Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Статкевіч, Губарэвіч, Чэрачань, Гайдукевіч, Зялкоўскі. Як палітыкі рыхтуюцца да прэзыдэнцкіх выбараў


Ілюстрацыйнае фота. Галасаваньне на прэзыдэнцкіх выбараў 2015 году
Ілюстрацыйнае фота. Галасаваньне на прэзыдэнцкіх выбараў 2015 году

Прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі прызначылі на 9 жніўня. Свабода распытала палітыкаў, як яны зьбіраюцца весьці палітычную кампанію ва ўмовах пандэміі.

Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>

Чэрачань: «Зробім усё неабходнае, каб сабраць 100 тысяч подпісаў»

Сяргей Чэрачань, раней сябра Камуністычнай партыі, а цяпер старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамады, ад удзелу ў выбарах адмаўляцца не зьбіраецца, хоць «гэта і будзе няпроста».

Сяргей Чэрачань
Сяргей Чэрачань

«Гэта складана, бо нашыя актывісты з ініцыятыўнай групы, асабліва старэйшага ўзросту, непакояцца. Але нам трэба праводзіць працу і дамагацца вынікаў. Мы зробім усё неабходнае, каб набраць 100 тысяч і ўзяць удзел у выбарах. У нас ужо часткова сфармаваная ініцыятыўная група. Мы плянавалі, што ў нас будзе яшчэ тры тыдні, але цяпер мы мусім усё рабіць у хуткім рэжыме», — кажа Сяргей Чэрачань.

Статкевіч: «Лукашэнка горшы за любы вірус»

Мікола Статкевіч на выбары вылучае «каля 30 пратэставых кандыдатаў» і сваю кандыдатуру таксама. Подпісы Статкевіч і паплечнікі зьбіраць ня будуць, а хочуць скарыстаць зарэгістраваныя ініцыятыўныя групы для магчымасьці збору людзей на вуліцы.

Мікола Статкевіч
Мікола Статкевіч

Ужо 14 траўня Мікола Статкевіч і яго паплечнікі панясуць дакумэнты на рэгістрацыю ў ЦВК і запрашаюць «далучыцца прыхільнікаў сумленных выбараў».

«Лукашэнка нашмат горшы за любы вірус. Мы ня можам інакш вырашыць гэтую праблему, апроч як масавымі працяглымі мірнымі акцыямі пратэсту. Мы іх пачынаем з выкарыстаньнем працэдуры выбараў. Першая акцыя адбудзецца 14 траўня, я і кандыдаты пратэсту панясём на рэгістрацыю сьпісы ініцыятыўных груп.

Я заклікаю ўсіх сяброў маёй ініцыятыўнай групы і ўсіх прыхільнікаў сумленных выбараў прыйсьці туды і данесьці нашыя подпісы. Гэта ня мітынг, не дэманстрацыя. Улічваючы, што цяпер пандэмія, заклікаю прыходзіць у мэдыцынскіх масках, мы і там таксама будзем іх раздаваць», — сказаў Мікола Статкевіч.

Губарэвіч: «Улада ня ўпэўненая нават у сваёй сыстэме фальсыфікацый»

Удзельнікі праймэрыз, а гэта Вольга Кавалькова, Юрась Губарэвіч і Мікалай Казлоў, пакуль ня вызначылі, хто будзе адзіным кандыдатам ад правацэнтрысцкіх сілаў. Мусіў быць праведзены кангрэс, але да рэгістрацыі ініцыятыўных груп правесьці яго не пасьпеюць.

Юрась Губарэвіч, Вольга Кавалькова і Мікалай Казлоў (зьлева направа)
Юрась Губарэвіч, Вольга Кавалькова і Мікалай Казлоў (зьлева направа)

«З кандыдатурай ня вызначыліся, але ініцыятыўная група ўжо сфармаваная па факце. Далей мы выпрацоўваем супольнае рашэньне, якое мы агучым сёньня ці заўтра з раніцы. Выглядае, што ўсе працэдуры праймэрыз мы прайсьці не пасьпеем. Будзем абапірацца на тое, што ёсьць на цяперашні час. Лукашэнка, прызначаючы выбары раней, чым плянавалася, робіць усё магчымае, каб выбары проста не адбыліся. Ён ня ўпэўнены ў сваім апараце фальсыфікацый. Рэальны рэйтынг на фоне пандэміі блізкі да нуля», — кажа Юрась Губарэвіч.

Палітык зважае, што ва ўмовах эпідэміі выбары могуць прайсьці для ўлады «абсалютна стэрыльна», нават міжнародныя назіральнікі могуць не прыехаць.

Гайдукевіч: гэтыя выбары важныя для краіны

Старшыня Лібэральна-дэмакратычнай партыі Алег Гайдукевіч паведаміў у сваім акаўнце на Facebook, што ў ягонай ініцыятыўнай групе ўжо 4 тысячы чалавек.

Алег Гайдукевіч
Алег Гайдукевіч

«Гэтыя выбары вельмі важныя для краіны і вызначаць будучыню Беларусі. Яны ўплываюць на яе будучыню, вызначаць тое, якім шляхам мы пойдзем далей. Пасьля афіцыйнай рэгістрацыі кандыдатам у прэзыдэнты пляную аб’явіць аб правядзеньні Кангрэсу патрыятычных сілаў, які правядзе ЛДП», — падсумаваў кіраўнік Лібэральна-дэмакратычнай партыі Алег Гайдукевіч.

Як палітык будзе зьбіраць подпісы, ён не ўдакладніў.

Віталь Зялкоўскі: Сваю каманду буду абараняць і юрыдычнымі, і мэдычнымі сродкамі

ІТ-бізнэсовец Віталь Зялкоўскі таксама ня мае намеру адмаўляцца ад удзелу ў выбарах. У ЦВК на запыт аб магчымасьці сабраць подпісы онлайн Віталю Зялкоўскаму адмовілі.

Віталь Зялкоўскі
Віталь Зялкоўскі

«У мяне ёсьць ліст ЦВК пра тое, што нельга выкарыстоўваць электронны спосаб збору подпісаў. Таксама ёсьць водгук пра мае ІТ-прапановы з Савету Рэспублікі. Мне і маёй камандзе давядзецца прытрымлівацца заканадаўства, калі ўмовы зусім не пагоршацца», — сказаў Свабодзе Віталь Зялкоўскі.

Віталь Зялкоўскі падчас правядзеньня кампаніі плянуе прытрымлівацца «міжнародных стандартаў», а сваю каманду абараняць як «мэдычнымі, так і юрыдычнымі сродкамі».

Не зьбіраецца адмаўляцца ад удзелу ў выбарах і Аляксандар Лукашэнка.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG