, а таксама шэрагу мэнэджараў зьвязанага зь ім прадпрыемства «Белінвэстгандаль-Сплаў» зь Белаазёрску.

Паводле афіцыйнай інфармацыі, Лемяшэўскага і іншых абвінавацілі па артыкулах 430 і 431 КК Беларусі — дача і атрыманьне хабару. Расьсьледаваньнем заняліся ў КДБ. Там паведамілі, што «ў ходзе сьледзтва будзе дадзеная прававая ацэнка дзеяньням і іншых службовых асоб, у тым ліку прадстаўнікоў дзяржаўных органаў».

Ніякай іншай афіцыйнай інфармацыі з таго часу пра справу Лемяшэўскага не зьяўлялася. Вядома толькі, што ў апошнія дні 2019 году яго адпусьцілі з-пад варты. Паводле неафіцыйнай інфармацыі, Віктар Лемяшэўскі знаходзіцца ў сябе дома ў Пінску і не выяжджае за межы раёну.

Прадстаўнікі дзяржаўных органаў

14 лютага 2020 году суд Ленінскага раёну Берасьця павінен быў пачаць разгляд справы паводле часткі 1 артыкулу 427 — службовае фальшаваньне.

Абвінавачаная — Юлія Якоўчык, супрацоўніца Берасьцейскай абласной лябараторыі аналітычнага кантролю, якая ўваходзіць у структуру Рэспубліканскага цэнтру аналітычнага кантролю навакольнага асяродзьдзя. Займаецца лябараторыя заборам проб і правядзеньнем вымярэньняў у сфэры аховы навакольнага асяродзьдзя, пасьля чаго выдае заключэньні, на падставе якіх улады могуць даваць альбо не даваць дазвол на ўвядзеньне ў эксплуатацыю новых прамысловых прадпрыемстваў.

Першае паседжаньне ў справе Якоўчык працягвалася літаральна некалькі хвілінаў. Супрацоўніца лябараторыі на працэс не прыйшла. Як паведаміла суду яе адвакатка, абвінавачаная не змагла зьявіцца ў залі паседжаньняў праз хваробу, таму просіць перанесьці разгляд справы на больш позьні тэрмін. Судзьдзя з гэтым пагадзілася і прапанавала зноў сабрацца ў сакавіку. Аднак працэс не адноўлены дагэтуль.

«Працэс прыпынены, — паведамілі Свабодзе ў судзе Ленінскага раёну Берасьця 22 красавіка. — У сувязі з хваробай абвінавачанай. Мы пакуль ня ведаем, калі ён адновіцца».

«Пацьвярджаюць выкананьне акумулятарным заводам заканадаўства»

Некаторыя акалічнасьці справы Якоўчык сталі вядомымі. У прыватнасьці, яе абвінавачваюць у занясеньні заведама непраўдзівых зьвестак і запісаў у пратакол правядзеньня вымярэньняў у галіне аховы навакольнага асяродзьдзя пра колькасьць сьвінцу ў зямлі.

Тое, што абвінавачаная напісала ў пратакол, паводле матэрыялаў справы, пацьвярджае факт выкананьня акумулятарным заводам кампаніі «Ай-Паўэр» заканадаўства Беларусі аб ахове навакольнага асяродзьдзя. Акрамя гэтага, у справе Юліі Якоўчык ёсьць яшчэ адзін эпізод, зьвязаны з «імкненьнем пазьбегнуць прыцягненьня да дысцыплінарнай адказнасьці ў выпадку выяўленьня факту службовага фальшаваньня», а таксама «аказаньня паслугі свайму былому кіраўніку».

Таксама на першым судовым паседжаньні стала вядома, што Юлія Якоўчык на момант злачынства займала кіроўную пасаду ў Берасьцейскай абласной лябараторыі аналітычнага кантролю. Крымінальны артыкул, паводле якога яна абвінавачваецца, прадугледжвае пакараньне ад штрафу да 2 гадоў пазбаўленьня волі.

Дзе цяпер знаходзіцца абвінавачаная Юлія Якоўчык, дакладна невядома. Невядомы таксама і характар яе хваробы, якая перашкаджае прысутнічаць на судзе. Паводле інфармацыі праціўнікаў будаўніцтва акумулятарнага заводу ля Берасьця, Якоўчык можа знаходзіцца ў радзільні. Яны некалькі разоў прыходзілі на паседжаньне ў яе справе, аднак так і не пабачылі абвінавачанай.

«Юлія ў нас больш не працуе, — сказалі Свабодзе ў Берасьцейскай абласной лябараторыі аналітычнага кантролю. — Яна звольнілася яшчэ ўвосень мінулага году. Што зь ёй цяпер, мы ня ведаем».

Паводле дырэктара кампаніі «Ай-Паўэр» Дзьмітрыя Бутава, акумулятарны завод ля Берасьця можа быць запушчаны ўжо ў другім квартале 2020 году — да ліпеня. Пратэсты праціўнікаў заводу трываюць трэці год.

Пратэсты супраць акумулятарнага заводу ў Берасьці. Што важна ведаць

Месцазнаходжаньне новага акумулятарнага заводу пад Берасьцем
Месцазнаходжаньне новага акумулятарнага заводу пад Берасьцем
  • Завод пабудавалі каля вёсак Хабы, Шчэбрын і Тэльмы-2, што пад Берасьцем. За два кілямэтры — рака Мухавец. Афіцыйная экалягічная экспэртыза прагназавала, што ўзьдзеяньне заводу на асяродзьдзе і чалавека будзе нязначнае. Аднак людзі ўсё роўна баяцца, што выкіды з заводу падарвуць ім здароўе.
  • Пратэсты супраць акумулятарнага заводу ў Берасьці трывалі ад пачатку 2018 году, калі людзі даведаліся пра будоўлю. Праціўнікі заводу лічаць вытворчасьць «бруднай» і небясьпечнай, заяўляюць пра парушэньні працэдураў будаўніцтва.
  • Актывісты сабралі больш за 37 тысяч подпісаў супраць заводу ды накіравалі іх у адміністрацыю Лукашэнкі ў лютым 2018 году. Аднак урадавая камісія ня выявіла парушэньняў у рэалізацыі праекту па будаўніцтве заводу.
  • У траўні 2018 году актывісты накіравалі ў адміністрацыю прэзыдэнта больш за 2,5 тысячы подпісаў за адстаўку чыноўнікаў Берасьця, бо тыя «ігнаруюць інтарэсы жыхароў Берасьцейскага рэгіёну і сьвядома заплюшчваюць вочы на шкоду ад заводу».
  • У верасьні 2018 году на будоўлі заводу выявілі парушэньні пажарнай бясьпекі.
  • У чэрвені 2019 году падчас пусканаладачных работ на заводзе зафіксавалі перавышэньне забруджвальных выкідаў у атмасфэрнае паветра.
  • 14 чэрвеня старшыня Берасьцейскага аблвыканкаму Анатоль Ліс прыпыніў будаўніцтва заводу да ліквідацыі выяўленых парушэньняў.
  • У ліпені 2019 праект акумулятарнага завода атрымаў адмоўнае заключэньне дзяржаўнай экалягічнай экспэртызы, У Мінпрыроды паведамілі, што прычынай стала прадстаўленьне недакладных дадзеных. У жніўні праектную дакумэнтацыю паўторна падалі на экспэртызу, але пазьней кампанія адклікала дакумэнты «па прычыне неабходнасьці ўсебаковага і больш поўнага адлюстраваньня інфармацыі аб унесеных зьменах».
  • 24 лютага 2020 году праектную дакумэнтацыю акумулятарнага завода пасьля карэкціроўкі зноў падалі на дзяржаўную экалягічную экспэртызу. Грамадзкая экспэртыза, якую даручаў правесьці Лукашэнка, правалілася.
  • 22 чэрвеня 2020 году Лукашэнка пааабяцаў правесьці рэфэрэндум наконт лёсу заводу пасьля прэзыдэнцкіх выбараў.
  • 15 сакавіка 2021 году завод увялі ў эксплюатацыю. У правядзеньні рэфэрэндуму актывістам адмовілі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG