Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хто яшчэ хоча быць прэзыдэнтам Беларусі. Сьпіс


Цяперашні кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка на цырымоніі інаўгурацыі прэзыдэнта 6 лістапада 2015 году
Цяперашні кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка на цырымоніі інаўгурацыі прэзыдэнта 6 лістапада 2015 году

Палата прадстаўнікоў прызначыла шостыя ў гісторыі Беларусі выбары прэзыдэнта на 9 жніўня. Апроч дзейнага кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнкі пра намер балятавацца ў прэзыдэнты заявілі больш за дзесяць чалавек. Свабода расказвае, хто гэтыя людзі.

Кампанія праймэрыз

У кампаніі па вылучэньні адзінага кандыдата ад правацэнтрысцкіх сілаў на сёньня ўдзельнічаюць тры асобы: лідэр руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч, старшыня АГП Мікалай Казлоў і сябра аргкамітэту па стварэньні партыі БХД Вольга Кавалькова. У інтэрнэт-галасаваньні лідзіруе Мікалай Казлоў, але гэта яшчэ не канчатковы вынік.

Юрась Губарэвіч
Юрась Губарэвіч

Юрась Губарэвіч двойчы балятаваўся ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў і адзін раз дэпутатам у мясцовыя саветы. Дэпутатам мясцовых саветаў быў абраны ў 2003 годзе. Быў даверанай асобай кандыдата ў прэзыдэнты Аляксандра Мілінкевіча ў 2006 годзе. У 2007–2009 гадах — намесьнік старшыні партыі БНФ. З 2016 году ўзначальвае рух «За свабоду».

Мікалай Казлоў
Мікалай Казлоў

Мікалай Казлоў — былы міліцыянт, звольніўся з праваахоўных органаў у званьні падпалкоўніка ў 2008 годзе і ўступіў у Аб’яднаную грамадзянскую партыю.

З таго часу ў палітыцы.

Вольга Кавалькова
Вольга Кавалькова

Вольга Кавалькова — сустаршыня аргкамітэту па стварэньні партыі БХД. Удзельнічала ў парлямэнцкіх выбарах, дэпутатам ня стала.

Раней з праймэрыз выйшлі Павал Севярынец і Ганна Канапацкая. Павал Севярынец асобна ў выбарах удзельнічаць не зьбіраецца, бо «выбараў няма». Ці будзе прымаць удзел у выбарах Ганна Канапацкая па-за праймэрыз, на вечар 7 траўня невядома.

Асобныя беспартыйныя кандыдаты

Віталь Зялкоўскі
Віталь Зялкоўскі

Віталь Зялкоўскі — прадпрымальнік у сфэры ІТ. Яго празвалі «суворым турыстам», бо стаў папулярны як мэм за манеру фатаграфавацца каля сусьветных помнікаў з сур’ёзным тварам. Параўноўвае сябе з украінскім прэзыдэнтам Уладзімірам Зяленскім. Не выключаў, што будзе балятавацца ад нейкай партыі ці руху. Было вядома пра сяброўства Віталя Зялкоўскага ў Лібэральна-дэмакратычнай партыі. Але пакуль невядома, ці ад партыі будзе вылучацца Зялкоўскі, ці асобна.

Сяргей Ціханоўскі
Сяргей Ціханоўскі

Сяргей Ціханоўскіблогер, раней займаўся бізнэсам у сфэры рэклямы, ужо год як вядомы блогер. Узяў у арэнду аўтадом і езьдзіць па Беларусі, праводзіць сустрэчы з падпісчыкамі, якія трансьлюе ў сваім блогу. На вечар 7 траўня затрыманы міліцыяй.

Удзельнікі партый і рухаў

Алег Гайдукевіч
Алег Гайдукевіч

Алег Гайдукевіч, старшыня Лібэральна-дэмакратычнай партыі, зьмяніў на гэтай пасадзе ў 2019 годзе свайго бацьку — Сяргея Гайдукевіча, які неаднойчы балятаваўся ў прэзыдэнты. На выбарах у Палату прадстаўнікоў летась стаў дэпутатам. Раней балятаваўся ў парлямэнт у 2016 годзе, тады дэпутатам ня стаў. Служыў у міліцыі, звольніўся ў званьні палкоўніка.

Сяргей Чэрачань
Сяргей Чэрачань

Сяргей Чэрачань — раней сябра Камуністычнай партыі, а цяпер старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамады. Ідзе ў кандыдаты, каб «набрацца досьведу». У 2016 годзе балятаваўся ў Палату прадстаўнікоў ад Камуністычнай партыі.

У выбарах дакладна будуць прымаць удзел партыя «Справядлівы сьвет» і кампанія «Гавары праўду». Але хто будзе кандыдатам ад абедзьвюх палітычных адзінак, на вечар 7 траўня невядома.

Аляксандар Ярашук
Аляксандар Ярашук

Аляксандар Ярашук — лідэр кангрэсу незалежных прафсаюзаў, раней заяўляў пра свой удзел у выбарах. Пакуль ня можа дакладна сказаць, ці адбудзецца гэта на фоне пандэміі каранавірусу, але «не выключае любога разьвіцьця падзей».

Кандыдаты пратэсту Мікалая Статкевіча

Яшчэ ў лютым Мікалай Статкевіч паабяцаў высунуць 30 кандыдатаў у прэзыдэнты. Рух Статкевіча бачыць выбары як нагоду для пратэстаў, а са статусам кандыдата людзей прасьцей сабраць на вуліцы. Ужо вядома, што сярод паплечнікаў Мікалая Статкевіча зьбіраюцца вылучацца Тамара Патоцкая, Аляксей Зуевіч, Вікторыя Хаценка, Мікалай Салянік, Аляксандар Грачышнікаў, Рэгіна Беркус, Вольга Мікалайчык.

Мікалай Статкевіч
Мікалай Статкевіч

Зьбіраецца падаваць дакумэнты на рэгістрацыю і сам Мікалай Статкевіч, але яго могуць не зарэгістраваць празь нязьнятую судзімасьць.

Мікалай Статкевіч быў кандыдатам на выбарах прэзыдэнта ў 2010 годзе, пасьля яго асудзілі на 6 гадоў пазбаўленьня волі.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG