Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Месца лідэра апазыцыі ў Беларусі — свабоднае». Што яшчэ паказалі праймэрыз


Палітыкі, якія падалі заяўку на ўдзел у выбарах адзінага кандыдата ў прэзыдэнты ад апазыцыі
Палітыкі, якія падалі заяўку на ўдзел у выбарах адзінага кандыдата ў прэзыдэнты ад апазыцыі

Удзельнікі праймэрыз ад апазыцыі зрабілі заяву, што ня будуць вызначаць адзінага кандыдата па выніках праймэрыз. На гэтай ідэі паставілі апошнюю тлустую кропку.

Сьцісла:

  • Праймэрыз тэарэтычна маглі мець ускосны, але таксама карысны вынік — скансалідаваць хай бы і пэўную частку апазыцыі, прадэманстраваць, што апазыцыя здольная не адно сварыцца і лаяцца паміж сабой
  • Атрымалася як у рамане Агаты Крысьці «Дзесяць нэгранятаў», дзе ў кампаніі, замкнёнай на высьпе, штодзень памірае чарговы пэрсанаж
  • Што пасварацца літаральна ўсе з усімі — такую вяршыню палітычнага «майстэрства» было складана прадбачыць нават самым суровым крытыкам
  • Праймэрыз паказалі і грамадзтву, і нават яго апазыцыйна настроенай частцы, што месца палітычнага лідэрства хаця б гэтай часткі грамадзтва —​ пустое.

Ня тое, каб ідэя гэтая ад самага свайго пачатку выклікала вялікае натхненьне ў сваім першасным, афіцыйным сэнсе. Першасны сэнс быў — вылучыць адзінага кандыдата ад часткі апазыцыі, які ад гэтага складаньня сілаў атрымае шанцы рэальна паспаборнічаць з Лукашэнкам за ўладу.

На гэта, напэўна, не разьлічваў амаль ніхто, у тым ліку і ўдзельнікі працэсу. Але праймэрыз тэарэтычна маглі мець ускосны, але таксама карысны вынік — кансалідаваць хай бы і пэўную частку апазыцыі, вызначыць яе адзіны голас, прадэманстраваць, што апазыцыя здольная не адно сварыцца і лаяцца паміж сабой.

Сьціпленькая, скажам наўпрост, мэта, але ў прынцыпе, тэарэтычна, дасягальная. Удзельнікі праймэрыз маглі сустракацца зь людзьмі, зьбіраць галасы ў падтрымку онлайн, вызначыць на падставе гэтых працэдураў найлепшага, павіншаваць яго і рыхтавацца да супольнай кампаніі зь ім на чале.

А што атрымалася на самой справе? Проста паводле раману Агаты Крысьці «Дзесяць нэгранятаў», дзе ў кампаніі, замкнёнай на высьпе, штодзень памірае чарговы пэрсанаж.

Тут ніхто не памёр, дзякаваць Богу. Але падобна. Спачатку з працэсу выключылі Ганну Канапацкую. Потым Павал Севярынец, абвінаваціўшы Юрася Губарэвіча ў маніпуляцыях пры галасаваньні, сам бразнуў дзьвярыма. Неўзабаве за Севярынцам адправіўся прэч Аляксей Янукевіч. Пасьля падвядзеньня вынікаў онлайн-галасаваньня разгарэлася гучная звада паміж згаданым Губарэвічам і Віталём Рымашэўскім, партыйным калегам яшчэ адной удзельніцы праймэрыз — Вольгі Кавальковай.

І тут нават няважна, хто меў рацыю ў гэтых гарачых баталіях. Важны канчатковы вобраз поўнай анігіляцыі ўсіх шаноўных удзельнікаў працэсу.

Мяркую, што менавіта такога «ідэальнага» выніку не чакалі нават самыя суровыя крытыкі праймэрыз. Што яго ўдзельнікі абавязкова пасварацца — гэта прадказвалі і гэтага асьцерагаліся многія. Але што пасварацца літаральна ўсе з усімі — такую вяршыню палітычнага «майстэрства» было складана прадбачыць.

І на рэжым асабліва ня сьпішаш. Ня выключана, што і ён не зусім ужо стаяў у баку, але наўрад ці яму па сілах было дасягнуць такога аглушальнага «посьпеху».

Пераважна самі. І калі праймэрыз былі спробай даказаць здольнасьць да хаця б мінімальнай кансалідацыі, яны аказаліся бліскучым і неабвяргальным публічным доказам дакладна адваротнага.

Лаяць удзельнікаў праймэрыз нават няма асаблівай ахвоты. Проста яны паказалі і грамадзтву, і нават яго палітызаванай, апазыцыйна настроенай частцы, што месца палітычнага лідэрства хаця б гэтай часткі грамадзтва пустое. Тут нават не пра прэзыдэнцкія выбары, хаця і пра іх. А пра прадстаўніцтва інтарэсаў ладнай часткі беларускага народу, якой надзвычай абрыдлі беларускія парадкі.

Дык вось месца — свабоднае, дарога — свабодная. Хто яго зойме — Канапацкая, Ціханоўскі, Цапкала, Бабарыка, Матолька? Ня ведаю. Можа і ніхто зь іх. Але ў сьвятле яскравай анігіляцыі праймэрыз стала відавочна, што месца свабоднае. І хаця настолькі пераканаўчая дэманстрацыя гэтага не ўваходзіла ў пляны арганізатараў праймэрыз, іх можна за яе нават падзякаваць.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG