Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бабарыка запісаў відэазварот: верыць, што можа сабраць 150 тысяч подпісаў


Віктар Бабарыка.
Віктар Бабарыка.

Былы кіраўнік «Белгазпрамбанку» Віктар Бабарыка запісаў відэазварот, у якім заклікаў далучацца да ягонай ініцыятыўнай групы, каб на выбарах «у сьпісах для галасаваньня было больш за аднаго чалавека».

Бабарыка разважае, што «мінімальна камфортны бар’ер — пяць тысяч чалавек» для збору подпісаў, каб кожны мог сабраць па 30 подпісаў, а столькі знаёмых ёсьць у кожнага, «гэта тэлефонная кніжка, напэўна, да літары І або К». Але Бабарыка мяркуе, што нават у ініцыятыўную групу можна сабраць 150 тысяч чалавек, каб кожнаму было дастаткова паставіць свой подпіс.

Чальцам ініцыятыўнай групы ён абяцае даць поўны набор агітацыйных матэрыялаў, каб яны маглі нічога не тлумачыць, а проста «ўключыць ролік». Таксама ён абяцае ўзгадняць з чальцамі ініцыятыўнай групы, дзе і калі яны могуць «пасядзець на пікеце» або «прайсьці па адрасах».

Бабарыка дадаў, што асэнсоўвае праблему з эпідэміялягічнай сытуацыяй пры пандэміі каранавірусу, таму і прапануе замест збору звыш 100 тысяч подпісаў чальцамі ініцыятыўнай групы сабраць саму групу памерам у больш як 100 тысяч чалавек.

Зварот быў апублікаваны за два дні да канца прыёму дакумэнтаў аб рэгістрацыі ініцыятыўных групаў кандыдатаў у прэзыдэнты — Цэнтральная выбарчая камісія рэгіструе іх да 15 траўня ўключна.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG